Як жа часта прыходзіцца чуць ад маладых і нават не вельмі маладых людзей, што пра душу ім клапаціцца яшчэ рана. Не ідзе з галавы нядаўняя размова з маладой жанчынай, прадаўцом камерцыйнага магазіна. Я зрабіла заўвагу на яе непрыстойныя словы і паводзіны, нагадала пра несмяротную душу, якая пакутуе ад такога бруду. У адказ пачула, што пра душу яна пачне думаць у гадоў 60. А яе сяброўка, якая была побач, наогул залямантавала: «Якая душа, дзе яна, хто яе бачыў? Не расказвайце нам тут байкі...»

Я запыталася ў першай жанчыны, ці яна ўпэўнена ў тым, што дажыве да 60-ці гадоў? Адказ быў аптымістычны. Не ведаю чаму, але ў гэты момант прыпомнілася мінская трагедыя 1999 года ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга», і я сказала: «Тыя дзеці, што там загінулі, напэўна, таксама думалі дажыць да старасці…» Дзяўчына неяк збянтэжылася, нават уздрыгнула і, не знайшоўшы, што адказаць, змоўкла. Аднак яе сяброўка, не змяняючы вясёламу настрою, неяк нават з выклікам прамовіла: «З намі такога не здарыцца».

Лацінскае выслоўе гаворыць: самае пэўнае ў жыцці – смерць, а самае няпэўнае – гэта яе час. Менавіта з прычыны гэтай няпэўнасці часу мы павінны заўсёды быць падрыхтаванымі да адыходу ў вечнасць. Аднак смерць успрымаецца многімі як нешта такое, што здараецца толькі з іншымі. Чаму? Ці не таму, што душа чалавека – несмяротная. І ў падсвядомасці гэта інфармацыя ёсць. Іншая справа, што чалавек часта жыве не ў згодзе са сваёй душой. Нават не верыць у яе існаванне. Але ад таго, верыць чалавек у гэта ці не, Бог не перастае існаваць, як і не перастае існаваць жывая несмяротная душа. Душа кожнага з нас (веруючы ты ці атэіст) не проста верыць у Бога, але ведае, што Ён існуе, бо яна бачыла свайго Творцу і свайго Збаўцу. Нездарма народная мудрасць кажа, што па сваёй прыродзе кожная душа – хрысціянка. Яна добра ведае, што смерці няма, а ёсць пераход у іншы стан існавання. У Святым Пісанні пра гэта сказана: «Бо мы ведаем, што, калі зямны наш дом, хаціна разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, вечны» (2 Кар 5, 1). Там сказана і пра тое, што «...цела хоча супраць духу, а дух супраць цела: яны адно аднаму працівяцца, каб вы не тое рабілі, чаго хацелі б» (Гал 5, 17). І вядома ж, шчаслівы той чалавек, у якога душа возьме верх над целам, і ён адчыніць сваё сэрца для Бога. А магчымасць такая ёсць у кожнага, бо няма чалавека, якога б Бог не клікаў, якому б не даваў ласкі навяртання. Але, на жаль, не ўсе адгукаюцца і адкрываюцца на Ягоную ласку.

Яна не збiралася памiраць…

Гэта гісторыя здарылася летам мінулага года ў Мінску, а расказаў яе мне каталіцкі святар.

Гадоў пяць таму, калі ён цяжка захварэў, яму вельмі дапамагла адна дакторка, назавем яе Ліліяй Іванаўнай. Гэта была жанчына гадоў 55-ці, няверуючая, нават неахрышчаная. Жыццё яе было няпростым, хапала ўсяго, граху ў тым ліку, бо запаведзі Божыя ігнараваліся як свядома, так і несвядома. Доўгі час працавала гінеколагам і, вядома ж, даводзілася рабіць аборты (ужо бліжэй да пенсіі перакваліфікавалася ў тэрапеўты). Але Бог нікім не пагарджае. І менавіта для грэшнікаў прыйшоў на зямлю Езус Хрыстус: «...не здаровым патрэбен лекар, але хворым. Я прыйшоў клікаць не святых, але грэшнікаў да пакаяння» (Мк 2, 17).

Набліжаўся Езус і да Ліліі Іванаўны: клікаў за сабой праз веруючых людзей. Неўзабаве даведалася, што яе калега па працы – каталічка. Некалькі разоў Лілія адгукалася на яе запрашэнні і прыходзіла да касцёла. Потым Міласэрны Бог, праз хваробу ксяндза, паслаў і яго ёй на дапамогу. Хаця па чалавечых мерках здавалася, што ўсё наадварот.

