Анжаліна Дабравольская нарадзілася ў Мінску. У 1991 г. скончыла БДУ. Працавала ў Музеі народнай архітэктуры і побыту. Цяпер жыве і працуе ў Гродне. Вершы друкаваліся ў «Днях паэзіі», у часопісе «Першацвет», у зборніку «Квадра». Выдала зборнік вершаў «Пазамежнасць» (1994). Адна з аўтарак зборніка гродзенскіх паэтаў «Лабірынты прывіднага замку» (Беласток, 2000). Гадуе сына Янку, які служыць міністрантам у касцёле ў Азёрах, што на Гродзеншчыне.

Яначку
Не пішацца верш –
            Ці жыццё не жывецца?
Ужо колькі гадоў
            Між зямлёю і небам...
І есца, і п’ецца, але—
            Не пяецца...
Не выспела, пэўна,
            Калоссе для хлеба...

Калісьці ж – радзіла,
            Як зерне садзіла,
Слязьмі палівала...
            Цябе гадавала...
Ды мала, напэўна,
            Душы аддавала...
Нягож – каралеўна –
            Сябе шкадавала!..

У полі сцяблінка –
            Мурашцы хацінка,
Валошка, званочак –
            То смеху збаночак.
У Бога –
            ніводнай душы –
                        сірацінкі...
Усміхніся –
            і разам пакрочым, сыночак,
Ад цемры –
            да яснага сонца, сыночак...

* * *
… У любові –
            не прызнаюся ніколі,
каб думкаю суладдзе
            не парушыць.
Ды каласы схінаюцца у полі,
і Лік Нябёсны –
            між галінаў грушавых...

Струменіць жыццядайная крыніца,
І Неба расхінутае – як кніга:
Прыпасці б да яе –
                        і наталіцца,
І мудрасці адвечнае напіцца,
І гаркаты жыццёвае пазбыцца –
Каб у малым адкрылася –
                        Вялікае...

* * *
Ці час мне ўжо вяртацца на зямлю?
Ці шчэ дасі лунаць ў Тваіх аблоках?
У нябёсных хвалях, плынях і затоках
Блукаць майму зямному караблю?

Шчаслівы, хто паспеў сказаць «люблю»
І па зямлі прайшоў не адзінокім…
Што ж наракаць на стомленыя крокі,
Калі Твой, Божа, позірк я лаўлю?

Наперадзе – нязгасны ясны дзень,
Тваёй пшаніцы залатое мора,
Святло Тваё, Тваёй красы узоры –
І дзеці, як анёлы, між людзей...

І нашы душы не азмрочаць цені,
Мы станем жыць без здрады, слёз і гора...
Удзячная, хілюся у пакоры –
Прашу любові, веры і надзеі.

* * *
Застацца б мне –
                        ціхмянай і лагоднай,
Ні краскі, ні травінкі не парушыць.
Быць проста часткай Матухны-Прыроды,
Наіўнаю, маленькаю
                        мятлушкай...

У кожным крылцы –
                        пыл сівых стагоддзяў –
Не сівізна на скронях ацяжэлых...

Я адлятаю...
            Лета на зыходзе...
Шапоча вецер ў дрэвах парыжэлых...

Час засынаць...
            і дрэвам, і мятлушкам...
Нязробленае –
            здзейсніцца калісьці...
Ды толькі вера –
            у Хрыстова Прыйсце –
Нас абуджае
                        і ратуе душы.

* * *
З дрэва ліст упадзе –
            на расу, на траву, на зямлю,
І акрые сабою
            чыёсь неадпетае цела...
Шмат стагоддзяў таму –
                        тут памерла яно і сатлела...
І імя яго –
                        нат малітоўна –
                                    я не назаву...

Колькі ў свеце крыжоў –
                        на шляхах, на кладах, на вятрах.
Колькі душ,
                        што заўчасна,
                                                            стамлёна ля іх спачываюць:
Не зайздросцяць нікому,
                        не маняць
                                    і ўжо не кахаюць –
Іх нязгаслы агеньчык
                        гарыць у нашчадка ў вачах...

...Хутка ліст упадзе –
                        на ўрадлівае ўлонне зямлі,
І сустрэне яно –
                        з мацярынскім бясслёзным чаканнем...
...Ціхі голас травы –
                        ты складаешся з нашых
                                    дыханняў –
Стогнаў, шэптаў,
                        прызнанняў –
            ўсіх – памерлых,
                                    ды ў Бога – жывых...
...Ціхі голас травы –
                        ты складаешся з нашых дыханняў,
Стогнаў, шэптаў,
                        прызнанняў –
Ўсіх –
            памерлых,
                                    ды ў Бога –
                                                            жывых...