Парыж сустракаў сяброў
Пасланні на сустрэчу моладзі

Ліст з Тэзэ 2003

Ва ўсім свеце многія маладыя людзі задаюць сабе пытанне: ці ёсць надзея на будучыню? Як перайсці ад неспакою да непахіснага даверу?

Грамадства, у якім мы жывем, часам скаланаюць катастрофы. Будучыня ўсіх людзей, сярод якіх з кожным днём усё павялічваецца і павялічваецца галеча, цьмяная і невыразная. Мноства дзяцей у свеце пакутуе, мноства адносінаў разладжваецца, пакідаючы раны на сэрцах.

Але ці заўважаем мы, як - нават праз цемру сусветных бедаў - праглядваюць несумненныя знакі надзеі?

Для таго каб крочыць наперад, трэба памятаць: Евангелле нясе ў сабе такую прыгожую надзею, што праз яго мы можам знайсці радасць для сэрцаў. Надзея гэта, як святло, што адкрываецца недзе ўнутры, у глыбіні душы. Без яе жыццё было б самотным. Дзе ж крыніца гэтай надзеі? У Богу, у Тым, Хто можа толькі любіць,1 у Богу, Які няспынна звяртаецца да нас.

Надзея ажывае, калі мы пакорліва аддаем сябе Богу2.

Ёсць сіла, што жыве ўнутры нас, яна для ўсіх адна. Імя ёй - Дух Святы. Ён ціха прамаўляе у сэрца: «Аддай сябе Богу ў прастаце - тваёй малой веры цалкам дастаткова»3.

Але Хто такі Дух Святы? Ён - Той, да Каго звернута евангельскае абяцанне: «Я ніколі не пакіну вас. Я заўсёды буду з вамі Духам Святым, Які падтрымае і суцешыць вас»4.

Нават калі здаецца, што ты зусім адзін, - Дух Святы побач. Няхай нябачна, але Ён заўсёды з намі5. Тады памалу пачынаеш разумець, што галоўнае ў жыцці чалавека - любіць з даверам.

Давер - адна з самых сціплых і простых рэчаў на Зямлі; і гэта тое, на чым усё трымаецца. Калі мы любім даверам любові, мы нясём шчасце тым, хто знаходзіцца побач з намі, і захоўваем сувязь з тымі, хто ўжо пайшоў і чакае нас у жыцці вечным.

Калі вас адольвае сумненне, згадайце, што сумненне і давер гэтак жа, як цемра і святло, могуць суіснаваць у нас адначасова6. І найперш згадайце гэтыя аптымістычныя словы Хрыста: «Няхай не сумняваецца сэрца вашае»7. Тады выяўляецца, што вера - гэта не плён нашых намаганняў, а дар Божы: Бог сам дапамагае нам дзень за днём рухацца з нерашучасці і сумненняў да паўнаты даверу Яму.

Бог можа толькі любіць, і Яго спачуванне - гэта крыніца жыцця. Блізкі той дзень, калі мы зможам сказаць: «Божа міласэрны, нават калі б у нас была такая вера, каб пераставіць горы, кім мы былі б без Тваёй любові?8. Сапраўды, любоў Твая да кожнага чалавека трывае навякі».

Больш выразна любоў Бога выяўляецца ў прабачэнні. Калі ж і мы самі прабачаем, жыццё паціху пачынае мяняцца. Даруючы, мы адчуваем подых радасці, бачым, як незаўважна адыходзіць патрабавальнае стаўленне да іншых, трэба толькі замяніць яго на бясконцую дабрыню сэрца.

Яшчэ да таго як Хрыстус прыйшоў на зямлю, адзін веруючы чалавек сказаў пра гэта такія словы: «Пакінь смуткаваць, бо павядзе Бог цябе да радасці»9. Гэта радасць вылечвае патаемныя раны сэрца. Яна знаходзіцца ў празрыстасці мірнай любові, а каб успыхнуць яркім полымем, ёй трэба ахапіць усё наша жыццё10.

У наш час многія людзі ўсёй душой імкнуцца жыць у даверы і надзеі11. У чалавеку можа прысутнічаць сіла злосці. Калі мы хочам, каб на зямлі павялічваўся давер, трэба пачынаць з саміх сябе: крочыць наперад з улагоджаным сэрцам, жыць у згодзе з тымі, хто знаходзіцца побач з намі.

Будучы спакой на зямлі залежыць ад таго, ці асмеліцца кожны з нас запытаць у сябе: ці гатовы я бескарысліва шукаць спакой у сэрцы і крочыць наперад? Нават калі я амаль нічога не маю, ці магу я стаць грунтам даверу там, дзе я жыву, усё глыбей і глыбей разумеючы тых, хто знаходзіцца побач са мною?

Стоячы перад Богам у маўклівым чаканні, ці зможам мы стаць міратворцамі там, дзе пануюць звады?12. Калі маладыя людзі прымаюць рашэнне стаць на бок прымірэння, іх асвятляе ззянне надзеі, і яе святло распаўсюджваецца ўсё далей і шырэй. У дадзены момант гісторыі Евангелле прапануе нам любіць і сцвярджаць гэта сваім жыццём. Іншыя людзі мяркуюць пра нашу веру перш за ўсё па тым, як мы жывем.

Гэта ж адносіцца і да таямніцы далучанасці, якой ёсць Цела Хрыстова, Яго Касцёл. Надзея на Касцёл (...) можа адрадзіцца зноў, калі Касцёл будзе жыць даверам, прабачэннем, спачуваннем, калі ён будзе сустракаць людзей у радасці і прастаце. І тады ён стане вестуном жывой надзеі13.

Калі здаецца, што наша малітва ўбогая і яе словы нязграбныя, гэта не павінна нас спыняць14. Няўжо не тлее ў нас, у глыбіні душы, жаданне жыць у еднасці з Богам?

Праз тры стагоддзі пасля прыйсця Хрыста на зямлю ў Афрыцы жыў адзін хрысціянін па імені Аўгустын, які напісаў: «Жаданне, скіраванае да Бога, - гэта ўжо малітва. Калі хочаш няспынна маліцца, ніколі не спыняйся ў жаданні...»15.

Прастата сэрца падтрымлівае малітву сузірання. Прастата - гэта крыніца радасці16. Дзякуючы ёй мы можам аддаць сябе Богу, дазволіць Яму весці нас.

Мы не бачым Бога, Якому належым. Яму, мабыць, не патрэбныя чалавечыя словы, каб размаўляць з намі. Хутчэй за ўсё, Ён гаворыць з намі маўкліва, мовай інтуіцыі17.

Калі мы маўчым на малітве, здаецца, што нічога не адбываецца. І ўсё ж менавіта ў маўчанні Дух Святы дапамагае нам прыняць радасць Бога, радасць, якая пранікае ў самую глыбіню душы.

І аднойчы для многіх людзей надыходзіць дзень, калі ў простай малітве яны чуюць, што Бог іх кліча. Што гэта за заклік?

Бог хоча, каб мы рыхтаваліся стаць вестунамі радасці і спакою18. Пачуйце, калі ў нас загучаць словы: «Не спыняйся, кроч наперад, і будзе жывой душа твая!». І мы пачынаем разумець, што створаны для руху да Бясконцага. І раптам усведамляем: у самых складаных абставінах чалавек цалкам становіцца самім сабою.

Пры ўзаемнай падтрымцы19, калі мы не спыняемся перад перашкодамі, калі мы ведаем, дзе можна знайсці смеласць, каб крочыць і крочыць, мы нечакана разумеем, што існуе найглыбейшая радасць, нават - сапраўднае шчасце, - адказаць на гэты заклік Бога. Сапраўды, Бог хоча, каб мы былі шчаслівыя20.

І адбываецца тое, на што мы нават не маглі спадзявацца. Доўгая, амаль непраглядная ноч, застаецца ззаду. І вандроўка праз гэтую цемру не робіць нас слабейшымі, а наадварот - дае ўнутраную сілу.

