Надзея Салодкая нарадзілася ў в. Шэркіна Лёзненскага раёна. Пасля заканчэння васьмі класаў Лёзненскай СШ № 2 і полацкага медвучылішча працавала ў Удзелаўскай участковай бальніцы на Глыбоччыне, потым – у полацкай аб’яднанай газеце. Па-сапраўднаму захапілася паэзіяй з 1996 г. Супрацоўнічае з кампазітарамі Ізмаілам Капланавым і Леанідам Захлеўным. Творы Н.Салодкай друкаваліся ў мясцовай, абласной і рэспубліканскай перыёдыцы.

Знічка
Дакрануся пяшчотна музыкай,
Абудзіўшы эфір і цені,
На задумлівых промнях вузенькіх
Затрымаю сабой імгненне.

Затрымаю слязу нястрымную
Па-над вірам тугі страшэннай,
Каб з высокай празрыстай зімнасці
Знічка ўпала ў зямлю насеннем.

Узарваўшы маўчанне змрочнае,
Цішыню скалану прызнаннем
І паверу ў святло прарочае
І у збытнасць любых жаданняў.

Расхінецца душа у споведзі
Перад светам і перад любым,
Каб на цёплай зямной асноведзі
Не кранула пяшчоту згуба.

Могілкі ў Еркаўцах*
За вузкай мяжой, у канцы агародаў
Вароты – нібы ў іншасвет.
Стаяць у варотах бярозак чароды,
Апошні сабой захінаючы след.

Направа палова – няскошана поле,
Налева – клады і крыжы.
Здалёку наўсцяж палымнеюць півоні,
Высока над імі цянёты вяршынь.

У цесным суседстве кіпучая квецень
І холад каменных муроў.
На кожнай магіле заплаканай свечкай
Застыла ад жалю збялелая кроў.

Высокія думы, самота маўчання,
За лёсам не доўжыцца лёс,
Зямная пяшчота, малітва, каханне...
Усё пад суладдзем нябёс.

* * *
Пазычаю прасторы –
Как глыбей уздыхнуць.
Катушкі ды каморы
Толькі гнуць, толькі гнуць.

Зноўку свет не ў гуморы:
Кухталі ды грызня
Паміж заўтра і ўчора
На рысталішчы дня.

Скамянелая існасць,
Як маўклівая здань,
Свет – дваісты, траісты,
Тут і строма, і твань.

А пазыку, вядома ж,
Трэба ўрэшце вяртаць...
І шалёная стома...
Каб нічога не знаць...

* * *
Ну хто не хоча ў памяці застацца –
Дачкою, сынам, шчодрасцю радка...
Самім сабе аднойчы даць адказ:
Ну хто не хоча ў памяці застацца?
Няма радней радзіннага кутка,
Ён – сховы, стогны, гонар, чынны радца.
Ну хто не хоча ў памяці застацца –
Дачкою, сынам, шчодрасцю радка...

* * *
Мне красою тваёю дыхаць
І ў крыніцы твае глядзець –
Можаш прыгаршчай кінуць ліха,
Можаш песню са мной запець. Цішыня вечароў вясковых,
Гарадскі звычаёвы грай –
Маёй памяці вечнай сколак ,
Ты – сявенька, жуда і рай.

Мне тваёю хрыпець задышкай
І маліцца крыжам тваім.
Ці бывае любові лішку?
Па-над стромай адной стаім...


* Вясковыя могілкі ў Глыбоцкім раёне, дзе пахаваны муж.