І. Хрост Пана Езуса ў Ярдане

Хрост, які ўдзяляў Ян у водах Ярдана, быў прадвесцем таго хросту, якім мы былі ахрышчаныя. Быў гэта хрост пакаяння. Прымаючы яго, людзі прызнаваліся ў сваіх грахах і прасілі Бога аб міласэрнасці. «Я вас хрышчу вадою дзеля навяртання, — растлумачваў Ян Хрысціцель, — але ідзе Мацнейшы за мяне; Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём» (пар. Лк 3, 16). Менавіта мы былі ахрышчаныя Духам Святым і агнём, агнём Божай любові да чалавека, які сапраўды ачысціў нас ад нашых грахоў, і нават больш — учыніў нас Божымі дзецьмі, удзельнікамі Яго Боскай натуры.

Хрост, аб якім Пан Езус прасіў Яна, быў прадвесцем іншага хросту, якім толькі Ён адзін меўся быць ахрышчаны. «Хрышчэннем павінен Я хрысціцца; і як жа Я пакутую, пакуль гэта споўніцца» (Лк 12, 50), — сказаў некалі вучням Пан Езус і, несумненна, меў на ўвазе той хрост ва ўласнай крыві, які павінен быў адбыцца падчас Ягонай мукі. Тое ж Ён сказаў сынам Завядзея, якія марылі аб пашане ў Ягоным Валадарстве: «Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, і хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?» (Мк 10, 38). Хростам Пана Езуса была Ягоная мука, якую Ён прыняў дзеля нашага збаўлення.

Хрост, які Пан Езус прыняў ад Яна, меў дакладна супрацьлеглае значэнне ў адносінах да таго, якім Ян хрысціў іншых. Усе іншыя прымалі ад Яна хрост пакаяння і выходзілі з водаў Ярдана больш чыстымі. Пан Езус, беззаганны і найсвяцейшы, увайшоў у воды Ярдана, і гэта стала сімвалам таго, што Ён узяў на сябе грахі ўсяго свету, каб занесці іх на крыж. З водаў Ярдана Пан Езус выйшаў як Божы Баранак, абцяжараны грахамі цэлага свету.

Менавіта ад хросту ў Ярдане распачалася публічная дзейнасць Пана Езуса. Праз Яго навуку і цуды, і асабліва праз Яго смерць і Змёртвыхпаўстанне, павінна было здзейсніцца нашае паяднанне са Спрадвечным Айцом. Бо Езус прыйшоў да нас ад свайго Айца як Яго Адзінародны і ўмілаваны Сын. І ўжо з’явіўся голуб па-над водамі Ярдана — бачны знак Духа Святога як абяцанне нашага паяднання з Богам. Пасля Змёртвыхпаўстання Хрыста Дух Святы сапраўды на нас зыходзіць і рэальна здзяйсняе гэтае паяднанне.

ІІ. Аб’яўленне Езуса на вяселлі ў Кане

Вельмі знамянальна, што «пачатак цудаў» Езус учыніў падчас вяселля. Тэма вяселля гучыць таксама ў многіх Яго прыпавесцях. Бо Ён прыйшоў да нас як Абраннік, які запрашае нас да вечнай любові і прагне перамянення Касцёла ў сваю Абранніцу.

Першая ўмова, пры якой Касцёл можа стаць Абранніцай Хрыста, ужо выканана: мы — члены гэтага Касцёла — ужо бясспрэчна з’яўляемся для Хрыста ўмілаванымі і жаданымі, хаця, зрэшты, нашай заслугі ў гэтым няма. Аднак яшчэ дзве ўмовы павінны быць выкананы: сапраўдную Абранніцу характэрызуе пазіцыя даверу ў адносінах да Таго, каго Яна любіць. Яна павінна таксама сваімі ўчынкамі запрашаць Абранніка, каб Ён праяўляў любоў да Яе.

Менавіта такой пазіцыі даверу вучыць нас Марыя. Яна, як найлепшая маці, заўважыла, што бедным маладым пагражае кампраметацыя, і зараз жа шапнула пра гэта свайму Сыну. Аднак Пан Езус не адказаў Ёй тады: «Добра, зараз Я што-небудзь прыдумаю». Шляхі Божыя не падобныя на шляхі чалавека, і адказ Пана Езуса, здавалася б, не пакідае надзеі. «Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна», — адказаў Ён сваёй Маці (Ян 2, 4).