Галоўнае для нас - ісці ад аднаго адкрыцця да другога. Сустракаць кожны новы дзень, як «Божае сёння». Ва ўсім шукаць спакою сэрца. Тады жыццё становіцца цудоўным... і яно сапраўды будзе цудоўным.

  1. «Бог можа толькі любіць»: гэта з упэўненасцю сцвярджае хрысціянскі мысліцель VІІ стагоддзя святы Ісаак Сірын. Ён прыйшоў да такой высновы, разважаючы на працягу многіх гадоў над словамі Яна Багаслова: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8). Сёння надзвычай важна нагадаць пра гэта: пакуты ніколі не зыходзяць ад Бога. Бог не робіць злога, Ён не хоча ні чалавечага гора, ні прыродных катаклізмаў, ні аварый, ні войнаў. Ён падзяляе боль тых, каму дрэнна, і Ён дае нам моц суцяшаць тых, хто пакутуе.
  2. У любы час чалавек можа шчыра маліцца гэтымі простымі словамі, паўтараючы іх зноў і зноў у глыбіні сэрца: «Толькі ў Богу душа мая мае спакой» (Пс 61, 2).
  3. Праз стагоддзе пасля таго як Хрыстус жыў на зямлі адзін веруючы па імені Ірэнэй з Ліёна ясна разумеў, што значыць належаць Богу. Ён пакінуў такія радкі: «Хвала Божая – гэта чалавек, які жыве. А жыццё чалавека – сузіранне Бога».
  4. Гл. Ян 14, 16-20.
  5. Нават калі часам прысутнасць Духа Святога не такая заўважная, усё роўна мы знаходзім у Ім падтрымку і суцяшэнне, якімі Бог шчодра напоўніў наша жыццё. Ці можна забыць аб прысутнасці ў нас Духа Святога? Прабываючы ў Ім, мы зноў і зноў знаходзім Яго, дзе б ні былі: дома, на працы, у віры жыцця...
  6. Гэта бачна ўжо ў Евангеллі, дзе апавядаецца пра чалавека, які сказаў Хрысту «веру», але тут жа дадаў: «Дапамажы майму нявер’ю».
  7. Ян 14, 1.
  8. Гл. 1 Кар 13, 2.
  9. Гл. Бар 5, 1-9.
  10. Радасць, лёгкая як пяро, – адзін з плёнаў Духа Святога ў нас (гл. Гал 5, 22). Радасць нараджае здзіўленне. І мы можам адкрыць паэзію жыцця ў любы час: і ў сонечныя дні, і ў марозныя зімовыя ночы.
  11. Згодна з Бібліяй, надзея – гэта не проста плён уяўлення, яна караніцца ў прысутнасці Бога, якая ніколі не спыняецца: «... Я ведаю намеры, якія маю на вас, – кажа Пан, – намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею» (Ер 29, 11). Гэта надзея непарушная: «Бо ёсць будучыня, і надзея твая не страчана» (Прып 23, 18). Новы Запавет ідзе яшчэ далей, кажучы, што надзея ўжо дзейнічае ў нашым жыцці: «А надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Святым, Які дадзены нам» (Рым 5, 5).
  12. З стагоддзя ў стагоддзе хрысціяне пакутавалі ад шматлікіх падзелаў. Ці прысвяцім мы сябе ўжо сёння, без замаруджвання, таму, каб жыць у адзінстве адзін з адным? Заклік да падзеленых хрысціянаў аб прымірэнні нарадзіў у апошнія гады дыялог і плённы абмен ідэямі. І ўсё ж само прымірэнне немагчыма адкладаць да сканчэння веку. Сёння, як ніколі, ёсць вострая неабходнасць стаць урэшце на той шлях, на які ўказаў нам у Евангеллі Хрыстус: «Пайдзі перш памірыся» (Мц 5, 24). Ён гаворыць: «Пайдзі перш!», а не «пакінь на потым!». Сёння ёсць людзі – мужчыны, жанчыны, моладзь,– якія глыбока ўсведамляюць тэрміновую патрэбу прымірэння. У сакавіку 2002 года Папа Ян Павел ІІ заклікаў «да экуменізму святасці, які прывядзе нас у рэшце рэшт да паўнаты зносінаў. Пазней, у кастрычніку 2002 года, Папа і праваслаўны Патрыярх Феактыст з Румыніі напісалі сумесную дэкларацыю, дзе падкрэслівалася «наша імкненне маліцца і працаваць дзеля дасягнення поўнага і бачнага адзінства вучняў Хрыста. Наша мэта і гарачае жаданне – поўнае адзінства, якое не з’яўляецца зліццём, але прыналежнасцю ісціне і любові».
