Пачатак

9. Горкая страта

18 лютага 1941 года пачаўся як і кожны іншы дзень у той час. Пасля працы ў каменяломні Караль спяшаўся дахаты. Па дарозе, як звычайна, зазірнуў да Кудрынскіх, каб узяць абед ды такога-сякога лякарства для таты, які хварэў ад святаў Божага Нараджэння.

Дзень быў марозны. Караль ішоў разам з дачкой Кудрынскіх Марыяй, якая хацела падагрэць абед для «паручніка». Прыйшоўшы ў «катакомбы», як называлі іхняе жытло ў сутарэннях, Марыя адразу пайшла на кухню, а Караль – да таты, чый пакой знаходзіўся ў канцы доўгага калідора. Увайшоў – і ўбачыў... мёртвага тату. Караль плакаў – вінаваціў сябе, што яго не было пры тату ў хвіліну ягонае смерці. Збегаў да ксяндза, а потым цэлую ноч правёў на каленях пры памерлым тату. Нягледзячы на тое, што разам з Каралем быў ягоны сябар, ніколі пазней Караль не адчуваў сябе такім самотным, як у тую ноч.

Жыццё не шкадавала Караля. Яму быў толькі 21 год, а на свеце ўжо не заставалася нікога з ягоных родных. У дзяцінстве памерлі мама і брат, цяпер вось тата... Магчыма, татава смерць схіліла яго пайсці ў семінарыю.

10. Тайная семінарыя

— Ты не павінен быць святаром, у цябе вялікі акцёрскі талент! Тваё пакліканне – тэатр, — горача тлумачыў Каралю ягоны блізкі сябар Тадэвуш. Размова працягвалася ўсю ноч. Сябар спрабаваў пераканаць Караля, каб той адмовіўся ад намеру пайсці ў семінарыю. Караль не саступіў. Ён зразумеў, што выбраны Панам Богам, а ад такога дару нельга ўцякаць.

Вайной кракаўская семінарыя працавала патаемна, Караль быў сярод першых дзесяці клерыкаў, выбраных для таго незвычайнага і таямнічага навучання.Гэта было вельмі небяспечна. Немцы час ад часу вылаўлівалі клерыкаў: адных расстрэльвалі, другіх вывозілі ў лагеры.

Аднойчы і Караль ледзьве не трапіў у іхнія лапы. Немцы абшуквалі першы і другі паверхі дома, у якім жыў Караль. Хлопец стаяў у цемры ў сваім памяшканні за замкнёнымі дзвярыма і маліўся. Сэрца шалёна калацілася ў грудзях. Калі паліцыя пайшла, ён пракраўся праз горад у палац арцыбіскупа, там і схаваўся ад ворагаў. У палацы ён заставаўся ажно да заканчэння вайны, амаль што не выходзячы на вуліцу.

11. Моцныя словы

Ціха крадучыся зацемненымі вуліцамі Кракава, гледачы і акцёры ішлі ў Дэмбнікі, ішлі ад Вавеля праз замерзлую ўжо ў той час Віслу. Было 28 лістапада 1942 года, тысяча сто восемдзесят першы дзень вайны. На камяніцах віселі нямецкія паведамленні з прозвішчамі расстраляных палякаў. Быў сумны, цёмны час акупацыі.

У Дэмбніках пачалося прадстаўленне. Тэатральная група, да якой належаў і Караль Вайтыла, ставіла «Пана Тадэвуша». Шторы ў памяшканні былі апушчаны, святло прыцемнена. Раптам з мегафонаў на вуліцы панесліся гучныя, абрывістыя навіны пра чарговыя перамогі нямецкіх войскаў. Гледачы спалохана азіраліся, а акцёры працягвалі іграць свае ролі. Менавіта ў тыя хвіліны Караль настойліва прамаўляў свой маналог: ужо тады ён быў адважны, ведаў, што словы праўды могуць быць мацнейшыя за ўсе нямецкія войскі.

Пераклад Ірыны Жарнасек

Працяг