Што такое касцёльны суд? Якія пытанні ўваходзяць у яго кампетэнцыю?

Я. Кузьміч з Ліды

На пытанне адказвае ксёндз Дзмітрый Барыла, магістар кананічнага права, аспірант юрыдычнага факультэта Люблінскага каталіцкага універсітэта, суддзя Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў г. Мінску, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

На працягу некалькі апошніх гадоў, дзякуючы Божаму Провіду, адраджаюцца касцёльныя структуры на Беларусі. Адраджаюцца іерархічныя, персанальныя і тэрытарыяльныя структуры. Усё часцей з вуснаў людзей, звязаных з Касцёлам, можна пачуць словы, якія да нядаўняга часу сустракаліся толькі ў замежнай літаратуры: сінод, курыя, капітула, канон і шмат іншых. З'явілася таксама паняцце «касцёльны суд». Што гэта такое, навошта патрэбны касцёльны суд і якая яго мэта? На гэтыя пытанні паспрабую адказаць згодна з вучэннем кананічнага права Каталіцкага Касцёла.

1. Паняцце судовай улады Касцёла

Кожны дыяцэзіяльны біскуп абавязаны кіраваць даручаным яму мясцовым Касцёлам (дыяцэзіяй), у якім ён выконвае сваю заканадаўчую, выканаўчую і юрыдычную ўладу. Гэта ўлада з'яўляецца часткай улады кіравання, якой Касцёл, як дасканалая супольнасць, валодае па Божаму прызначэнню. «Біскупы выключна і рэальна прымаюць на сябе місію самога Хрыста - Настаўніка, Пастыра і Святара - і замяшчаюць Яго (in Eius persona)…» (КК 21). З юрыдычнай улады Касцёла вынікае права на правасуддзе касцёльных судоў.

Чалавек мае суб'ектыўныя правы і прымае на сябе абавязкі адносна іншых. Святар, законная асоба і вернікі маюць свае правы і абавязкі. У выпадку, калі прававыя адносіны выклікаюць сумненне, іх трэба канкрэтна высветліць; калі права можа быць парушана, трэба загадзя засцерагчы яго альбо выправіць зробленае; калі абавязкі не выконваюцца, трэба прымусіць іх выканаць, а вінаватых пакараць. Кожны, хто стаў членам супольнасці, якой з'яўляецца Касцёл, мае права карыстацца сваімі правамі і выконваць свае абавязкі, пры гэтым нельга парушаць права іншага і шкодзіць супольнай карысці. У выкананні сваёй улады Касцёл незалежны ад дзяржаўнай улады, таму справы ў сваіх межах разглядае на падставе ўласнага права, змешчанага ў Кодэксе кананічнага права ад 1983 года.

Уласнай і выключна касцёльнай судовай дзейнасці падлягаюць (кан. 1401):

1) справы, якія датычаць духоўных рэчаў і духоўных асобаў (веры і маральнасці, сакрамантаў і сакраманталій, культу, касцёльных пасадаў, святаў, абавязкаў духоўных і законных асобаў, касцёльнай юрысдыкцыі, касцёльнай маёмасці і касцёльнага пахавання);

2) парушэнне касцёльных законаў і ўсе іншыя справы, дзе з'яўляецца грэх, - у тым ліку, што датычыць распазнавання віны і вызначэння касцёльнага пакарання.

Арганізацыя касцёльнай судовай дзейнасці базуецца галоўным чынам на тэрытарыяльным падзеле Касцёла на дыяцэзіі і мітраполіі. Таму суды падзяляюцца на суды дыяцэзіяльныя, мітрапалітальныя і суды Апостальскай Сталіцы. Часцей за ўсё дыяцэзіяльныя суды з'яўляюцца судамі першай інстанцыі, мітрапалітальныя - другой. Суд Апостальскай Сталіцы (Рымская Рота) у асноўным выступае апеляцыйным судом другой і далейшай інстанцый, а Апостальская Сігнатура - найвышэйшым рэвізійным судом.

Святы Айцец - гэта найвышэйшы суддзя каталіцкага свету (пераважна разглядае справы праз Рымскую Роту і Апостальскую Сігнатуру), таму кожнаму верніку дазволена перанесці альбо спачатку падаць на разгляд у Апостальскаю Сталіцу (кан. 1417) сваю справу, ці то спрэчную, ці то карную, з трыбунала (суда) кожнай інстанцыі і на кожным спрэчным этапе.

У кожнай дыяцэзіі і для кожнай справы, не выключанай правам, суддзёю першай інстанцыі з'яўляецца дыяцэзіяльны біскуп, які можа выконваць сваю ўладу асабіста альбо праз іншых у адпаведнасці з пастановамі кананічнага права. Як правіла, у кожнай дыяцэзіі, згодна з нормамі права, біскуп устанаўлівае касцёльны суд, які разглядае і вырашае ў першай інстанцыі ўсе (не выключаныя правам) спрэчныя і карныя справы.