  13. Прайшло ўжо 40 гадоў з таго часу, калі чалавек, які пакінуў самы глыбокі след у жыцці нашай супольнасці Тэзэ, Папа Ян ХХІІІ, сказаў словы, якія даюць нам натхненне, каб не спыняцца і крочыць наперад: «Лепш, калі Касцёл выкарыстоўвае лекі міласэрнасці, а не зброю строгасці».
  14. Калі некаму складана маліцца ў адзіноце, то прыгажосць агульнай малітвы, дзе ўсе спяваюць, няхай нават двое ці трое, гэта ні з чым не параўнальная падтрымка для ўнутранага жыцця. Дзякуючы простым словам спеваў, якія паўтараюцца зноў і зноў, яна пачынае выпраменьваць радасць. У Тэзэ ці падчас сустрэчаў на розных кантынентах мы адкрываем, што супольная малітва, калі ўсе разам спяваюць, абуджае ў чалавеку глыбіннае імкненне да Бога і ўводзіць яго ў малітву сузірання.
  15. Святому Аўгустыну належаць і гэтыя словы: «Калі ты жадаеш спазнаць Бога, у цябе ўжо ёсць вера».
  16. Для мяне і братоў імкненне да прастаты сэрца і прастаты жыцця – зараз галоўнае ў нашым пакліканні, ці то мы жывем у Тэзэ, ці ў невялікіх супольнасцях сярод самых бедных людзей на розных кантынентах. З гадамі мы ўсё мацней усведамляем, што мы – бедныя Евангелля. І кажам сабе: «Будзем тымі, хто слухае, а не духоўнымі настаўнікамі!».
  17. Вось што піша святы Аўгустын пра малітву: «Многа маліцца – зусім не азначае, як думаюць некаторыя, вымаўляць шмат слоў... Такім чынам, не будзем шмат гаварыць на малітве, а будзем больш маліцца ў цішыні сэрца».
  18. «Мы пакліканы, каб выйсці за межы нашых зачыненых супольнасцяў, пераадолець нашы забабоны, хістанні, боязь і сведчыць пра Уваскрэслага Хрыста па меры нашых сілаў, каб павярнуцца тварам да сучаснікаў і да невыносных праблемаў, якія стаяць перад імі. Гэта не азначае, што трэба змяшацца з навакольным светам, трэба яму дапамагчы знайсці арыенціры (...), каб кожны мог атрымаць свабоду і чалавечую годнасць» (арцыбіскуп Анастасій з Ціраны, Галава Праваслаўнай Царквы Албаніі).
  19. Калі мы адзінокія, то рукі апускаюцца і нашыя дары не рэалізоўваюцца. На працягу многіх гадоў мы арганізуем «пілігрымкі даверу на зямлі», якія вучаць маладых падтрымліваць адзін аднаго. Гэта дапамагае ім зразумець, што яны звязаны з іншымі маладымі людзьмі агульным пошукам Бога, агульнай надзеяй і вернасцю свайму служэнню дзеля кожнага. І для гэтага нам не трэба ствараць ніякага спецыяльнага руху пры супольнасці Тэзэ.
  20. Падчас жыццёвых выпрабаванняў мы паціху пачынаем разумець, што крыніца радасці – не ў бліскучых здольнасцях ці ўменнях, а хутчэй за ўсё ў пакорлівай аддачы, калі мы прыносім у дар сваё жыццё, каб разумець іншых дабрынёю сэрца. Радасць заўсёды побач, яна чакае, і мы атрымліваем яе, калі прастата злучаецца ў нашым жыцці з дабрынёю сэрца.