Аднак Марыя з’яўляецца найлепшай Настаўніцай таго, як трэба ўмець давяраць. Ужо падчас звеставання Яна ўсю сябе даверыла Богу: «Вось я, слуга Пана, няхай жа мне станецца паводле Твайго слова» (Лк 1, 38). Так і тады, на вяселлі ў Кане, калі адказ Езуса нібы не пакідаў надзеі, Яна ведала адно: Яму трэба і варта даверыцца цалкам. «Што кажа Ён вам, тое і зрабіце», — звярнулася Марыя да людзей, якія абслугоўвалі гасцей на вяселлі (пар. Ян 2, 5).

Услед за даверам павінны ісці ўчынкі даверу — і гэта трэцяя ўмова, якая павінна быць споўнена дзеля моцнай сувязі з нашым Боскім Абраннікам. Езус загадвае слугам напоўніць збаны вадою і занесці іх вясельнаму старасту. І, як высветлілася, вада ператварылася ў віно. «Ясна, — каментуе гэтае здарэнне Ян Павел ІІ, — што надзвычайны вынік дзеяння паходзіць не ад людзей, але ад Таго, хто даручыў ім дзейнічаць і які сам дзейнічае сваёй таямнічаю, Боскаю моцаю».

ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

Божае Валадарства ёсць там, дзе Бог сапраўды стаіць на першым месцы: і ў нашых сэрцах, і ў нашых жыццёвых выбарах, і ў тым, наколькі мы паслядоўныя ў нашай любові. Бо калі Бог на першым месцы, тады ўсё на сваім месцы, а ў людскіх сэрцах і паміж людзей тады нараджаюцца спакой, радасць і ўзаемная любоў. Аднак Божае Валадарства немагчыма ўсталяваць адзіна нашымі добрымі пастановамі. Мы можам толькі прыняць яго як дар нашага Збаўцы, бо толькі Ён мае ўладу знішчыць наш грэх — самую вялікую перашкоду ў дасягненні Божага Валадарства.

Калі ўважліва чытаем Евангелле, можа з’явіцца ўражанне, што Пан Езус жадаў абудзіць надзею Валадарства асабліва ў людзях убогіх, якіх усе адкідаюць і якімі пагарджаюць. Нават інтрыгуе гэтая Ягоная слабасць да «маленькіх» людзей, да адкідаў грамадства. Езус распачаў абвяшчэнне Добрай Навіны не ў Рыме і нават не ў Ерузалеме, але ў паўночнай Галілее, у зямлі Завулона і Нефаліма (гл. Мц 4, 12-23), у найбольш глухой правінцыі, якую толькі можна сабе ўявіць.

Здавалася б, што калі Ён прыйшоў абвясціць збаўленне ўсім народам, то павінен быў распачаць гэтую справу больш разважліва. Ён павінен быў адправіцца ў месцы, дзе фармуецца грамадская думка, замест таго, каб ісці некуды ў глухі куток. Таксама для абвяшчэння Евангелля Ён мог бы выбраць людзей больш для гэтага прыдатных, а не звычайных неадукаваных рыбакоў, якія не мелі аніякага ўяўлення пра тэхніку пераканання. Аднак Бог не бярэ пад увагу тое, кім з’яўляецца чалавек. Цёмны, непісьменны чалавек для Яго такі ж вартасны і бясцэнны, як Арыстоцель, Капернік ці Энштэйн. І нават больш: Езус абвяшчае Добрую Навіну і заклікае да навяртання нават самых вялікіх грэшнікаў. Ён не дзеліць людзей на годных і нікчэмных. Для Бога кожны з нас з’яўляецца скарбам, кожнага з нас Ён хоча захаваць дзеля вечнага жыцця. Нават мытнікаў і распусніцаў. Абвяшчэнне Божага Валадарства — гэта радасная навіна аб тым, што для Бога мы значым неймаверна больш, чым гэтага заслугоўваем.

IV. Перамяненне на гары Табор

Невыпадкова сталася так, што на гары Перамянення з Езусам размаўлялі Майсей і Ілля. У Старым Запавеце чытаем, што яны таксама размаўлялі з Богам на гары Сінай, якую яшчэ называюць Horeb (Гара размовы). Менавіта на гэтай гары Майсей атрымаў ад Бога дзесяць запаведзяў, а Ілля перажыў славутае аб’яўленне Бога, калі пасля стыхійных з’яваў прыроды Бог прыйшоў да яго ў ціхім, лёгкім подыху ветру. І вось на гары Перамянення Майсей і Ілля размаўляюць з тым Богам, сапраўдным і ўсемагутным, якога сустрэлі падчас свайго зямнога жыцця.

