Ліст з Тэзэ 2003
Пасланні на сустрэчу моладзі

Каля 80 тысяч маладых людзей прынялі ўдзел у юбілейнай 25-й сустрэчы еўрапейскай моладзі, арганізаванай экуменічнай супольнасцю з Тэзэ напрыканцы года (з 28 снежня 2002 г. па 1 студзеня 2003 г.) у Парыжы і Парыжскім рэгіёне (Іль-дэ-Франс). Для сталіцы Францыі такога тыпу падзея стала ўжо пятай. Папярэднія сустрэчы адбыліся тут у 1978 (першая), 1983, 1988 і 1994 г. Апрача таго, моладзь гасцявала тры разы ў Рыме (1980, 1982 і 1987) і ў Барселоне (1979, 1985 і 2000), два разы ў Лондане (1981 і 1986), у Вроцлаве (1989 і 1995), Будапешце (1991 і 2001), Вене (1992 і 1997), а таксама ў Кёльне (1984), Празе (1990), Мюнхене (1993), Штутгарце (1996), Мілане (1998) і Варшаве (1999).

Парыжане сардэчна прымалі беларускіх пілігрымаў, якія прыбылі сюды з розных куткоў Беларусі. Гэта былі прадстаўнікі парафій Мінска, Гродна, Ліды, Магілёва, Наваградка, Бярозы і інш.

Як і штогод, арганізатары «Пілігрымкі даверу на зямлі» прапаноўвалі разнастайныя мерапрыемствы на тэрыторыях парафій, якія прымалі пілігрымаў (гэта 400 пунктаў сталіцы Францыі і яе ваколіцы): супольныя ранішнія і вячэрнія малітвы, размовы ў моўных групах і з прадстаўнікамі парафій, лекцыі, разважанні, спевы і г.д. Вячэрнія малітвы адбываліся ў трох залах найбуйнейшага парыжскага выставачнага цэнтра Портэ дэ Версаль, у якіх можна было пачуць 23 мовы ўдзельнікаў сустрэчы. На працягу ўсіх дзён падчас вячэрніх малітваў брат Ражэ, заснавальнік і прыёр супольнасці, дзяліўся з моладдзю сваімі думкамі з яго сёлетняга ліста «Бог можа толькі любіць». Гэты ліст з Тэзэ перакладзены на 58 моў свету (у тым ліку і на мовы краінаў Азіі). Ён стане тэмай для разважанняў на працягу ўсяго 2003 года. Спецыяльныя пасланні ўдзельнікам сустрэчы скіравалі, як і штогод, Папа Ян Павел ІІ, праваслаўныя патрыярхі Барталамей І (Канстанцінопаль) і Алексій ІІ (Масква), англіканскі арцыбіскуп Кантэрберы Раван Вільямс і генеральны сакратар ААН Кофі Анан.