Генры Ноўвэн

Духоўнае жыццё з’яўляецца дарам Духа Святога, які пераносіць нас у свет Божай любові. Аднак гэта не азначае, што мы павінны пасіўна чакаць, пакуль гэты дар сам да нас прыйдзе. Езус кажа, каб мы дабіваліся Божага Валадарства. Жаданне нечага дасягнуць грунтуецца не толькі на імкненні, але таксама на моцнай рашучасці. Духовае жыццё патрабуе ад чалавека намаганняў. Сілы, якія будуць імкнуцца ізноў зацягнуць нас у свет, напоўнены клопатам, нялёгка адолець. «Як жа цяжка (...) — усклікае Езус — увайсці ў Валадарства Божае» (Мк 10, 23). І дзеля таго, каб нас пераканаць у неабходнасці цяжкай працы, кажа: «Калi хто хоча iсцi за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой i следуе за Мною» (Мц 16, 24).

Тут мы дакранаемся да пытання дысцыпліны духоўнага жыцця. Без яе духоўнае жыццё чалавека немагчымае. Гэта іншы бок жыцця чалавека, які з’яўляецца вучнем Хрыста. Практыка духоўнай дысцыпліны робіць нас больш чуйнымі да ціхага, лагоднага голасу Бога. Прарок Ілля сустрэў Бога не ў моцным ветры і не ў землятрусе, не ў полымі, але ў ціхім голасе (пар. 1 Вал 19, 9-13). Дзякуючы практыкаванню духоўнай дысцыпліны мы становімся ўважлівымі да гэтага голасу, і калі чуем яго, ахвотна адказваем.

Звычайна ў штодзённым жыцці нас атачае такая колькасць знешніх і ўнутраных шумоў, што пачуць Бога, які звяртаецца да нас, вельмі цяжка. Часта мы становімся глухімі, няздольнымі распазнаць, калі Бог нас кліча, і тым больш мы не ў стане зразумець, куды Ён нас кліча. Нашае жыццё становіцца абсурдам. Слова «абсурд» паходзіць ад лацінскага surdus, што азначае «глухі». Духоўнае жыццё патрабуе дысцыпліны, таму што мы павінны навучыцца слухаць Бога, які прамаўляе да нас кожную хвіліну, але, на жаль, мы рэдка Яго чуем. Калі мы гэтаму навучымся, нашае жыццё стане паслухмяным. Слова «паслухмяны» паходзіць ад лацінскага audire, што азначае «слухаць». Духоўная дысцыпліна неабходная для таго, каб паступова перайсці ад абсурду да паслухмянага жыцця, ад жыцця, напоўненага тлумным клопатам, да жыцця, у якім можна знайсці крыху вольнай прасторы, што робіць магчымым слуханне Бога і імкненне выконваць Ягоную волю. Жыццё Езуса было жыццём паслухмянасці. Ён заўсёды слухаў Айца, прыслухоўваўся да Яго голасу, быў чуйным да Ягоных сл оваў. Езус увесь быў быццам «адным вухам». І менавіта ў гэтым заключаецца сэнс сапраўднай малітвы — быць «вухам» для Бога. Сэнсам малітвы з’яўляецца слуханне, паслухмянае трыванне ў прысутнасці Творцы.

Такім чынам, духоўная дысцыпліна з’яўляецца засяроджаным намаганнем, мэта якога — стварыць у жыцці ўнутраную і знешнюю прастору, у якой можна было б практыкавацца ў паслухмянасці. Дзякуючы гэтай дысцыпліне мы не дазваляем свету запаўняць нашае жыццё да такой ступені, калі не застаецца месца для слухання. Дысцыпліна вызваляе нас [ад свету] для малітвы ці — як бы дакладней сказаць — дазваляе Духу Божаму маліцца ў нас.

Працяг
Пераклад з польскай мовы Таццяны Мухляды