Фрагменты

Дарагія браты і сёстры!

1. Вялікі пост - асаблівы час малітвы, посту і клопату пра тых, каму патрэбна дапамога, - дае хрысціяніну магчымасць падрыхтавацца да Велікодных Святаў праз сапраўднае супастаўленне ўласнага жыцця з Божым Словам, якое асвятляе нашую штодзённасць. У якасці асноўнай думкі велікапоснай рэфлексіі ў гэтым годзе я хацеў бы прапанаваць верш з Апостальскіх Дзеяў: «Шчаслівей даваць, чым браць» (20, 35).

Справа тут не ў звычайным маральным павучанні і не ў наказе, які накідаецца чалавеку звонку. Схільнасць даваць у пэўнай ступені характэрная для чалавечай натуры: кожны чалавек адчувае патрэбу кантактаваць з іншымі і цалкам рэалізуе сябе тады, калі па закліку сэрца аддае сябе людзям.

2. (...) Дух гэтага свету скажае ўнутраную здольнасць чалавека да бескарыснага аддання сябе іншым і скіроўвае да заспакаення ўласных эгаістычных інтарэсаў. У чалавеку распальваецца прага накаплення багацця. Несумненна, гэта натуральна і справядліва, каб кожны, выкарыстоўваючы ўласныя здольнасці, імкнуўся дасягнуць таго, што яму патрэбна для жыцця. Аднак непамерная прага валодання перашкаджае чалавеку адкрыцца на Творцу і бліжніх. Якія ж актуальныя для кожнага часу словы святога Паўла, скіраваныя да Цімафея: «(...) бо корань усялякага зла ёсць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі» (1 Цім 6, 10).

Эксплуатацыя чалавека, абыякавасць да цярпенняў іншых, парушэнне маральных нормаў - гэта толькі некаторыя наступствы прагі абагачэння (...).

Звяртаючыся да веруючых і ўсіх людзей добрай волі, я прагну пацвердзіць бясспрэчнае правіла, хоць яно часта і парушаецца: трэба клапаціцца пра дабро не толькі вузкага кола прывілеяваных, але імкнуцца палепшыць умовы жыцця ўсіх. Толькі на такой аснове можна будаваць міжнародны парадак, які па-сапраўднаму вызначаецца справядлівасцю і салідарнасцю, і якога ўсе прагнуць.

3. (...) Веруючы пакліканы наследаваць Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, які ў дасканалай паслухмянасці волі Айца прынізіў самога сябе (пар. Флп 2, 6), аддаючыся нам у бескарыслівай і нічым не абмежаванай любові, ажно да смерці на крыжы. З Кальварыі яскрава разыходзіцца пасланне любові Трыадзінага Бога, скіраванае да людзей усіх народаў і часоў.

Св. Аўгустын заўважае, што толькі Бог, Найвышэйшае Дабро, можа перамагчы ўбоства свету. Таму міласэрнасць і любоў да бліжняга павінны сыходзіць з жывога кантакту з Богам і да Яго заўсёды адносіцца, бо ў трыванні пры Хрысце - наша радасць (пар. De civitate Dei, X, 6; CC 439, 1351 ss.).

4. Сын Божы першы нас палюбіў, «калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5, 8), не жадаючы нічога ўзамен, не навязваючы ніякіх умоваў a priori. У гэтым кантэксце цяжка не ўспрыняць Вялікі пост як нагоду, што спрыяе адважнаму, альтруістычнаму выбару і практыкаванню велікадушнасці. Гэты час дапамагае нам распачаць барацьбу з залішняю прывязанасцю да грошай і дае эфектыўную зброю ў выглядзе посту і міласціны. Адмаўленне сабе не толькі ў тым, што лішняе, але таксама ў нечым большым, каб падзяліцца з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, вядзе да самаадрачэння, без якога няма сапраўднага хрысціянскага жыцця. Узмацняючы сябе пастаяннаю малітваю, хрысціянін сведчыць, што Бог займае першае месца ў яго жыцці.

Менавіта любоў да Бога, разлітая ў нашых сэрцах, павінна натхняць і перамяняць нашае існаванне і нашую дзейнасць. Няхай не падманвае сябе хрысціянін, што зможа шукаць сапраўднага дабра для братоў, калі сам не жыве ў любові Хрыста. (...)

5. Сучаснаму чалавеку, які часта перажывае расчараванне экзістэнцыяльнаю пусткаю і які шукае сапраўднай радасці і любові, Хрыстус прапануе прыклад уласнага жыцця і запрашае наследаваць Яго. Тых, хто Яго слухае, Ён просіць, каб ахвяроўвалі сваё жыццё для братоў. Такое пасвячэнне вядзе да поўнай самарэалізацыі і радасці. Гэта пацвярджае прыклад тых мужчынаў і жанчын, якія, нягледзячы на небяспеку, не вагаліся рызыкаваць уласным жыццём як місіянеры ў розных частках свету. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца таксама рашэнні маладых людзей, натхнёных духам веры, што пайшлі за голасам святарскага альбо законнага паклікання, аддаючы сябе на службу «збаўчым планам Бога». (...)

Той, хто дапамагае бліжняму, заўсёды карыстаецца сімпатыяй Бога. У Дзеях Апостальскіх чытаем, што Тавіта была ўратаваная, бо рабіла дабро іншым (пар. 9, 36). (...)

Дапамога тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, можа быць (...) правідчым шляхам да спаткання з Хрыстом, бо Пан звыш меры ўзнагароджвае дабро, якое мы робім бліжнім (пар. Мц 25, 40).

Ад усяго сэрца жадаю, каб перыяд Вялікага посту быў для веруючых часам сведчання пра Евангелле любові на кожным месцы, бо пакліканне да міласэрнай любові - гэта ядро сапраўднай евангелізацыі. Прашу заступніцтва Марыі, Маці Касцёла. Няхай Яна спадарожнічае нам на велікапосных шляхах. Сардэчна ўсіх благаслаўляю.

Ватыкан, 7 студзеня 2003 г.
Паводле КАІ падрыхтавала Крыстына Лялько



Калі ласка, пакіньце свой каментар.