«Нідзе дарогі Хрыста і Марыі
не паяднаныя так цесна, як у Ружанцы.
Марыя жыве толькі і выключна
ў Хрысце і з ўвагі на Хрыста».

Rosarium Virginis Mariae

«Ружанец, хоць і мае марыйны характар, з’яўляецца хрысталагічнаю малітваю». Варта хоць на хвіліну засяродзіць увагу на гэтай фразе. Святы Айцец нагадвае нам, што з факту марыйнасці Касцёла не вынікае, што гэты Касцёл з’яўляецца менш Хрыстовым, бо ў гісторыі хрысціянства не-не ды й з’яўляецца такі закід. Тым часам сапраўдная марыйная пабожнасць на самай справе сканцэнтравана на Пану Езусе. Той, хто ўсур’ёз імкнецца зразумець, што хоча нам сказаць Маці Божая, той убачыць Яе далонь, якою Яна далікатна паказвае на Сына, і пачуе Яе словы: «Рабіце ўсё, што толькі вам скажа» (Ян 2, 5).

Таму не трэба саромецца і не трэба баяцца сваёй марыйнасці, бо яна вядзе нас да Езуса. Не трэба таксама палохацца, што асоба Марыі можа перашкодзіць нашым экуменічным памкненням. Святы Айцец, гаворачы пра Ружанец, пра гэту квінтэсэнцыю марыйнай пабожнасці, супакойвае тых, хто мае такія сумненні: «Магчыма, ёсць яшчэ і такія, хто баіцца, што Ружанец можа аказацца мала экуменічным з увагі на свой выразны марыйны характар. На самай справе ён належыць да найбольш празрыстай перспектывы культу Божай Маці, рэкамендаванай Саборам: «...калі ўшаноўваецца Маці, то і Сына (...) належным чынам спазнаюць, любяць і праслаўляюць». Ружанец, адкрыты нанова і адпаведным чынам, з’яўляецца дапамогаю, а зусім не перашкодаю для экуменізму!»

З гэтага вынікае, што не толькі можна маліцца на Ружанцы аб еднасці хрысціянаў, але таксама кожны, хто добра адгаворвае Ружанец, праз сам гэты факт становіцца будаўніком згоды паміж падзеленымі хрысціянамі. Чаму? Таму што становіцца бліжэйшы да самога Настаўніка.

Такім чынам Ружанец – гэта сапраўды марыйная малітва – з’яўляецца таксама (калі правільна разумець марыйнасць) хрысталагічнаю малітваю, сканцэнтраванаю на Езусе. Сэнс у тым, каб заўсёды шукаць у ёй Хрыстовага аблічча ў супольнасці і ў школе Яго Найсвяцейшай Маці.

«Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові».

У кантэксце гэтага разважання Святы Айцец дае нам як бы «новае» вызначэнне Ружанца: «Ружанец – гэта не што іншае як кантэмпляцыя з Марыяй аблічча Хрыста».

На чым павінна быць заснаваная кантэмпляцыя? Папа падкрэслівае, што «на фоне слоў Анёльскага прывітання Ave Maria перад вачыма нашай душы праходзяць галоўныя моманты жыцця Езуса Хрыста. Яны (...) жыва злучаюць нас з самім Езусам праз (...) Сэрца Яго Маці». Такім чынам, добрая ружанцовая малітва – гэта не толькі пабожны паўтор слоў; яна заўсёды павінна быць таксама працаю сэрца, якое імкнецца ў гэты час «бачыць Езуса». Тут не можа быць гаворкі ні пра якую абыякавасць.

ЧЫТАЦЬ ХРЫСТА

Ружанец – малітва нялёгкая, і не трэба сябе падманваць, што яго можна паяднаць з любымі нашымі штодзённымі заняткамі. Тут Святы Айцец высока ставіць планку перад людзьмі Ружанцу: «Заглыбіцца позіркам у Хрыстова аблічча, распазнаць Яго таямніцу ў звычайнай, балеснай дарозе Яго чалавечнасці, ажно заўважыцца Божае ззянне, канчаткова аб’яўленае ў Змёртвыхпаўсталым, які сядзіць у хвале праваруч Айца, — гэта задача кожнага вучня Хрыста, а таму і наша задача».

Аднак Папа не прапаноўвае нам такой стромай сцежкі дзеля таго, каб нас запалохаць. Гэта цудоўная сцяжына, і варта многае аддаць, каб па ёй ісці, гэта значыць, каб вучыцца такой ружанцовай заглыбленасці ў Бога. На гэтай сцяжыне мы маем шмат спадарожнікаў. Першы з іх – Марыя. Гэта з Ёю мы павінны выправіцца ў дарогу: «Праходзіць з Марыяй праз сцэны Ружанцу – гэта як быццам быць у «школе» Марыі, каб чытаць Хрыста, каб пранікаць у Яго таямніцы, каб зразумець Яго пасланне».

Чытаць Хрыста! Якое ж цудоўнае вызначэнне таго, што адбываецца ў Ружанцы! Ці не ў гэтым малітоўным «чытанні Хрыста» знаходзіцца таямніца так званай пабожнасці простых людзей? Яны не вывучаюць тэалогіі, не чытаюць мудрых кніжак, але маюць час на чытанне самога Хрыста. І выносяць з гэтага пакорлівага, на каленях, вывучэння Бога мудрасць, якой маглі б пазайздросціць вялікія гэтага свету.

Такі працэс «чытання» павінен мець свой час. Таму Ружанец павінен у пэўнай ступені ахопліваць усю нашую штодзённасць, ён павінен фармаваць нашае жыццё – як жыццё Марыі. «Успаміны пра Езуса, што запалі ў Яе душу, спадарожнічалі Ёй у кожнай акалічнасці, дапамагаючы вяртацца ў думках да розных хвілінаў свайго жыцця побач з Сынам. Менавіта гэтыя ўспаміны складалі ў пэўным сэнсе «Ружанец», які Яна сама пастаянна адгаворвала ў дні свайго зямнога жыцця».

Такім чынам, ад кантэмпляцыі жыцця Езуса мы незаўважна перайшлі да кантэмпляцыі таямніцаў нашага жыцця. Але ў тым і сутнасць хрысціянства, што яно абвяшчае Хрыста, які ўцелавіўся ў людскую штодзённасць, а праз гэта, як падкрэслівае Касцёл, «у нейкай ступені паяднаўся з кожным чалавекам». Сапраўдная ружанцовая малітва павінна весці нас да адкрыцця гэтай ісціны. Мы з Марыяй глядзім на Езуса Яе вачыма, Яе Сэрцам, мы глядзім так, як маці глядзіць на сваё дзіця, імкнучыся адкрыць таямніцу яго сэрца; глядзім як на таго, хто ў нашым доме мае сваё месца, хто дапамагае нам у нашым штодзённым жыцці і каму мы таксама павінны ўслужыць... «Ружанец містычна пераносіць нас, каб мы сталі побач з Марыяй, якая старанна клапоціцца пра чалавечае ўзрастанне Хрыста ў доме ў Назарэце».

Але, паўтараю, гэтая містыка Ружанцу мае двухбаковае дзеянне: Ружанец таксама містычна пераносіць Хрыста ў нашую штодзённасць. Яго радасці становяцца нашымі радасцямі, Яго словы і цуды перамяняюць нашыя грэшныя і слабыя сэрцы, Яго крыж становіцца сэнсам нашых пакутаў, Яго хвала прадказвае нашую будучыню.

Будзем жа маліцца!

Кс. Войцех Бартковіч
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько