З 22 па 26 студзеня ў сталіцы Філіпінаў Маніле праходзіла IV Сусветная сустрэча сем’яў пад назвай «Хрысціянская сям’я – Добрая Навіна для трэцяга тысячагоддзя». Арганізатарам гэтай сустрэчы была Апостальская Сталіца, але Святы Айцец Ян Павел II не мог, на жаль, на ёй прысутнічаць. Яго прадстаўніком быў Папскі легат, старшыня Папскай Рады па справах сям’і кардынал Альфонсо Трухільё.

Нягледзячы на тое, што Маніла, горад з дзесяцімільённым насельніцтвам, знаходзіцца далёка ад Еўропы, з другога боку экватара, на сустрэчу прыбыло 6 тысяч дэлегатаў з 82 краінаў. Сярод іх было 9 кардыналаў, 193 біскупы, 320 святароў, 67 тэолагаў. У сувязі з тым, што пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі я адказваю за справы сям’і, мяне вызначылі дэлегатам на гэтую сустрэчу ад Каталіцкага Касцёла нашай краіны.

У Маніле я неаднаразова сустракаўся з дэлегатамі Біскупскіх Канферэнцый суседніх краін: Польшчы, Літвы, Расіі, Славакіі. Хоць клімат на Філіпінах зусім іншы, чым у Беларусі – у студзені тэмпература ўдзень +320, а ўначы +280 – дэлегаты адчувалі сябе добра.

Філіпіны – каталіцкая краіна з насельніцтвам каля 80 мільёнаў чалавек. Дзяржаўная ўлада прыхільна ставіцца да ўсіх прапаноў Каталіцкага Касцёла. Арцыбіскуп Манілы, кардынал Джэйм Сіп карыстаецца вялікай павагай ва ўсёй краіне. Падчас падрыхтоўкі да Сусветнай сустрэчы сем’яў дзяржава актыўна супрацоўнічала з Касцёлам. Для канферэнцый былі выдзелены вялікія памяшканні ў Кангрэс-цэнтры, дзе змясціліся ўсе запрошаныя дэлегаты.

Значнай падзеяй стаў трохдзённы тэалагічна-душпастырскі кангрэс. Сабраных у галоўнай зале філіпінскага Кангрэс-цэнтру прывітаў старшыня арганізацыйнага камітэту гэтай сустрэчы біскуп Сакратэс Віллегас. Ён у прыватнасці сказаў: «Мы – бедная краіна і маладая дэмакратыя, але мы багатыя нашай верай і нашай любоўю да сям’і». Гучнымі воплескамі былі падтрыманы словы арцыбіскупа Манілы кардынала Джэйм Сіпа: «Я ганаруся, што Філіпіны ўвогуле, а ў прыватнасці Маніла, яшчэ раз былі абраныя Святым Айцом для такой важнай падзеі ў жыцці Касцёла».

«Сям’я – шлях Касцёла» – такая была тэма выступлення кракаўскага мітрапаліта кардынала Францішка Махарскага.

На кангрэсе ішла гаворка пра спад натуральнага прыросту насельніцтва ў развітых краінах. «Сёння дэмаграфічная сітуацыя ў багатых краінах вымушае іх карыстацца дэмаграфічным капіталам краін, у якіх дэмаграфічная структура і надалей застаецца адпаведнай» – адзначыла прафесар Разалінда Валензава. – Гаспадарка становіцца дынамічнай, калі ёю кіруюць маладыя людзі, аднак праз 15 гадоў застанецца так мала прафесійна актыўных японцаў, што гэтая краіна будзе вымушана імпартаваць працоўную сілу, і, верагодна, з Філіпінаў», — сказала прафесар.

У апошнія дні кангрэсу гаворка ішла пра місіі і экуменізм. «Вельмі добра, што менавіта Азія была вызначана месцам сустрэчы сем’яў на парозе III тысячагоддзя, — гаварыў Генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Азіі арцыбіскуп Освальд Гамэз. – У Азіі мы працягваем з пашанай ставіцца да сямейных каштоўнасцяў і да духоўнасці». Ён таксама адзначыў, што 97% жыхароў Азіі не ведае Хрыста. Аднак усе жыхары кантыненту вельмі рэлігійныя людзі, а ўсе рэлігіі ў Азіі сур’ёзна ставяцца да сем’яў. На думку арцыбіскупа, гэта можа стаць падставаю для сустрэчы Каталіцкага Касцёла з мясцовымі рэлігійнымі традыцыямі. Адной з найвялікшых пагрозаў для працы з сем’ямі арцыбіскуп лічыць беднасць. І не толькі матэрыяльную, але і бядоту, што закранае людзей багатых, якія могуць мець усё, што пажадаюць, але не ўсё, чаго патрабуюць.

Вельмі глыбокімі і цікавымі былі ўсе тэалагічна-душпастырскія разважанні аб сям’і. Мне ўдалося набыць аўдыёзапісы з прамовамі дакладчыкаў. Усе яны на англійскай мове, але спадзяюся, што мы перакладзем іх на беларускую мову і надрукуем асобным выданнем, якое дапаможа тым, хто працуе з сям’ямі ў нашай краіне і ўсім, для каго справы сям’і неабыякавыя.