Евангеліст Лука піша, што яны размаўлялі з Ім — Адзінародным Божым Сынам, які з’яўляецца адным цэлым са сваім Спрадвечным Айцом, — пра Яго адыход, пра тое, што адбудзецца ў Ерузалеме. Для Бога, які нас любіць, мы былі вартыя не толькі таго, каб Божы Сын стаў Сынам Чалавечым, але нават таго, каб Ён памёр за нас на крыжы.

Прысутнасць Майсея і Іллі падчас Перамянення Панскага падкрэслівае збаўленчую таямніцу таго, як Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, таямніцу, якая рыхтавалася на працягу ўсёй гісторыі Старога Запавета і ажыццявілася ў Езусе Хрысце.

У той жа час голас Спрадвечнага Айца паказвае на таямніцу быццам бы супрацьлеглую — на таямніцу таго, як мы ўваходзім да Бога. «Гэта — Сын Мой умілаваны, Яго слухайце!» (пар. Мц 17, 1-13). «Слухайце Яго, ідзіце за Ім», — кажа Спрадвечны Айцец — Ён з’яўляецца вашым павадыром да збаўлення! Слухайце Яго, бо Ён — Дарога, Праўда і Жыццё! Даверцеся Яму, бо Ён так вас палюбіў, што дзеля вас прайшоў праз мукі і крыж! Дазвольце, каб Ён вёў і ўрэшце прывёў вас да Спрадвечнага Айца!».

V. Устанаўленне Эўхарыстыі

Яшчэ раней, пасля цудоўнага памнажэння хлеба, Пан Езус абяцаў тым, хто Яго наследуе, даць Спажытак непараўнальна больш важны, чым манна, якой Бог карміў свой люд, калі выводзіў яго з няволі ў абяцаную зямлю: «Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі (...). Я – хлеб жывы, які зышоў з неба: хто спажывае гэты хлеб, жыць будзе вечна. Калі хто будзе есці яго, не памрэ навекі. Хлеб, які Я дам, — гэта цела Маё, якое Я аддам за жыццё свету» (Ян, 6, 49-51). Езус споўніў гэтае абяцанне напярэдадні сваёй мукі, падчас Апошняй Вячэры.

Тады Ён быў літаральна перапоўнены такой любоўю, якая чыніла Яго гатовым аддаць за нас жыццё, нягледзячы на тое, што мы былі тады Яго ворагамі. Нават сярод самых блізкіх вучняў адзін павінен быў Яму здрадзіць, другі — адрачыся ад Яго, усе астатнія (апроч Яна) — уцячы. Якой жа цяжкай была гэтая любоў нават для Езуса — Чалавека і адначасова Сына Божага — сведчыць драматычная духоўная бітва, якую яшчэ ў гэты вечар Ён павінен быў вытрымаць у Садзе Аліўным.

Разам з тым Езус з усёй свядомасцю жадаў супрацьпаставіць гэтую сваю любоў сілам цемры, якія у той самы момант рыхтавалі найбольш моцны напад на Яго. Ён добраахвотна падстаўляе сябе пад удар: «Я аддаю жыццё Маё, каб ізноў узяць яго. Ніхто не адымае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго: бо маю ўладу аддаць яго і ўладу ізноў узяць яго» (Ян 10, 17-18). Усё гэта павінна было адбыцца таму, што Ён нас любіць. Дзеля таго Езус згадзіўся пайсці на крыж, каб учыніць нас здольнымі наследаваць Ягоную любоў, мацнейшую за сілы цемры.

Такім чынам, Пан Езус устанавіў Эўхарыстыю не толькі для таго, каб кожны з нас — «з усіх пакаленняў, расаў і моваў» — мог мець такі непасрэдны доступ да Яго. У гэтым сакраманце Ён не толькі аддае сябе ўсяго, але дае сябе, як Той, хто любіць нас, як Той, хто аддаў за нас жыццё, і як Той, хто напэўна давядзе нас да вечнага жыцця, калі толькі дазволім Яму напоўніць нас той любоўю, якая ёсць у Ім. Адорваючы нас Эўхарыстыяй, Езус выконвае абяцанне, якое пакінуў нам напрыканцы сваёй Малітвы Першасвятара: «Я абвясціў ім, Ойча, імя Тваё і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх» (пар. Ян 17, 26).

Яцак Салій OP
«W drodze» № 11 (351) 2002

Пераклад з польскай мовы
Таццяны Мухляды.