Улетку 2002 года, працуючы над вітражом у капліцы святога Яна Хрысціцеля, што на Серабранцы ў Менску, я падчас Святой Імшы аднойчы задумаўся пра тое, што капліца вельмі нагадвае мне інтэр’ер якойсьці адрыны з-за бэлек на столі.

І я раптам узгадаў, што гэта ж будуць першыя Каляды ў гэтай святыні. Святыні, якая, я веру, дасць пачатак вялікаму рэлігійнаму цэнтру салезіянаў у нашай Беларусі. На ўспамін мне прыйшло таксама жыццё Святога Яна Боскі, яго мары пра гэткія цэнтры-касцёлы па ўсім свеце, дзе б збіраліся падлеткі, якім складана ў сям’і. Мне думалася: вось мікрараён Серабранка – вунь колькі бетонных гмахаў шматкватэрных, і там ёсць абавязкова такія падлеткі, ды й іх маці, бацькі, якія амаль усе збольшага выйшлі з вёсак і мястэчак і пераехалі ў Менск. І першыя Каляды ў гэтым новым касцёльчыку, першым на Серабранцы, няхай бы ім нагадалі пра іх малую радзіму, пра тое, што ніколі ўжо не выцесніцца з іх сэрцаў – водар сена, працы – і свята! Свята Божага Нараджэння – Свята нараджэння комплексу касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Менску.

Гэта будзе храм-адрына, дзе адбыўся цуд Божага Нараджэння. І кожны наведнік першых урачыстасцяў Новага Году будзе заходзіць ў новую каплічку як сведка вялікай Таямніцы – Цуда Божага Нараджэння – ступаючы па саломе, па рассыпаным на падлозе сене, бачачы вакол Калядныя зоркі з саломкі і саламяных анёлаў.

Так і нарадзілася задума аздаблення і ўбрання капліцы святога Яна Хрысціцеля на Серабранцы да Божага Нараджэння і Калядаў-2002.

Тады ж я прапанаваў ксяндзу-пробашчу айцу Ігару Лашуку ўзяцца за яе ажыццяўленне.

А далей ужо здзейснілася гэтая Воля Божая рукамі нашых мілых беларускіх дзяўчат – Валі Лойкі і яе вучаніц і памочнікаў з клуба «Раніца» Нацыянальнага цэнтра дзіцячай творчасці. Цікава адзначыць, што калі мы гэта ўсё аздаблялі – працавалася спорна, хутка і весела. Усё нам спрыяла – і людзі, і адміністрацыя, і нават кіраўніцтва прыгараднага калгаса імя Гастэлы, што ў Сенніцы. Там мы бралі і сена, і салому. Гэта знак таго, што Воля Усявышняга здзяйснялася нашымі грэшнымі і слабымі рукамі. Гэтая цікавая знаходка, мне здаецца, будзе падхоплена і іншымі касцёламі, асабліва ў урбаністычных мікрараёнах вялікіх гарадоў, дзе жыве шмат людзей, што выехалі з вёсак. Калі ў сэрцы чалавека закранаюцца гэткія глыбока прыхаваныя пачуцці, то яго агортвае дабрыня, а дабрыня – гэта тое, што, на маю думку, і павінна нас аб’ядноўваць і лячыць у імклівым сучасным жыцці.

Вось і адбудзецца Цуд на Каляды. Вось і яшчэ раз, прыйшоўшы ў святыню, Хрыстус нагадае пра сябе ў сэрцах людзей праз гэтыя Любоў і Дабрыню.

Мастак Алесь Пушкін
Фота А. Яроменкі