22 студзеня дзеці і моладзь віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага выступілі з дабрачынным спектаклем у сялюцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Дамова з дырэктаркай гэтай установы Надзеяй Лакамкінай аб шэфстве парафіі над хворымі людзьмі была складзена напярэдадні Калядаў, падчас наведання яе пробашчам Тадэвушам Дабравольскім і сёстрамі Дамарыс і Грацыяй. Са 130 хворых, што цяпер знаходзяцца ў доме-інтэрнаце, больш як трэцяя частка не можа самастойна сябе абслугоўваць, да таго ж існуюць цяжкасці з фінансаваннем. Спектакль пра Божае Нараджэнне прайшоў з вялікім поспехам і надоўга запомніцца гледачам як маляўнічымі касцюмамі і дэкарацыямі, так і адмысловым выкананнем роляў. Дом-інтэрнат – адзіны прытулак хворых, і ім вельмі важна адчуваць увагу і клопат з боку іншых людзей. Пасля спектакля гаспадары пазнаёмілі гасцей з уласнаю выставаю ўжытковага мастацтва, а таксама прадэманстравалі свае таленты: спявалі і дэкламавалі вершы. Парафіяне і пробашч парафіі Езуса Міласэрнага маюць намер шэфстваваць над домам-інтэрнатам рэгулярна. І гэта толькі адна з тых канкрэтных спраў, якімі займаюцца католікі парафіі Езуса Міласэрнага дзеля міласэрнасці і любові да бліжняга.

Франц СІЎКО