крыжу свайму
вучуся
штодзённа
да крыжа дарастаю
з крыжам вітаюся
кожны дзень
нанова

штодзённа
з граху паўстаю
атрасаю пыл
і да новых заданняў
рыхтуюся
зноў і зноў іду
да Дабра

У сваім саракагадовым жыцці больш за 30 гадоў я нясу нялёгкі крыж. Доўга дарастала да яго, доўга «прымяралася», пакуль не зразумела, што ён — мой і дадзены мне па маіх сілах і магчымасцях. Я доўга змагалася, і гэтая барацьба прычыняла мне вялікі боль: колькі разоў я адварочвалася ад Бога, колькі было сумненняў і адчаю, пытанняў «чаму?», бунту і скаргаў, пакуль не дайшло да мяне, што Бог ахвяраваў мне незвычайны дар — дар, які даецца не кожнаму.

Сёння я перакананая, што кожнаму чалавеку на пачатку яго «крыжовага шляху» даводзіцца перажываць такую барацьбу — барацьбу з самім сабою, з Богам — дзеля таго, каб здолець правільна зразумець сэнс свайго крыжу, ад якога, у рэшце рэшт, так часта ўжо немагчыма адвярнуцца.

Нялёгка раіць хвораму (як звычайна робяць здаровыя людзі), каб не паддаваўся, каб паверыў, што Бог, выпрабоўваючы, не хоча ані пакрыўдзіць, ані пакараць. Як жа часта такія альбо нейкія іншыя словы толькі дражняць, не прыносячы адпаведных вынікаў. Суперажыванне і суцяшэнне не заўсёды прымаюцца хворым чалавекам. Таму што гэта сам хворы павінен «даспець» у сваім цярпенні да таго, каб не бачыць для сябе іншага шляху, а толькі гэты — з крыжам, каб ад усяго сэрца дзякаваць Богу за гэты крыж.

Не адзін хворы задумваўся над тым, што было б, калі б ён быў здаровы, спраўны, як тады выглядала б яго жыццё… Ужо вельмі даўно нехта сказаў мне: «Сёння я ўжо не ўяўляю цябе без цярпення». І ён меў рацыю. Нельга азірацца назад, зноў і зноў паўтараць: «калі б…». Трэба з пакораю прыняць крыж і паверыць, што для нас гэта самы добры шлях. Прыняць гэтае сваё цярпенне як дар, а не як кару. «Каго Бог любіць, таму дае крыж», — якія ж мудрыя гэтыя словы!

Цярпенне, прынятае як дар, вучыць пакоры ў адносінах да жыцця і да Пана Бога, набліжае да Яго, адкрывае на іншых. Мы, хворыя, часта не ўсведамляючы таго, даем цудоўны ўрок здаровым, паўнаспраўным, але пры гэтым як жа часта не задаволеным жыццём людзям.

Знаходзячыся ў розных шпіталях і рэабілітацыйных цэнтрах, я часта сутыкалася з людзьмі, якія церпяць цяжкія пакуты. Заўсёды задумвалася над тым, як той ці іншы, пазбаўлены свабоды дзеяння ў інваліднай калясцы альбо прыкаваны да ложка да самага скону дзён, можа адчуваць столькі радасці і жадання жыць.

Схіляю галаву перад такімі людзьмі, бо ад іх я навучылася пакоры. Дзякуючы іх пазіцыі, стойкасці і мужнасці, душэўнаму спакою, я «даспела» да свайго крыжу і пачала сур’ёзна ўспрымаць яго. Ні словы блізкіх, ні прысутнасць сяброў не дапамагалі мне так, як знаходжанне з людзьмі, абцяжаранымі хваробаю, як своеасаблівая «падзарадка» іх аптымізмам і жаданнем жыць.

Гэтыя свае думкі і разважанні асаблівым чынам скіроўваю да закранутых цярпеннем маладых людзей, якія бунтуюць і напоўнены крыўдаю, якія, можа, знаходзяцца на самым пачатку сваёй «барацьбы», і паўтараю яшчэ раз: «Не адчайвайцеся і не здавайцеся ў сваіх цярпеннях і сумненнях! Жыццё непаўнаспраўных асобаў з’яўляецца дарам і цудоўным урокам пакоры».

Ю. Л.
З польскага часопіса
«Wstań», № 3(81)/2002.

МАЛІТВА ХВОРАГА

Я прасіў Бога даць мне сілы, каб мог споўніць смелыя задумы, а Ён учыніў мяне слабым, каб я захоўваў пакору.
Я маліўся аб здароўі, каб здзяйсняць вялікія справы, а Ён даў мне цярпенне, каб я мог лепей зразумець, чым ёсць здароўе.
Я прасіў Яго аб багацці, каб я мог мець усё, а Ён пакінуў мяне ва ўбостве, каб не стаў эгаістам.
Я прасіў Яго аб уладзе, каб я быў патрэбны людзям, а Ён спаслаў мне прыніжэнне, каб гэта мне былі патрэбны іншыя.
Я прасіў Бога даць мне ўсё, каб я мог цешыцца жыццём, а Ён пакінуў мне жыццё, каб мог цешыцца ўсім.

Пане, Ты не даў мне нічога з таго, што я прасіў, але даў мне ўсё, што мне патрэбна, і то нібыта супраць маёй волі. Нават малітвы, з якімі я не звяртаўся да Цябе, былі выслуханыя. Хвала Табе, Пане мой, бо ніхто з людзей не мае больш, чым я!

Сёрэн К’еркегор