2. Працэс аб вызначэнні несапраўднасці касцёльнага сужэнства

Найбольш частай справай у дыяцэзіяльным судзе з'яўляецца працэс аб вызначэнні несапраўднасці касцёльнага сужэнства.

У Касцёле ніколі не было і не можа быць разводаў. Грамадзянскія суды, якія даюць развод, скасоўваюць грамадзянскі, а не касцёльны шлюб. Яны не могуць скасаваць сакраманту сужэнства. Пасля грамадзянскага разводу каталіцкія сужэнцы і надалей застаюцца сужэнствам перад абліччам Бога і Касцёла. Аднак здараецца, што ў некаторых выпадках сужэнства прызнаецца несапраўдным з прычыны парушэння ўмоў заключэння сапраўднага сужэнства. Мэтай працэсу ў касцёльным судзе з'яўляецца доказ таго, што сужэнства было заключана несапраўдна, інакш кажучы, фактычна ніколі не існавала. Таму абодва бакі, якія ў дзвюх інстанцыях атрымаюць станоўчае заключэнне аб несапраўднасці свайго сужэнства, могуць утварыць новы сужэнскі саюз.

Права на абвінавачванне ў несапраўднасці сужэнства маюць выключна сужэнцы і, у надзвычайнай сітуацыі, абаронца справядлівасці (калі несапраўднасць публічна вядомая і няма іншай магчымасці выправіць сітуацыю). Артыкулы аб несапраўднасці сужэнства могуць вынікаць з існавання перашкоды, якая не дазваляе заключыць сапраўднае сужэнства (перашкода ўзросту, імпатэнцыі, грамадзянскага шлюбу, розных рэлігій, пасвячэння ў духоўны сан, складзенага шлюбу цнатлівасці ў законе, выкрадання, злачынства, кроўнай роднасці, сваяцтва, юрыдычнай роднасці, духоўнай роднасці для католікаў усходняга абраду), з-за недахопу поўнай згоды на заключэнне сужэнства (памылка адносна асобы, падман, прымус, абгрунтаваны страх, сімуляцыя, памылка адносна неразрыўнасці сужэнства, адсутнасць асэнсаванага падыходу да ўсведамлення істотных сужэнскіх праў і абавязкаў, няздольнасць прыняць і выканаць іх у сужэнстве), а таксама пры незахаванні кананічнай формы (у нармальных умовах у прысутнасці кваліфікаванага сведкі - святара альбо дыякана - і двух звычайных сведкаў). Сужэнства лічыцца несапраўдным, калі пералічаныя прычыны існуюць перад і ў момант выказвання згоды на заключэнне шлюбу. У выпадку, калі прычыны з'явіліся ў часе існавання сужэнскага саюзу, яны не могуць быць прычынай несапраўднасці. Мэта касцёльнага працэсу - гэта доказ існавання прычыны несапраўднасці сужэнства ў момант выказвання згоды. Два ўзгодненыя заключэнні аб несапраўднасці сужэнства набываюць юрыдычную сілу і даюць магчымасць абодвум бакам заключыць новае сужэнства.

Аднак некаторыя прысуды ў залежнасці ад артыкула працэсу могуць накладаць забарону на заключэнне новага сужэнства (напр., з артыкула аб няздольнасці прыняць і выканаць галоўныя сужэнскія абавязкі з прычыны «псіхічнай прыроды», альбо няздольнасці тых, хто ў недастатковай ступені надзелены цвярозым розумам).

Вызначэнне несапраўднасці сужэнства датычыць неіснавання сужэнства ўвогуле. У адрозненне ад грамадзянскага разводу, які лічыць, што кожнае сужэнства існуе, трывае, а на падставе выдадзенага прысуду перастае існаваць, у касцёльным працэсе не можа весціся размова пра развод, бо несапраўднае сужэнства ніколі не існавала, нягледзячы на праведзеную касцёльную цырымонію, супольнае жыццё, народжаных дзяцей і г.д. Праведзеная цырымонія не выклікала ніякіх прававых вынікаў і не была сакрамантам. Аднак яна, як публічная цырымонія, падлягае асуджэнню кампетэнтнай улады, а гэта значыць - касцёльнага суда.

* * *

Касцёл па Божаму прызначэнню павінен клапаціцца пра духоўнае дабро сваіх вернікаў і стаяць на абароне праўды і маральнасці. Святарам вельмі часта даводзіцца спалучаць па прыкладзе Божага Сына міласэрнасць з справядлівасцю. Касцёльнае заканадаўства прасякнута гэтай думкай, а пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца апошні канон 1752 Кодэкса кананічнага права ад 1983 года, які выступае асновай усяго заканадаўства. У ім гаворыцца, што найвышэйшым правам (suprema lex) у Касцёле заўсёды павінна быць збаўленне душаў (salute animarum). Гэта і ёсць галоўная мэта юрыдычнай дзейнасці кожнага біскупа, а таксама дзейнасці касцёльных судоў, якія ім прызначаны.