Пачатак

12. Першы пацалунак

Даехаўшы аўтобусам да Гдова, ксёндз Караль злавіў фурманку і паехаў на ёй да вёскі Маршовіцы. Гэта быў час жніва, таму многія палі былі ўжо зжатыя, а некаторыя яшчэ чакалі сярпа. Ад Маршовіцаў ксёндз ішоў далей пехатою. Апрануты ён быў бедна, у руках нёс такую сумку, што сорамна з ёй было б пайсці і на рынак.

— Дзе найбліжэйшая дарога да Негавіцаў? — запытаў ён прахожага.

— А чаго ты туды ідзеш? — пачуў замест адказу.

— Іду служыць на парафію, — адказаў Караль.

Калі дайшоў да тэрыторыі парафіі, то ўкленчыў і пацалаваў зямлю. Гэта быў першы пацалунак зямлі, які вядомы людзям з пазнейшых ягоных папскіх пілігрымак. Ксёндз Караль пераняў гэты жэст ад пробашча з Арса, святога Яна Віяннэя.

Негавіцы — гэта бедная вёска ў ваколіцах Кракава. Не было ў ёй ні электрычнасці, ні вадаправода, ні каналізацыі. Каровы ды куры спацыравалі пад вялізнымі ліпамі. Так выглядала парафія, у якую патрапіў ксёндз Караль Вайтыла пасля сваёй вучобы ў Рыме.

13. На байдарках да біскупства

Ксёндз Караль Вайтыла разам з сябрамі ўдзельнічаў у паходзе на байдарках, калі яму перадалі ліст, у якім быў загад тут жа з’явіцца да кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаву. Не марудзіў ані хвіліны. На байдарцы дабраўся да шашы, потым спадарожнай машынай – да Ольштынка, адкуль ішоў цягнік да Варшавы. І ўжо ў сталіцы даведаўся, што ён менаваны дапаможным біскупам у Кракаве.

Як толькі выйшаў ад кардынала, адразу паспяшаўся ў кляштар сясцёр уршулянак і запытаў, ці можна ў іх памаліцца. Сёстры яго не ведалі, але праводзілі ў капліцу і пакінулі там аднаго. Праз даволі працяглы час яны пачалі непакоіцца, чаму гэта іхні госць не выходзіць з капліцы. Ціхенька прыадчынілі дзверы і ўбачылі, што госць ляжаў крыжам перад табернакулюмам. Перапужаныя сёстры выйшлі і падумалі, што іхні госць так раскайваецца ў грахах перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце. Праз колькі гадзін яны зноў вярнуліся і ўбачылі незнаёмага ксяндза ў той жа паставе – ён ляжаў крыжам. Ужо было позна, і адна з сясцёр запытала, ці не хоча ксёндз павячэраць. Незнаёмец адказаў:

—Мой цягнік да Кракава адыходзіць толькі апоўначы. Калі ласка, дазвольце мне тут пабыць гэты час – у мяне ёсць вельмі шмат чаго сказаць Пану Богу.

14. Усмешлівы папярэднік

Ранкам 29 верасня 1978 года шафёр кардынала Вайтылы пачуў па радыё інфармацыю пра смерць Папы Яна Паўла I. З гэтым паведамленнем ён і прыйшоў на біскупскую кухню. Ніхто не хацеў паверыць яму.

— Не магу даць веры, — сказала кухарка, — ад часу яго выбараў прайшло ўсяго толькі 33 дні. Ці магчыма, каб Пан Бог праз такі кароткі тэрмін забраў яго да сябе?

Аднак наступныя паведамленні радыё пацвердзілі тую інфармацыю. Кардынал Вайтыла якраз снедаў, калі адзін з супрацоўнікаў паведаміў яму, што ўначы памёр Ян Павел I.

— Незразумелыя вы, выракі Божыя, — прамовіў вельмі ўзрушаны кардынал, — але схілім перад імі галаву.

Ён падняўся з-за стала і пайшоў у капліцу.

Смерць Папы Яна Паўла I вельмі ўсіх уразіла. На Пятровым троне ён знаходзіўся толькі 33 дні, так мала, як ніводзін ягоны папярэднік. Але нягледзячы на такі кароткі час, людзі паспелі палюбіць заўсёды ўсмешлівага Яна Паўла I. 3 кастрычніка кардынал Вайтыла паляцеў у Рым на пахаванне Яна Паўла I, а таксама і для таго, каб узяць удзел у выбарах новага Папы. Вядома, ён тады нават не падазраваў, што ўжо не вернецца ў сваю дарагую Польшчу, у свой Кракаў. Не ведаў, але нібы прадчуваў гэта. Ягоныя сябры пазней распавядалі, што кардынал Вайтыла на абедзе перад ад’ездам быў вельмі задумлівы, няўважліва слухаў тое, што яму казалі, а напрыканцы абеду папрасіў маліцца за яго.

Пераклад Ірыны Жарнасек
Працяг