«Хрысціянская сям’я —
Добрая Навіна для трэцяга тысячагоддзя»
IV Сусветная сустрэча сем’яў
Маніла, 22-26 студзеня 2003 года

1. Добрая Навіна для жыцця

Як санктуарый жыцця сям’я гаворыць «так» жыццю. Кожны чалавек і кожная сям’я, праз якую праходзіць жыццё (гл. Касцёл у Азіі, 46), з’яўляюцца захавальнікамі жыцця і маюць абавязак абараняць і садзейнічаць яму ад пачатку і да канца.

Яшчэ раз мы пацвярджаем неад’емнае права на жыццё ўсіх людзей. Мы заклікаем усіх палітыкаў абараняць чалавечае жыццё ад самага зачацця і да натуральнай смерці. Мы заклікаем у прыватнасці заканадаўцаў пазітыўна адказаць на нядаўні дакумент Кангрэгацыі Веравучэння, які датычыць іх абавязкаў як хрысціянаў і грамадзянаў. Практыкі, скіраваныя супраць жыцця, такія як аборт, эксперыменты з эмбрыёнамі, кланаванне і эўтаназія, не могуць быць дазволены ні ў якім грамадстве, якое выступае за сям’ю.

2. Добрая Навіна для грамадства

Справядлівае грамадства залежыць ад дабрабыту яго асноўнай суполкі, яго жыццёва важнай ячэйкі — сям’і. Аднак цяжкія этычныя і сацыяльныя праблемы закранаюць сёння многія сем’і.

Ідэя грамадства, якое выступае за сям’ю, кідае выклік самім сем’ям і заклікае ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, змагацца за сацыяльную палітыку і заканадаўства, якія садзейнічаюць і ахоўваюць правы сям’і, за справядлівае размеркаванне рэсурсаў і падтрымкі для найбольш слабых і бездапаможных.

3. Добрая Навіна для бедных

Мы пацвярджаем нашу салідарнасць з беднымі сем’ямі. Вельмі часта менавіта бедныя сем’і, праяўляюць неверагодныя жыццяздольнасць і энергію сям’і, адказваючы на выклікі грамадства (гл. Familiaris consortio, 43). Аднак праблему беднасці нельга вырашыць абмежаваннем дзетанараджэння. Мы цвёрда адхіляем практыку кантролю за нараджальнасцю.

Мы заклікаем дэмографаў і эканамістаў сказаць праўду пра тэндэнцыю змены структуры і колькасці насельніцтва. Мы заклікаем урады засяродзіць увагу на канкрэтнай палітыцы, якая падтрымлівае бедныя сем’і ў галіне аховы здароўя, адукацыі, аграрных рэформаў, у вырашэнні пытанняў працы і забеспячэння жыллём.

4. Добрая Навіна для моладзі

З радасцю мы прызнаём жыццяважную ролю дзяцей і моладзі як неад’емных частак нашых сем’яў і актыўных членаў жывога Касцёла.

Мы зноў пацвярджаем правы і годнасць усіх дзяцей.

Дзеці — «вянец шлюбу», сапраўднае багацце чалавецтва. Натуральнае месца для іх адукацыі — сям’я. Менавіта ў сям’і, у гэтай супольнасці жыцця і любові, яны фармуюцца як члены Хрыстовага Касцёла. Менавіта тут, паважаючы і любячы сваіх бацькоў, яны могуць узбагаціць жыццё ўсіх членаў.

5. Добрая Навіна для свету

Несучы Добрую Навіну Езуса Хрыста, хрысціянская сям’я звяртаецца да ўсіх людзей. Гэта месца, «дзе праўда Евангелля — гэта прынцып жыцця і дар, які члены сям’і прыносяць у больш шырокую супольнасць» (гл. Касцёл у Азіі, 46).

Кожны хатні касцёл — гэта цытадэль веры не толькі ў секулярызаваных грамадствах, але і ў краінах, дзе хрысціяне церпяць за сваю веру. Мы выказваем сваю салідарнасць з тымі хрысціянскімі сем’ямі, якіх пераследуюць, і дзе рэлігійная свабода ігнаруецца альбо парушаецца гвалтам і дыскрымінацыяй.

Сям’я паклікана быць супольнасцю міру. Мы выказваем нашу салідарнасць з сем’ямі тых нацыяў і рэгіёнаў, якім пагражае вайна, дзе сем’і могуць стаць бязвіннымі ахвярамі канфлікту.

6. Добрая Навіна для Касцёла

Як самая маленькая хрысціянская супольнасць «хатні касцёл» — гэта жывая ячэйка цэлага Касцёла, якая прапануе шлях да евангелізацыі і духоўнага ўзрастання ў Касцёле.

Мы заклікаем усіх, адказных за душпастырсткую працу, зрабіць сям’ю прыярытэтам, сфармаваць душпастырскія планы кожнай дыяцэзіі і парафіі, абапіраючыся на сям’ю. Сям’я з’яўляецца не проста як пасіўны суб’ект евангелізацыі і клопату, але як дзейсны суб’ект, па-сутнасці дзейсная сіла ў місіі Хрыста ў Яго Касцёле.

Трэба, каб сям’я зноў набыла сэнс «таямніцы». Больш глыбокая духовасць сям’і вынікае са Слова Божага і Эўхарыстыі. Бескарыслівая любоў Езуса, жаніха Касцёла, матывуе сужэнскую і сямейную любоў.

Каталіцкая сям’я падтрымлівае сувязі з іншымі хрысціянамі і членамі іншых рэлігій. Еднасць сям’і можа стымуляваць экуменічнае падарожжа адзінства хрысціянаў і міжрэлігійны дыялог. Мы пацвярджаем неабходнасць больш практычнага супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і людзьмі добрай волі, каб прыняць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ўсе сем’і.

Разважаючы над таямніцаю ўцелаўлення Хрыста, мы ўпэўнена давяраем усе нашыя сем’і ласкаваму заступніцтву Марыі, Каралевы сем’яў, і святому Юзафу, Яе абранніку. Молімся, каб Добрая Навіна Езуса Хрыста, якую хрысціянскія сем’і распаўсюджваюць сведчаннем і словам, магла адагнаць страх і прынесла надзею ў гэты свет.

ДОБРАЯ НАВІНА ДЛЯ ТРЭЦЯГА ТЫСЯЧАГОДДЗЯ