На працягу ўсяго кангрэсу яго суправаджалі музыка і танец. Кожны цыкл лекцый распачынаўся харэаграфічнай мініяцюрай. Вялікае ўражанне на сабраных зрабіў мініспектакль «Хрыстус у Азіі, Хрыстус у Кітаі», у якім з дапамогай пантамімы былі паказаны часы пераследу Касцёла ў гэтай краіне.

Нягледзячы на тое, што Святы Айцец асабіста не прысутнічаў на кангрэсе, 25 студзеня пантыфік звярнуўся да сотняў тысяч сабраных на плошчы Ліонета, дзякуючы спадарожнікавай сувязі, і адзначыў, што ў думках і малітвах знаходзіцца разам з імі, у Маніле.

Папа растлумачыў сэнс слоў «Хрысціянская сям’я – Добрая Навіна для трэцяга тысячагоддзя» і падкрэсліў, што прызванне сям’і, якая жыве Евангеллем, вельмі высокае: сваім жыццём яна дае сведчанне веры.

Святы Айцец заклікаў сем’і з радасцю сведчыць аб Хрысце, быць святлом для свету і прыкладам на кожны дзень для іншых сем’яў. Сям’я павінна быць руплівай у выкананні свайго паклікання. Сужэнства – гэта спецыфічны спосаб быць вучнямі Хрыста. Сям’я паклікана будаваць Божае Валадарства, імкнуцца да святасці, — падкрэсліў Папа.

Ён таксама заклікаў сем’і прыняць любоў, якую яны атрымалі ад Бога ў сакраманце сужэнства. Сужэнская любоў можа надаць жыццю вялікі сэнс, даць моц і радасць. Яна павінна быць ахвярнай, альтруістычнай, вернай аж да смерці, плённай і здольнай прабачаць.

На дарозе да дасканаласці сужэнская пара не адзінокая: Хрыстус спадарожнічае сям’і ва ўсе хвіліны жыцця.

Сям’я, заснаваная на сужэнстве – спадкаемца чалавецтва, яна з’яўляецца найвялікшаю каштоўнасцю, неабходнаю для жыцця, развіцця і будучыні народаў. Згодна з планам Бога, яна стварае асяроддзе, у якім асоба мае сваё зачацце, нараджаецца, расце і развіваецца. Сям’я, якая належным чынам фармуе асобу, неабходная для сапраўднай экалогіі чалавецтва, — падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся да энцыклікі «Centesimus annus».

Ян Павел II заклікаў сем’і да актыўнага ўдзелу ў жыцці свету і Касцёла, падкрэсліў неабходнасць малітвы, асабліва ружанцовай, у сям’і і за сям’ю.

На заканчэнне Папа заклікаў, каб Евангелле было своеасаблівым Статутам, якім кіруецца сям’я, і выказаў упэўненасць, што тады сямейнае жыццё будзе старонкай Евангелля, напісанай для нашага часу.

Напрыканцы кангрэсу былі прыняты выніковыя пастановы.

У кангрэсе прымалі ўдзел не толькі дарослыя, але таксама дзеці і моладзь, якія выпрацавалі свой зварот да свету: «Молімся аб супакоі і абвяшчаем супакой. Мы гаворым ад імя ненароджаных дзяцей, дзяцей вуліцы і дзяцей, якія вымушаны працаваць. Гаворым ад імя дзяцей і моладзі, бацькі якіх жывуць паасобку альбо ў разводзе, ці былі вымушаныя выехаць у іншыя краіны ў пошуках хлеба». «Кангрэс сыноў і дачок» выступіў таксама супраць абортаў і за абарону жыцця ад зачацця і да натуральнай смерці. «Заклікаем дзяцей і моладзь да актыўнага ўдзелу ў сваіх супольнасцях веры – у парафіях і ў дыяцэзіях. Заклікаем таксама да ўдзелу ў катэхезе, у літургічных урачыстасцях і ў службе самым малым».

26 студзеня IV Сусветная сустрэча сем’яў закончылася Святой Імшой. На пачатку Імшы на алтар была прынесена фігурка Дзіцяці Езуса. Падчас яе прадстаўнікі сем’яў аднавілі свае абавязкі жыць Евангеллем кожны дзень.

У гаміліі кардынал Альфонсо Лойпез Трухільё заклікаў да ўмацавання ролі сям’і і да рашучага супрацьстаяння абортам і кланаванню людзей. «Кожнае дзіця мае права на жыццё, любоў і вучобу. Не ператварайце вашыя дамы ў труны, ніхто не мае права ненавідзець і забіваць чалавека, якога стварыў Бог».

Біскуп Антоні Дзям’янка г. Гродна
Фота з архіва біскупа А. Дзям’янкі.

ВЫСНОВЫ ПАСТАРАЛЬНА-ТЭАЛАГІЧНАГА КАНГРЭСУ