Вяночак да Божай Міласэрнасці – мая самая ўлюбёная малітва, і ў жыцці маім яна мае вялікае значэнне. А пачалося ўсё з дзённікаў святой Фаустыны, сабраных у кнігу «Божая Міласэрнасць у маёй душы». Чытаючы іх, я думала, што Езус Хрыстус звяртаецца не толькі да Фаустыны, але і асабіста да мяне. Упэўненасць у гэтым часам была такой моцнай, што пачыналі каціцца слёзы, а душу перапаўняла незвычайнае святло. У такія хвіліны мне вельмі хацелася выконваць тое, аб чым просіць Пан, а менавіта: штодзённа а 15-й гадзіне разважаць аб пакутах Езуса Хрыста і маліцца вяночак да Божай Міласэрнасці; распаўсюджваць гэтую малітву, а таксама абразкі Езуса Міласэрнага; рабіць справы міласэрнасці і г.д. Неверагодна дзіўны імпульс да гэтага я атрымала ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве, дзе знаходзіцца цудоўны абраз Езуса Міласэрнага і гроб святой Фаустыны. Тое, што перажыла ў гэтым святым месцы мая душа, немагчыма перадаць словамі. Падышоўшы бліжэй да абраза Езуса Міласэрнага і ўкленчыўшы, я ледзьве не самлела ад здзіўлення і захаплення. Перада мной быў жывы Езус, ва ўсялякім разе я Яго так успрыняла. Ён быў засмучаны, з заплаканымі вачыма. Маё сэрца сціснуў боль. Падчас малітвы ў глыбіні душы пачула словы: «Яшчэ вельмі многія не ведаюць аб Маёй Міласэрнасці, памажы ім...» Як жа цяжка было пакідаць гэта месца. Было адчуванне, што цябе трымае моцны магніт і адрывацца ад яго балюча нават фізічна…

Пачыналася Святая Імша, але наша група не планавала на ёй застацца і ўсе сабраліся выходзіць. Душа мая закрычала: «Езу, зрабі што-небудзь, каб мне застацца на гэтым набажэнстве!» Літаральна праз некалькі хвілін падышоў кіраўнік групы і сказаў: «Калі хочаш, застанься на Імшы, бо мы вырашылі зрабіць экскурсію па кляштары, і час у цябе ёсць». Ці не цуд гэта?!

Па-за сценамі Санктуарыя мы адразу прайшлі выпрабаванне на міласэрнасць. Не зусім цвярозы пажылы мужчына цягнуў да нас руку і гаварыў штосьці не вельмі зразумелае. Усе падумалі, што ён просіць грошай, але я ўсё ж запытала, чаго ён хоча. Стары папрасіў падаць яму руку, бо з-за хваробы нагі не можа ўзысці на прыступку аўтобуснага прыпынку. Ён доўга потым дзякаваў за гэты просты жэст, а я дзякавала Міласэрнаму Богу за тое, што не дазволіў адвярнуцца ад хворага чалавека...

Выпадак у электрычцы

Неяк з шаснаццацігадовай дачкой мы ехалі ў электрычцы ў маладзечанскім напрамку. Раптам на суседняй лаўцы пачаў страшэнна крычаць аднагадовы хлопчык. Як потым высветлілася, ён цяжка хворы, ляжаў у Мінску ў бальніцы, і цяпер бацькі везлі яго дадому. Ён крычаў так моцна, што людзі пачалі выбягаць у суседнія вагоны. Маці яго і насіла, і калыхала, і спрабавала карміць, але ўсё было дарэмна. Пакрыўшыся буйным потам, ён сінеў ад крыку. Я прапанавала дачцэ памаліцца за гэта дзіця вяночак да Божае Міласэрнасці. На сярэдзіне нашай малітвы дзіця сціхла. Прычым раптоўна, на тым жа гуку, крык перапыніўся на самай высокай ноце. Хлопчык імгненна заснуў, не паспеўшы нават закрыць рот. Дачка мая з радасцю ўсклікнула: «Гэта малітва дапамагла, праўда, мама!» «Зразумела, яна», — адказала я, бязмерна радуючыся за супакоенае дзіця і за тое, што мая дачка, якой яшчэ не хапае веры ў моц малітвы, атрымала гэта яскравае сведчанне...

