Дарагія чытачы! З гэтага нумара мы распачынаем у часопісе новую рубрыку – «Жыццё і вечнасць». Шчыра запрашаем далучацца і вас да гэтай добрай агульнай справы. Лёс кожнага чалавека не абыходзіцца без нейкіх яркіх жыццёвых сустрэч, падзей, маленькіх эпізодаў, сумных ці радасных, звязаных менавіта з верай. Мы заахвочваем вас успомніць іх і падзяліцца імі на старонках «Ave Maria». Давайце памятаць, што прыклады іншых, горкія ці радасныя, заўсёды маюць сваю вартасць – яны павучальныя.

Быў 1995 год. У маёй сяброўкі памірала стрыечная 40-гадовая сястра Марыя. Не так даўно яна пахавала мужа і жыла з дачкою-студэнткаю ў Мінску. Дактары вельмі позна выявілі ў яе рак страўніка і нават не сталі рабіць аперацыю. Жанчына хутка згасала.

Марыя паходзіла з сям’і католікаў, карані якой мацуюцца на Стаўбцоўшчыне. Прыехаўшы дзяўчынай у Мінск, яшчэ ў атэістычны час, веру сваю не практыкавала. Але яе маці, дробненькая, працавітая і вельмі прыемная жанчына, Ядзя, малілася і за сябе, і за сваіх дзяцей. Іх у яе было двое – Марыя і Іван. Менавіта яна і вымаліла ў Бога для дачкі вялікую ласку навяртання і шчаслівую смерць. Шчаслівая смерць — гэта не тое, што заснуў і не прачнуўся, хоць душа брудная ад грахоў. Шчаслівая смерць – гэта праз пакуты і шчыры жаль за грахі пайсці ў шчаслівую вечнасць з Богам і да Бога.

Даведаўшыся пра цяжкі стан Марыі, яе узялі ў духоўную апеку прадстаўнікі дабрачыннага фонду «Маці Божая Фацімская», а таксама законныя сёстры ад Анёлаў і нядаўна арганізаваны ў Мінску Легіён Марыі. Па чарзе вернікі ездзілі да хворай, каб разам з ёю памаліцца, падтрымаць яе на духу. Вяночак да Божае Міласэрнасці і Крыжовы шлях Езуса Хрыста сталі пастаяннымі малітвамі – Марыя вельмі глыбока іх перажывала. Аднойчы яна папрасіла прывезці ксяндза. Пасля доўгай, шчырай споведзі і Святой Камуніі стала больш спакойнаю, не гаварыла ўжо пра смерць са страхам. Вельмі пяшчотна туліла да сэрца абразок з выявай Езуса з Турынскай Плашчаніцы, які амаль што не выпускала з рук. І вельмі мужна цярпела боль. Аднойчы, калі была ў непрытомнасці, прастагнала: «Сабакі рвуць мае косці…» Прасіла ліць на яе ваду, каб сцішыць агонь, які паліў усё нутро. Менавіта тады я ўпершыню зразумела, што такое чысцец. Цяпер разумею, што Марыі яшчэ пашчасціла, бо побач былі блізкія і знаёмыя людзі, якія, як маглі, і малітвай, і словам, і справай дапамагалі ёй. На тым свеце чысцец, напэўна, нашмат цяжэйшы...

Безумоўна, увесь гэты час каля ложка Марыі сядзела, не выпускаючы з рук ружанца, яе старэнькая змучаная мама. Як жа балела яе сэрца за сваё беднае, такое збалелае дзіця! Але яна не наракала на Божую волю. Наадварот. Гэта сціплая, неадукаваная вясковая жанчына, сама таго не ведаючы, здзейсніла высакародны хрысціянскі ўчынак як у вачах Бога, так і ў вачах тых, хто быў тады побач. На ўсё жыццё мы атрымалі найяскравейшы прыклад глыбокай веры, прыклад таго, якім павінен быць сапраўдны хрысціянін. Перад смерцю Марыя часта губляла прытомнасць. Скрозь забыццё штосьці гаварыла. Аднойчы вельмі імпульсіўна і эмацыйна яна закрычала: «Святло! Як шмат святла! Мама, мамачка, яшчэ дзве прыступкі, дапамажы ўзняцца…» У адказ яе бедная мама, глытаючы слёзы, шаптала: «Езу, мой мілы! Ты бачыш, як я люблю сваю дачку. Але і Ты яе любіш. Калі такая Твая воля, я аддаю Табе яе, прымі і прытулі…» Яна таксама шаптала свайму любаму Пану штосьці аб тым, што Марыя магла б быць у Яго на небе добрай прыбіральшчыцай, калі Ён даручыць ёй гэтую справу…

Хутка Марыя памерла, глыбока і неяк лёгка ўздыхнуўшы, а на яе твары застыла шчаслівая ўсмешка...

Святыя людзі гавораць, што ніводная сляза маці, ніводная яе малітва і ахвяра не бывае дарэмнай, і што нічые малітвы не дапамагаюць так, як малітва маці. Яскравы прыклад – св. Моніка, якая вымаліла і выплакала свайго грэшнага сына Аўгустына аж да вялікай святасці.

Прыклад простай жанчыны, пані Ядзі, хіба, не менш яскравы. Дзіцячы давер да Бога і жаданне споўніць Яго святую волю – гэта самае галоўнае ў нашай хрысціянскай веры. У Евангеллі Езус кажа: «Хто не прыме валадарства Божага як дзіця, той не ўвойдзе ў Яго» (Мк 10, 15).

Сваёй малітвай, цярпеннем і такой вялікай ахвярай гэта жанчына вымаліла для дачкі глыбокае навяртанне і тое Вечнае Святло, якое Марыі было дадзена ўбачыць перад смерцю.

Галіна Калевіч