У 2001 годзе споўнілася 150 гадоў місіянерскай кангрэгацыі Маці Божай з Ла-Салет і 100 гадоў дзейнасці польскай правінцыі місіянераў салятынцаў. Сёння айцы салятынцы плённа працуюць у многіх краінах свету, у тым ліку і на Беларусі. Наша інтэрв’ю з адным з іх – пробашчам парафіі святога Антонія ў Віцебску кс. Анджэем Бочарам.
- Ксёндз Анджэй, як вы сталі салятынцам?

- Падсвядома, мяркую, такі выбар я зрабіў яшчэ падчас вучобы ў школе ў Жэшуве, дзе ўпершыню спаткаў айца-салятынца Яна Кальнюка. Ён праводзіў з вучнямі катэхезу, і мы мелі выдатную магчымасць не толькі назіраць за яго пастырскай дзейнасцю, але і далучацца да харызмату, які характэрны менавіта салятынцам. Іх лад жыцця і спосаб служэння Богу адпавядалі маім унутраным перакананням, таму пасля заканчэння школы я пайшоў у навіцыят у Дэмбоўцы. Прабыўшы там год, паступіў на вучобу ў Кракаўскую папскую тэалагічную акадэмію.

- На час яе заканчэння вы ўжо мелі якія-небудзь стасункі з Беларуссю?

- Меў: яшчэ падчас навучання ў акадэміі давялося наведаць Браслаўшчыну. Мы прыязджалі на канікулы ў Дрысвяты, і гэты край мне вельмі спадабаўся, хоць сёе-тое і засмучала: напрыклад, зруйнаваны касцёл. Але менавіта ў Дрысвятах пачалося маё далучэнне да сталай пастырскай працы праз дапамогу пробашчу ў падрыхтоўцы дзяцей да Першай Камуніі, адпраўленні Святой Імшы і г.д. Вельмі запомнілася першая пілігрымка з Браслава ў Будслаў - яна адбылася ў 1992 годзе, калі я ўжо быў дыяканам, і мела вынікам ажно 5 новых святарскіх пакліканняў.

- Вы прыехалі ў Беларусь непасрэдна з Кракава?

- Не. Пасля складання святарскага шлюбу мяне накіравалі працаваць на Львоўшчыну, дзе я прабыў год. Потым, павучыўшыся колькі часу на курсах беларускай мовы, арганізаваных у Польшчы, прыехаў на Браслаўшчыну. Гэта быў 1993 год, а ў 1994-м кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў мяне пробашчам далячынскай парафіі святога Станіслава. З 1997 года давялося апекаваць дзве парафіі: далячынскую і замошскую, дзе пасля смерці пробашча Стэфана Пракурата, апроч душпастырскай дзейнасці, я займаўся яшчэ і будоўляю касцёла.

- У Віцебск вы трапілі падчас утварэння дыяцэзіі?

- Так. У горадзе стваралася парафія Маці Божай Салятынскай, і, зразумела, арганізоўваць і накіроўваць яе дзейнасць павінен быў ксёндз салятынец.

- А з чым было звязана ўтварэнне менавіта такой парафіі?

- Гэта была аб'ектыўная патрэба. Маці Божая з Ла-Салет плакала з прычыны адыходу людзей ад Бога, невыканання імі Божых запаведзяў, занядбання веры. Менавіта да такога ладу жыцця прызвычаіліся многія людзі за гады бязбожнасці тут, у Віцебску, і было вельмі важна дапамагчы ім адшукаць сябе ў Богу, стаць сапраўднымі хрысціянамі, адчуць радасць паяднання з Хрыстом і ў Хрысце.

- Кожная новая справа, асабліва звязаная з будоўляю, патрабуе шмат высілкаў. З чаго вы пачыналі?