Езус пачуў нават на рынку

Моц малітвы вяночка да Божай Міласэрнасці сапраўды не мае межаў. Нават у жыццёвых драбніцах наш Пан не пакідае нас, не выслухаўшы. Прыпамінаецца такі выпадак. Мы з дачкой пайшлі на рынак, каб купіць ёй верхнюю вопратку на восень. Вядома ж, хацелася купіць рэч добрую, але не вельмі дарагую. Пахадзіўшы па рынку, нічога не знайшлі. Дачка ледзь не плакала. Я зірнула на гадзіннік, а там амаль 1500. У нашай сям’і ёсць святое правіла: а 15-й гадзіне, дзе б хто ні быў, павінен памаліцца вяночак да Божай Міласэрнасці. Дзіўна, каб і хацеў забыцца, у гэты час нехта нябачны нібы нагадвае паглядзець на гадзіннік. Мы адышлі ад натоўпу і памаліліся. У канцы малітвы я міжволі ўспомніла, куды яшчэ трэба схадзіць па нашую пакупку. І, сапраўды, там мы купілі добрую рэч і не вельмі дорага. Вельмі хочацца, каб людзі зразумелі, што Божай Міласэрнасцю прасякнута ўсё наша жыццё. І чым большы давер, тым большыя ласкі.

Ацаленне Алены

Мая прыяцелька Алена да нядаўняга часу была няверуючым чалавекам. Аднойчы яна мне сказала: «Мяне здзіўляе твая шчырая вера ў Бога. Напэўна, нейкае гора змусіла цябе да гэтага». Я ёй тады адказала, што не трэба чакаць бяды для таго, каб звярнуцца да Пана Бога. І я нібыта напрарочыла.

У хуткім часе пасля гэтай размовы Алена, ідучы з магазіна дамоў, спатыкнулася на роўным месцы і ўпала. Адчула невялікі боль у назе, але хутка ён прайшоў. Праз некалькі месяцаў нага ў ступні апухла. Дыягназ быў несуцяшальны – анкалагічная пухліна. Пачалася серыя аперацый. А калі Алену рыхтавалі да наступнай, высветлілася, што ўжо ёсць метастазы ў лёгкіх. У гэты перыяд яе пакінуў муж, з якім яны, здавалася, і жылі нядрэнна. Дома засталіся дзве дачкі 12-ці і 13-ці гадоў. Пасля чарговай аперацыі, калі Алена ляжала ў рэанімацыі, былы муж спраўляў сваё вяселле. Трэба аддаць належнае Алене і сказаць, што трымалася яна вельмі мужна.

У гэты час я расказала ёй пра цудоўную малітву – вяночак да Божай Міласэрнасці і прапанавала памаліцца. Разам з намі ў кватэры тады маліліся Аленіны дочкі, а таксама яе родная сястра з двума сваімі сынамі. Пасля малітвы Алена вельмі ўзрушана сказала, што перажыла ў гэты момант нешта незразумелае. Яна адчула такую гарачыню, нібыта яе акацілі гарачай вадой. Потым гэтае цяпло яна адчувала ўвесь вечар.

Цяпер Алена і яе дзеці часта бываюць у царкве (яны праваслаўнага веравызнання), ходзяць да споведзі і прымаюць Святое Прычасце, моляцца.

Апошняе абследаванне паказала дзіўныя вынікі: метастазы ў лёгкіх знікаюць. Нага таксама прымае нармальны выгляд, і Алена ходзіць без кія. Яна ўпэўнена, што смерць ад яе адступіла, а дапамог ёй Езус Хрыстус, на чыю Міласэрнасць яна спадзяецца і бясконца ёй давярае.

Г. К.