У касцёле святога Роха, што на Залатой горцы ў Мінску (ён яшчэ выкарыстоўваецца і як камерная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі), адбылася цікавая і значная як у рэлігійным, так і ў культурным жыцці краіны падзея: прэм’ера «Сакраментальнай паэмы» Алены Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча. Ідэя стварэння гэтага твора належыць пробашчу касцёла святых Сымона і Алены кс. Уладзіславу Завальнюку. Выконваў твор хор гэтай жа святыні пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай.

З названых тут чатырох прозвішчаў шырокай грамадскасці, мяркую, больш вядомыя ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і паэт Васіль Жуковіч. Першы не толькі дбайна выконвае свае святарскія абавязкі, але і чынна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці рэспублікі, вызначаецца творчай няўрымслівасцю і свядомай беларускасцю.

Васіль Жуковіч не толькі плённа выяўляе сябе ў паэзіі, але і вядзе актыўнае грамадскае жыццё. Ён вядомы як аўтар тэкстаў, на якія кампазітарамі створана шмат песняў, што склалі асобны зборнік.

Імя бясспрэчна здольнай і цікавай кампазітаркі Алены Атрашкевіч менш вядомае з той прычыны, што да нядаўняга часу яна жыла ў Маладзечне, а перыферыйных аўтараў, на жаль, не заўсёды заўважаюць і прапагандуюць нашыя СМІ, дый яны самі не заўсёды маюць магчымасць паказаць сваё майстэрства шырокай аўдыторыі. Асабіста я ўпершыню пазнаёміўся са здзейсненым кампазітаркай летась на вечарыне ў Доме дружбы, дзе выступаў узгадаваны ёю падлеткавы калектыў. Відовішча было вельмі яркім і захапляльным.

Згадаў гэты эпізод яшчэ і дзеля таго, каб чытач здолеў уявіць творчы дыяпазон Алены Атрашкевіч. Бо там музыка стваралася з выразнай арыентацыяй на дзіцячае выкананне, тут – для дарослых, там – для эстрады, тут – найперш для вернікаў.

А цяпер колькі слоў пра самую маладую ў гэтым творчым калектыве – дырыжора Таццяну Гажэўскую. Маладосць, як вядома, не загана, а шчасце. І ў Таццяны ўсё яшчэ наперадзе, але ўжо ёсць і выразныя творчыя набыткі. Гэта, перш за ўсё, выпешчаны, пастаўлены ёю на ногі хор «Голас душы». Яшчэ падчас навучання ў кансерваторыі яна ўзялася за гэтую нялёгкую і няпростую справу. Асноўную частку гэтага калектыву складаюць студэнткі розных вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Мінска. Апрача ўдзелу ў літургіі Касцёла хор вядзе актыўнае духоўнае жыццё, выступаючы на розных хрысціянскіх сустрэчах. Дзякуючы гэтаму ён развіваецца не толькі на парафіяльным узроўні, але і як паўнацэнны ўдзельнік канцэртаў, конкурсаў і фестываляў і на абшарах Беларусі, і за яе межамі. З найвышэйшых дасягненняў хору варта назваць Першую прэмію на III Міжнародным фестывалі ў Польшчы (2000 год), Першую прэмію на IX Міжнародным конкурсе «Магутны Божа» ў Магілёве (2000 год), Першую прэмію і Гран-Пры на IV Міжнародным фестывалі ў Польшчы (2001 год). Карацей, гэта адзін з лепшых парафіяльных хораў у Беларусі.

Такім чынам, у стварэнні «Сакраментальнай паэмы» ўдзельнічаў калектыў своеасаблівых творчых асобаў. Іх яднанне, як зазначалася напачатку, адбылося вакол пададзенай кс. Уладзіславам Завальнюком ідэі; ідэі вельмі значнай, высокай, але няпростай для мастацкага ўвасаблення. Гэта, мабыць, найперш адчуў паэт Васіль Жуковіч, які дасюль выяўляў сябе ў вершах лірычнага і грамадзянска-патрыятычнага гучання. Тут жа перад ім паўстала задача перакласці на мову паэзіі сутнасць і значэнне сямі святых Сакрамантаў Каталіцкага Касцёла: Хросту, Бежмавання, Эўхарыстыі, Пакаяння, Намашчэння хворых, Святарства і Шлюбу.

Апрача сямі асноўных частак «Сакраментальная паэма» мае Пралог, у якім распавядаецца пра кволасць і хісткасць зямнога шляху, пра спрадвечнае імкненне чалавечай душы да вечнасці і збавення, да свайго Творцы, а таксама Эпілог, які ў своеасаблівай форме падсумоўвае, сканцэнтравана выяўляе галоўную думку твора: «усё ў жыцці трымаецца на любові... на любові Пана Бога да нас, грэшных, на нашай любові да Нябеснага Айца, Езуса Хрыста і Духа Святога, да святыняў, малітваў і споведзі, да бацькоў, да бліжняга, да Радзімы – хай гэтая любоў не знікае!» Цяпер, мяркую, чытач зразумеў, якія цяжкасці паўсталі перад творчым калектывам падчас стварэння, а потым і выканання «Сакраментальнай паэмы».

