Безупынна імчыцца час. Ужо не за гарамі той дзень, калі палескія каталікі будуць адзначаць 400-годдзе першага каталіцкага касцёла на Мазыршчыне. У энцыклапедыі «Живописная Россия» (1882 г.) географ А.К. Кіркор паведамляе, што каталіцкі касцёл у Мазыры заснаваў кароль Жыгімонт ІІІ у 1610 годзе, але «Квартальнік Літоўскі» (№ 4, 1910 г.) распавядае, што стараста Б. Стравінскі заснаваў касцёл, званы фарным, у 1616 годзе.

Каталіцкая вера ў Мазыры зведаў часы залатога росквіту, калі будаваліся і дзейнічалі кляштары цыстэрцыянцаў, бернардзінцаў, марыявітак, базыльянаў, езуіцкая місія. Пры святынях працавалі школы для дзяцей і моладзі, старанна захоўваліся бібліятэкі. Уся гісторыя Мазыра непарыўна звязана з дзейнасцю каталіцкіх кляштараў, а захаваныя традыцыі духоўнасці – гэта адгалоскі той вялікай збаўчай працы, якую самаахвярна праводзілі святары і законнікі.

Вера на Мазыршчыне таксама спазнала боль знявагаў і пераследу ў гады нецярпімасці да ўсяго каталіцкага з боку расійскіх царскіх уладаў, якія ў шавінісцкім змаганні зачынялі касцёлы і кляштары, скасоўвалі парафіі, бачачы ў іх пагрозу самадзяржаўю. Другі віток пераследу за веру адбыўся, як вядома, у часы ваяўнічага савецкага атэізму. Бязбожнікі спрабавалі знішчыць нават сляды Хрыстовай веры, у выніку гэтага да 1990 г. на Мазыршчыне не працавала ні адна каталіцкая святыня.

Рэлігійнае жыццё адрадзілася ў Мазыры і навакольных населеных пунктах з прыездам з Польшчы ксяндза Юзафа Дзеконьскага. 24 кастрычніка 1990 г. будынкі былога касцёла і кляштара цыстэрцыянак былі перададзены новаўтворанай рыма-каталіцкай парафіі г. Мазыра. Касцёл быў перабудаваны, падзелены на два паверхі. Апошнім часам тут размяшчалася музычнае вучылішча. Будынак, узведзены ў 1745 г., быў пашкоджаны часам, вада ды вецер рабілі сваю знішчальную справу шмат гадоў, а былыя нядбайныя гаспадары не вельмі клапаціліся пра культавае збудаванне. Пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Юзафа ў 1991 г. пачалася рэканструкцыя парафіяльнай святыні. Работы было шмат: трэба было ўмацаваць падмуркі, разабраць дабудаваныя паверхі, закласці прарэзаныя вокны, зрабіць новы дах. Унутранае аздабленне патрабавала вялікіх матэрыяльных укладанняў, доўгай карпатлівай працы, але заўсёды знаходзіліся дабрачынцы, якія духоўна і матэрыяльна дапамагалі маладой парафіі. Разам з будаўнікамі на рэканструкцыі працавалі і парафіяне, як кажуць, ад малога да вялікага. Па заканчэнні работ, 29 верасня 1995 года, адбылася рэкансэкрацыя святыні. Радасці вернікаў не было межаў! Нарэшце парафія мела свой касцёл. Гэта была першая святыня ва ўсёй Гомельскай вобласці, якая дзейнічала.

2000 год быў асаблівым для мазырскіх каталікоў. Касцёл святога Міхала Арханёла быў аб’яўлены юбілейным. Гэты статус патрабаваў вялікай адказнасці ад пробашча і парафіянаў. Юбілейную святыню наведвалі шматлікія вернікі з парафій Мазырскага дэканату і розных куткоў Беларусі, замежныя госці.

У мазырскай парафіі працуюць розныя гурткі і групы. Легіён Марыі, які складаецца з групы дарослых і групы моладзі, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх касцёльных мерапрыемствах, займаецца гаспадарчымі справамі, распаўсюджвае каталіцкія часопісы і газеты. Гурткі жывога Ружанца чытаюць малітвы на беларускай і польскай мовах.

Святы Аўгустын казаў: хто спявае, той моліцца двойчы. 3 ім згодныя ўдзельнікі парафіяльнага хору, якія славяць Бога спевам. Цудоўныя імшальныя спевы на роднай мове ўпрыгожваюць набажэнствы, робяць іх больш узнёслымі, натхняюць вернікаў на шчырую малітву,

Пробашч ксёндз Юзаф садзейнічае выданню парафіяльнай газеты «Каралева Беззаганная», якая распаўсюджваецца яшчэ і ў хойніцкай парафіі.

Вядома, што пілігрымкі ўзмацняюць веру, дапамагаюць духоўнаму росту. Мазыране – штогадовыя ўдзельнікі пілігрымак у Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Паездкі на сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам II у Польшчу, на Украіну былі для іх вельмі хвалюючымі і запамінальнымі, асабліва – пілігрымка ў Кракаў, дзе ў касцёле святой Барбары знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай Юравіцкай – апякункі мазырскага Палесся.

Копія цудатворнай іконы Маці Божай Юравіцкай знаходзіцца ў цэнтральным алтары мазырскага касцёла св. Міхала Арханёла. Мясцовыя каталікі ўшаноўваюць Багародзіцу як сваю заступніцу, з Яе дапамогаю звязваюць адраджэнне Касцёла на Мазыршчыне.

Гэтая зямля даўно не мела сваіх пакліканых на служэнне Богу. Першым палешуком, які прысвяціў сваё жыццё Пану Богу, стаў ксёндз Віталь Мысонаў, які пасля заканчэння семінарыі працуе пробашчам у Лельчыцах. Валерый Кунгер уступіў у закон францішканаў, а мазыранкі Таццяна і Алена сталі законнымі сёстрамі. Парафіяне не перастаюць узносіць малітвы, просячы Бога аб новых пакліканнях.

Пробашч ксендз Юзаф нястомна спраўляецца са сваімі шматлікімі абавязкамі: праводзіць катэхізацыю дзяцей і моладзі, наведвае састарэлых і хворых, займаецца з кожнай парафіяльнай групай, кіруе будаўніцтвам касцёла ў Хойніках, праязджаючы штодзённа безліч кіламетраў палескіх дарог. У апошні час адзін з галоўных яго клопатаў – рамонт двухпавярховага парафіяльнага будынка, былога кляштара цыстэрцыянак.

Мазырскія каталікі дзякуюць Богу, Маці Божай Юравіцкай за вялікую ласку – адроджаны Хрыстовы Касцёл на палескай зямлі, за сваю святыню – касцёл св. Міхала Арханёла, дзе іх заўсёды чакае міласэрны Езус.

Руслан Гародка.
Фота аўтара.