Парыж сустракаў сяброў
Ліст з Тэзэ 2003

Папа Ян Павел ІІ

Дарагі брат, вось ужо дваццаць пяць гадоў як супольнасць Тэзэ арганізоўвае штогадовы этап «Пілігрымкі даверу на зямлі»; яна дае магчымасць маладым хрысціянам Еўропы і іншых кантынентаў разам перажыць вопыт веры і сапраўднага братэрства і гэтым самым адказаць на заклік Хрыста, Які жадае перадаць сваю радасць маладым людзям, хоча адкрыць ім сваё Аблічча і сваю прысутнасць, хоча дапамагчы ім пражыць жыццё як цудоўную вандроўку да Айца, каб яны маглі развіваць усе свае дары і таленты і прысвяцілі сябе служэнню братам і сёстрам кожны на сваім месцы. Сардэчна вітаю моладзь, якая адгукнулася на ваша запрашэнне і сабралася ў гэтым годзе ў Парыжы і ў дыяцэзіі Іль-дэ-Франс і аддана моліцца за ўсіх.

Гэта сустрэча – знак надзеі для нашага свету. Яна паказывае, што сённяшняя моладзь прагне ісціны, шчасця, прыгажосці, што маладыя людзі імкнуцца напоўніць сваё жыццё сэнсам. Я заклікаю моладзь павярнуцца да Хрыста, Які ёй давярае, Які прагне дапамагаць юнакам і дзяўчатам на жыццёвым шляху. Няхай яны дазволяць весці сябе Духу Святому, каб любое рашэнне адпавядала глыбіннаму «Я» чалавека, створанага на вобраз і падабенства Божае. Сыны Бога і браты Хрысту, яны пакліканыя жыць у любові, укладзенай у іх сэрцы. Тады яны адкрыюць веліч і прыгажосць жыцця свайго і іншых, адкрыюць радасць самааддачы ў выкананні свайго чалавечага і хрысціянскага паклікання, у прапаведванні Евангелля ўсім сваім жыццём, у будаўніцтве грамадства.

Папа заклікае іх няспынна звяртацца да крыніцы ўсялякага дару, да самога Хрыста, побач з Якім яны знойдуць у сабе дастаткова сілаў для выканання свайго штодзённага служэння. Праз рэгулярную малітву, чытанне Святога Пісання, праз сакраманты маладыя людзі сустрэнуцца з Хрыстом, Які пакажа ім аблічча Айца, аблічча дабрыні і любові, і будзе паказваць сваю прысутнасць на працягу ўсяго іх жыцця. Як у прарока Ераміі (Ер 1, 11), вочы іх будуць расплюшчаныя, і яны ўбачаць новы світанак – світанак надзеі на будучыню, дзе пануюць справядлівасць і спакой, любоў і згода, дары Бога на зямлі, якія трэба развіваць кожнаму чалавеку.

Звяртаючыся з малітвай да Найсвяцейшай Панны, да святой Жэнеўевы і святога Дэні, удзяляю Божае благаслаўленне моладзі, якая сабралася ў Парыжы, супольнасці Тэзэ і ўсім хто, рыхтаваў сустрэчу ці дапамагаў у яе правядзенні, а таксама дыяцэзіям, парафіям і сем’ям, якія прымаюць пілігрымаў.

Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей

Звяртаемся да вас са словамі апостала Паўла: «Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце» (1 Фес 5, 16-18).

Таму радуйцеся гэтай магчымасці кантакту адзін з адным і з нястомным працаўніком на ніве Добрай Навіны і сябрам маладых, братам Ражэ, і яго братамі. Няспынна маліцеся за яго, за нас, адзін за аднаго.

Маліцеся і аб еднасці Касцёла і прымірэнні людзей з Богам і паміж сабою. Маліцеся аб міры ва ўсім свеце, бо свет ізноў пад пагрозай. Маліцеся аб ахове прыроды, якая знішчаецца чалавечай сквапнасцю і безадказнасцю.

Дзякуйце Богу і сваім бацькам, якія далі вам жыццё. Касцёл благаслаўляе працу чалавека і прагрэс, які дапамагае нам лепш зразумець цуды свету, створанага па Божай любові для чалавека.

Сёння Бог дае маладым людзям неверагодную магчымасць стаць Яго супрацоўнікамі, якія будуць імкнуцца зрабіць жыццё лепшым і выправіць ход развіцця грамадства такім чынам, каб у ім запанавалі справядлівасць, лагоднасць, цярпімасць, братэрства і салідарнасць.

Шлём вам наша айцоўскае благаславенне і лепшыя пажаданні, каб Бог благаславіў вас у надыходзячым Новым Годзе.

Генеральны сакратар ААН Кофі Анан

Шаноўныя сябры супольнасці Тэзэ, юнакі і дзяўчаты ўсяго свету, з вялікім задавальненнем шлю вам ўсім свае сардэчныя віншаванні з нагоды гэтай дваццаць пятай еўрапейскай сустрэчы моладзі, якая праводзіцца з ініцыятывы супольнасці Тэзэ.

Я рады, што вы прыехалі ў такой колькасці, тысячамі, як і ў мінулыя гады, з усіх куткоў Еўропы і з іншых кантынентаў дзеля таго, каб разам адкрыць знакі надзеі і падумаць аб крыніцах сваёй веры і аб сваёй адказнасці перад грамадствам.

У гэтым свеце, дзе часам здаецца, што нецярпімасць распаўсюджваецца ўсё больш і больш, ваша сустрэча – гэта вестка аб цярпімасці і салідарнасці. Няхай вера, якая вас аб’ядноўвае, дапаможа вам несці гэту вестку далей за межы вашага атачэння! Шмат маладых людзей у свеце пазбаўлены ўсялякіх надзеяў на будучыню. Іх дні праходзяць у цяжкай барацьбе з голадам, хваробамі і галечай. Акрамя таго, многія людзі жывуць у рэгіёнах узброеных канфліктаў. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб даць ім хоць нейкую надзею, і кожны з вас у гэтым можа адыграць сваю ролю.

Жадаю вам плённай сустрэчы. Прыміце мае найлепшыя пажаданні на гэтым новым этапе «Пілігрымкі даверу на зямлі».