- На час майго прыезду парафія ўжо была зарэгістраваная, але заставалася нявырашаным пытанне наконт месца набажэнстваў. Напачатку мы ладзілі Імшу ў катэдральным касцёле святой Барбары, а неўзабаве біскуп Уладзіслаў Блін дамогся, каб аддалі частку недабудаванага фізкультурна-аздараўленчага камбіната. Там усё было занядбанае, і давялося прыкласці нямала намаганняў, каб будучая святыня набыла прыстойны выгляд. Прыбіралі разам з вернікамі, рабілі ўсё, каб адчуваць сябе ў Божым доме годна і ўтульна. Першая Святая Імша адбылася на новым месцы 14 кастрычніка - пры свечках і металічным алтары. Так сустрэлі і Божае Нараджэнне. На працягу зімы паклалі ў памяшканні падлогу, давялі да ладу сцены. На Вялікдзень 2001 года біскуп Уладзіслаў Блін асвяціў капліцу, і з таго часу жыццё новай парафіі ўвайшло ў звыклую каляіну. Спачатку адпраўлялі Св. Імшу раз на тыдзень, потым - штодня, а з часам і два разы на дзень. Лягчэй стала працаваць, калі на дапамогу прыехаў ксёндз салятынец а. Юрак Ліс.

- Вы сказалі, што ўтварэнне парафіі Маці Божай Салятынскай у Віцебску мела аб'ектыўныя прычыны. А як, на ваш погляд, ці паспрыяла яно навяртанню людзей да Бога і выкананню імі сваіх хрысціняскіх абавязкаў?

- Безумоўна. Усё больш прыходзіць на катэхезу дзяцей і дарослых, людзі вучацца без страху вызнаваць сваю веру, і гэта вельмі важна, тым больш у такі складаны сённяшні час. Калі б нават Навэнна да Маці Божай з Ла-Салет дапамагла б хоць аднаму чалавеку адшукаць правільны жыццёвы шлях, ужо было б добра. А такіх, што адшукалі, у парафіі, упэўнены, нашмат больш.

- 15 верасня мінулага года вы адправілі ў якасці пробашча сваю першую Св. Імшу ў віцебскай парафіі святога Антонія. З чаго вы там пачыналі?

- Як і ў парафіі Маці Божай Салятынскай, найперш даводзіў да ладу памяшканні. Тут іх нашмат больш: мяркуецца з часам адкрыць культурна-рэлігійны цэнтр. Працуем удвух з ксяндзом Юракам, які таксама служыць пробашчам у парафіі святога айца Піо ў Лёзне. Прывезлі з Кракава фігуру Маці Божай Салятынскай, усталявалі Крыж над будынкам. Зрэдку робім спектаклі на біблейскія тэмы. Дзеці, якія прыходзяць у святыню, часам кажуць, што настаўнікі просяць перадаць ім тэксты малітваў, і гэта радуе. У парафіі зарэгістравана каля 250 вернікаў - не так і мала, так што працы хапае. А яшчэ ж рамонт, які рана ці позна давядзецца рабіць, іншыя справы...

- Ведаю, што вернікі парафіі Маці Божай Салятынскай неахвотна вас адпусцілі...

- Прыемна, калі людзі цябе цэняць, але ж ніводзін святар сабе не належыць. Ён мусіць, абавязаны быць там, дзе ў ім ёсць найбольшая патрэба.

- Карыстаючыся нагодаю, не магу не задаць пытання, якое мае прамое дачыненне да тэмы нашай размовы, - харызмат Маці Божай Салятынскай. Ці ёсць розніца ў падыходзе да рэлігійных спраў паміж парафіянамі польскімі і тымі, што жывуць у Віцебску?

- Мне не даводзілася працаваць у Польшчы, але, думаю, адрозненні ёсць. Найперш, на мой погляд, яны абумоўленыя розніцаю ў трываласці рэлігійных традыцый у нашых краінах. І святару вельмі важна ўлічваць гэта ў працы з парафіянамі. Тут, у Беларусі, традыцыя на доўгі час перарывалася, і каб яе паспяхова ўзнавіць, аднаго капіравання польскага ці чыйго-небудзь іншага досведу, хоць і найлепшага, недастаткова.

Карпатлівая праца на грунце разумення гістарычнага шляху і варункаў сённяшняга жыцця - вось адзіны шлях чалавека, народа да сапраўднай, трывалай, глыбокай веры. Святар - вяшчун Евангелля і Запаведзяў, і ад таго, як ён сам выконвае іх у паўсядзённай працы з вернікамі, вельмі многае залежыць. Нельга забываць: як зробім сёння, так будзе заўтра.

Запісаў Францішак ДУБРАЎСКІ
Фота з асабістага архіва кс. А. Бочара.