Як і многія іншыя ўсходнія раёны Віцебскай вобласці, Лёзненшчына доўгі час не мела каталіцкіх святыняў. Тое, што было збудавана раней, сцерлі з твару зямлі бурныя падзеі мінулага стагоддзя, гады ваяўнічага атэізму, і толькі памяць старэйшых людзей захоўвала, насуперак перыпетыям гісторыі, абрысы колішніх святыняў ды цепліла надзею на іх вяртанне. Цепліла і яшчэ – жывіла, бо хіба можна вытруціць дарэшты Бога з сэрца чалавека, які, аднойчы аддаўшыся ў скрусе ці радасці на Яго ласку, прыйшоў да высокага разумення таго, што ёсць сапраўдная вера і жыццё паводле яе законаў.

Цягам доўгіх гадоў лёзненскія католікі, маючы змешаныя сем’і, хадзілі маліцца ў мясцовую царкву. З аднаўленнем у абласным цэнтры касцёла святой Барбары многія пачалі ездзіць на Эўхарыстыю ў Віцебск, але і надзеі на ўласную святыню не страчвалі. Час паказаў – не дарэмна.

Аднаўленне каталіцкай парафіі ў Лёзне наогул падобнае да цуду. Па ўтварэнні Віцебскай дыяцэзіі кс. Анджэй Бочар неяк прыехаў з групаю моладзі і сёстрамі ў гарадок, каб адправіць Святую Імшу на мясцовых могілках, а разам даведацца сёе-тое пра касцёл, што быў у Лёзне да рэвалюцыі. Роспыты вынікаў не далі: ніхто пра колішнюю святыню нічога не ведаў. Не ўвянчаліся поспехам і пошукі католікаў. Пахадзіў ксёндз з людзьмі па Лёзне і, страціўшы надзею, падаўся да чыгуначнай станцыі, каб вяртацца ў Віцебск, ды раптам, у апошнюю ўжо хвіліну, на станцыі спаткаў чалавека, які паабяцаў дапамагчы ў пошуках. І, сапраўды, дапамог. Знайшлі некалькі католікаў, неўзабаве зарэгістравалі парафію. Першую Святую Імшу адправілі ў хаце Ганны Дубікоўскай. Маліліся ў хаце каля года, пакуль не набылі з дапамогаю біскупа Уладзіслава Бліна пад святыню новы будынак на ўтульнай вулцы паблізу чыгункі. Ці трэба казаць, якая то была для ўсіх радасць. Дамок падрамантавалі, абсталявалі прывезенаю з кватэр мэбляю. Новую парафію назвалі ў гонар святога айца Піо. Ксёндз Міхал Ермашкевіч падараваў лёзненцам абраз святога.

Першым пробашчам парафіі пэўны час быў салятынец а. Анджэй Бочар. У 2001 годзе на яго месца заступіў таксама салятынец а. Ежы Ліс, ураджэнец Бохні, што паблізу Кракава, выпускнік Кракаўскай вышэйшай семінарыі ксяндзоў місіянераў пры Папскай тэалагічнай акадэміі.

Сваю асноўную задачу кс. Юрак (так завуць свайго пробашча парафіяне) бачыць найперш у адраджэнні каталіцкіх традыцый праз катэхізацыю дарослых людзей, у прыватнасці бацькоў. «Будуць валодаць бацькі неабходнымі ведамі аб жыцці Касцёла і святых Сакрамантах – перададуць свае веды і дзецям, — кажа а. Ежы. – А гэта і ёсць тое галоўнае, на чым грунтуецца Касцёл наогул. Толькі пры ўмове належнай катэхетычнай працы пастыр можа дамагчыся таго, каб людзі адчулі сябе часткаю Касцёла – неадрыўнай і добраахвотнай». На думку а. Ежы, у лёзненскіх католікаў, як і ў католікаў іншых віцебскіх парафій, вельмі моцнае, хоць і своеасаблівае, выхаванне рытуаламі і сімваламі, пачуццё святога, што ўжо само па сабе з’яўляецца добрым грунтам і для наладжвання парафіяльнага жыцця, і для аднаўлення традыцый.

Лёзненскія вернікі вельмі любяць абодвух (і цяперашняга, і ранейшага) пробашчаў за дабрыню, чалавечнасць, шчырасць. «Наша святло, — кажуць. – Што б і рабілі без іх».

Сёння парафія святога айца Піо аб’ядноўвае каля трыццаці чалавек (з улікам дэмаграфічнай спецыфікі раёна, гэта нямала). Апроч лёзненцаў, сюды прыязджаюць маліцца вернікі з Крынак, Малькава, Адаменкаў, Пушкоў. Заходзяць, і не так рэдка, праваслаўныя. У дзень майго наведання парафіі ў Святой Імшы ўдзельнічала жанчына з Крыма: прыйшла памаліцца за памерлую нядаўна маці, былую тутэйшую парафіянку Валянціну Вікенцеўну Спірыдонаву.

Адкрытасць парафіі да людзей іншых веравызнанняў спрыяе росту яе аўтарытэта, хоць, безумоўна, у мясцовасці, дзе значная частка насельніцтва лічыць сябе атэістамі, здараюцца зрэдку і прыкрасці. Не разумеючы, а часам і не жадаючы зразумець сутнасці каталіцтва як адной з хрысціянскіх канфесій, сёй-той лічыць парафію гняздом сектанцтва. Ды гэта, канечне, часовая аблуда. Міне час, і ўсё стане на сваё месца, тым больш што лёзненскім католікам жадання паразумецца з кожным, хто таго захоча, не займаць.

Старшынёю парафіі ад пачатку яе заснавання з’яўляецца Юлія Дубікоўская. Ёй актыўна дапамагаюць Бажэна Тамашэвіч, Эма Якімава, Тэрэза Магільная, Лёля Багатырова, Браніслава Купчанка. Жанчыны разам рыхтуюць усё неабходнае да Святой Імшы, якая адпраўляецца ў парафіі святога Айца Піо штонядзелю і па святах, а таксама па магчымасці ў будзённыя дні (ксёндз Ліс выконвае яшчэ і абавязкі вікарыя ў віцебскай парафіі святога Антонія).

З найбольш запамінальных падзей з жыцця парафіі вернікі назвалі наведанне яе біскупам напярэдадні Божага Нараджэння і ў Вялікую пятніцу 2001 года, сустрэчу з капуцынамі ордэна а. Піо з Докшыцаў, а таксама адпустовыя ўрачыстасці, якія адбываюцца тут 21 верасня. Вельмі запомнілася ўсім пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай.

Важным з’яўляецца для лёзненцаў тое, што з утварэннем парафіі яны займелі магчымасць больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці дыяцэзіі і ўсёй каталіцкай супольнасці. «Для нас гэта – вакно ў свет, — сказала Тэрэза Магільная. – Магчымасць праз спасціжэнне іншай культуры, іншай мовы зразумець шматстайнасць жыцця, яго непаўторнасць – гэта так цудоўна. Я ў Кракаў паехала на сустрэчу з Папам – і гэта такое было для мяне ўзрушэнне, што не перадаць словамі. Мы тут усе быццам нанова жыць пачалі».

Парафіі святога Айца Піо – тры гады. Не так шмат у параўнанні з жыццём чалавека. Ды галоўнае – дужэе парафія, набіраецца моцы, ператвараецца на вачах у сапраўдную хрысціянскую супольнасць, паступова і няўхільна ўзнаўляе страчаныя некалі каталіцкія традыцыі. Няхай жа шанцуе і шчасціць ёй на гэтым шляху.

Францішак Дубраўскі
Фота з архіва парафіі.