Уяўляю стан і творчыя пакуты паэта Васіля Жуковіча. Зразумела, ні ў школе, ні ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце яго не вучылі Закону Божаму, а паслядоўна і настойліва выхоўвалі на грунце бязбожнай марксісцка-ленінскай ідэалогіі, філасофіі і практыкі. Як і ўсіх. Той друз і пыл даўно намі атрэсены з душы і забыты, але ж не так проста і лёгка арганічна засвоіць новыя ісціны, асабліва тыя, што датычаць асноватворных падвалінаў хрысціянскай веры, дзе кожнае слова павінна быць вывераным і адпавядаць першакрыніцам. Там, дзе ўзнікалі сумненні, аўтара гэтага цікавага і наватарскага для беларускай культурнай традыцыі праекта неаднойчы выручаў ксёндз-магістр і доктар гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк, якога можна назваць калі не суаўтарам паэтычнага тэксту, то, прынамсі, добрым дарадцам, пра што сведчаць яго шматлікія праўкі і пазнакі на старонках партытуры...

Напэўна, мела цяжкасці, але адначасова таксама адчувала дабратворную святарскую падтрымку і Алена Атрашкевіч.

Перад Таццянай Гажэўскай найперш узнікла некалькі праблем арганізацыйнага кшталту, бо для выканання паэмы спатрэбілася двое мужчын, а хор «Голас душы» – жаночы. Таму на ролю саліста-спевака яна запрасіла студэнта кансерваторыі Андрэя Куліковіча, які ўжо ўдала заявіў пра сябе на сцэне опернага тэатра, бо мае, як выявілася падчас і гэтага канцэрта, прыгожы голас-барытон.

Важнай у творы з’яўляецца таксама роля чытальніка (Святара), якую выконваў Кірыл Ліпай. Яго словы, а гэта падабраныя з Бібліі цытаты, гучалі своеасаблівым зачынам перад кожнай новай часткай паэмы і такім чынам тлумачылі яе змест.

Выконваць сольную партыю была запрошана Алена Таболіч, чыё аксамітнае сапрана вельмі кранальна ўспрымалася ўдзячнай публікай. А як міла і ўзрушліва гучаў званочкам галасок Вікторыі Падвербнай, якая выконвала сола дзіцяці! І над усімі, нібы з высокага неба, у гарманічным суладдзі з галасамі артыстаў урачыста і прасветла гучалі арганныя мелодыі ў выкананні сёлетняй выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алены Усніч. Такое гарманічнае ўвасабленне высакароднай задумы не магло не знайсці водгуку ў сэрцах і душах тых, каго сабраў у той памятны вечар пад сваімі скляпеннямі з ласкі пробашча Міхала Сапеля касцёл святога Роха. Слухалі з затоеным дыханнем, у канцы кожнай часткі ўзнагароджвалі выканаўцаў воплескамі, у многіх вочы свяціліся слязьмі замілавання...

Вось як пра гэтую падзею пісала газета «Культура»:

«Прэм’ера твора ў Мінску скарыла публіку, выклікала сапраўдны ўздым эмоцый і пачуццяў. Яно і не дзіва, бо з любоўю напісаны, з любоўю выкананы твор і ўспрымаўся з любоўю! Паэтычны тэкст вабіў знешняй прастатой і даверлівасцю тону. Музычная канва, пры ўсім прафесіяналізме аўтара, таксама вызначалася дэмакратызмам, была вытрымана ў лепшых традыцыях як духоўнай музыкі, так і ўвогуле аратарыяльнага жанру, лірыка-патрыятычных хораў. Атрымалася вельмі разнастайная і, разам з тым, завершаная 9-часткавая кампазіцыя з цэласнай канцэпцыяй і ўласнай драматургіяй, дзе знайшлося месца і для барочнай фактуры, і для багатага выкарыстання поліфанічнай тэхнікі, і для ўзнёслых рамантычных інтанацый, і, галоўнае, для цеплыні і сардэчнасці».

Гісторыя ведае шмат выпадкаў плённага супрацоўніцтва людзей мастацтва з Праваслаўнаю Царквою і Каталіцкім Касцёлам, калі высакародныя хрысціянскія ідэалы натхнялі творцаў на высокія мастацкія адкрыцці, што надоўга перажылі свой час і навечна засталіся ў залатым фондзе нашай цывілізацыі. Будзем спадзявацца, што такое яднанне ідэі і душы яшчэ неаднойчы адбудзецца і на беларускай творчай ніве, у падоранай нам самім Панам Богам мове.

Яўген Лецка
Фота Ганны Уланавай.