Знаёмства са святаром прымусіла жанчыну больш сур’ёзна задумацца над сваім жыццём. Аднак крок насустрач Богу і Яго святым сакрамантам яна рабіць не спяшалася. Шчыра прызналася, што для яе гэта пакуль што цяжка і не зразумела. Нават жартавала, што паміраць не збіраецца і часу яшчэ хопіць.

Некалькі гадоў яны не бачыліся, а потым выпадкова спаткаліся ў горадзе. Святар добра разумеў, што нічога выпадковага няма і што Бог пасылае яму гэту бедную душу ў апеку. Лілія Іванаўна зрэдку з’яўлялася ў касцёле, аднак далей фармальнай прысутнасці справа не ішла. Затое яе дачка больш сур’ёзна паставілася да паклікання звыш і пачала хадзіць з дзецьмі ў касцёл пастаянна.

Ксёндз не раз заводзіў размову з Ліліяй Іванаўнай адносна яе хросту і сакраманту споведзі, аднак тая далікатна адмаўлялася: яшчэ не час. Міласэрны Бог у сваёй бясконцай любові спасылаў жанчыне ўсе мажлівасці, каб тая адчыніла сэрца на Яго ласку. Ёй нават была дадзена магчымасць на свае вочы ўбачыць прыклад неспадзяванай смерці і цуд збаўленай душы. Здарылася гэта на Старамаскоўскай шашы. Святар у той дзень вяртаўся ад хворага і з ім была Лілія Іванаўна. Ехалі ўвечары і раптам убачылі наперадзе нейкую мітусню. Аказалася, што пад колы легкавой машыны, якая ехала перад імі, трапіла дзяўчына гадоў 20-ці. Яна ішла па ўзбочыне шашы з хлопцам. Невядома, што там здарылася, ці ён яе штурхануў, ці яна сама была неасцярожнай, але ў імгненне вока апынулася пад машынай. Пакуль выклікалі і чакалі «хуткую дапамогу», Лілія Іванаўна ратавала дзяўчыну. Святар запытаў у хлопца, які біўся ў істэрыцы, ці яна ахрышчаная. Зразумеў, што не. Неўзабаве прыехала «хуткая» і дзяўчыну павезлі ў бліжэйшую бальніцу. Праз некаторы час з аперацыйнай выйшаў урач і сказаў святару: «Мы не змаглі выратаваць цела, вы ж ратуйце душу». На шчасце, ксёндз паспеў ахрысціць дзяўчо.

Невядома, пра што думалася Ліліі Іванаўне, калі ехала назад пасля таго сумнага выпадку. Можа, як доктару, ёй не ў навіну была гэта трагічная смерць. А можа душа ёй нешта шаптала ці нават крычала ў нядобрым прадчуванні – яна не магла тады маўчаць. Але, калі голас душы быў няўлоўна-далёкім, то словы святара, якімі прамаўляў сам Бог, павінны былі ўзрушыць і абудзіць ад доўгай духоўнай спячкі. «Бачыце, — сказаў ёй ксёндз, — як хутка можа абарвацца жыццё. Гэтай дзяўчыне пашанцавала і Бог даў ёй перад смерцю ласку хрышчэння. Але не заўсёды так бывае...» І на гэты раз Лілія Іванаўна не паспяшалася насустрач Міласэрнаму Айцу, які так доўга і цярпліва чакаў сваё дзіця.

Яна збіралася ў адпачынак на Балтыйскае мора, і ўсе яе думкі і мары былі занятыя гэтым. Лілія Іванаўна па натуры была чалавекам вельмі актыўным, нават у гэтыя свае гады лічылася нядрэннай спартсменкай. Асаблівых праблем са здароўем не мела, клопатаў з дзецьмі – таксама: яны ўжо дарослыя. Не губляла надзеі на асабістае шчасце, якое пакуль што не ўдавалася. Але здарылася так, як папярэджваў Езус Хрыстус у Евангеллі: «Глядзіце, не спіце, бо не ведаеце, калі прыйдзе час» (Мк 13, 33).

Лілія Іванаўна трагічна загінула ў першыя ж дні свайго доўгачаканага адпачынку. Пераацэньваючы свае здольнасці, яна плавала ў неспакойным моры і патанула.

Сумна і балюча. На пахавальнай Імшы ксёндз не мог стрымаць слёз. А з ім і ў ім, напэўна, плакаў Езус. Ён так доўга клікаў сваю «заблуканую авечку». Цярпліва чакаў, шануючы вольную волю, якую даў кожнаму чалавеку...

Цяпер застаецца толькі малітва за гэту бедную душу. І мы просім Добрага Езуса прабачыць нашай няшчаснай сястры і спаслаць ёй сваю бясконцую Міласэрнасць у вечнасці.

Галіна Горская