Ad limina Apostolorum

8 лютага каталіцкія біскупы Беларусі адбылі ў Рым, каб, згодна з Кананічным Правам, здзейсніць другі ў гісторыі Касцёла нашай краіны візіт аd limina Apostolorum, г. зн. візіт да грабніцаў святых Апосталаў.

Традыцыя наведвання Рыма біскупамі, адказнымі за партыкулярныя Касцёлы, бярэ пачатак ад вытокаў хрысціянства. Біскупы заўсёды прыбывалі ў Рым, каб сваёю малітваю каля грабніцаў Апосталаў і наведваннем Святога Айца — наступніка св. Пятра — выказаць адзінства з усім паўсюдным касцёлам.

Ужо сінод 343 года абавязваў біскупаў інфармаваць Папу аб справах у іх дыяцэзіях. З цягам часу ўстанавіўся тэрмін — пяць гадоў, — за які неабходна было даць справаздачу і адбыць паломніцтва аd limina Apostolorum.

Першы такі візіт беларускіх біскупаў у Рым адбыўся ў красавіку 1997 г. Тады ў Сталіцу хрысціянства выехалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк і ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

За пяць гадоў, што мінулі з таго часу, у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі адбыліся значныя змены. Былі менаваны яшчэ чатыры біскупы, утворана новая, Віцебская дыяцэзія, заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале з яе старшынёй кардыналам Казімірам Свёнткам...

Падчас першага візіту аd limina Apostolorum Святы Айцец у прамове да беларускіх біскупаў назваў Касцёл на Беларусі «знакам надзеі» і «вясною, спасланаю Богам, пасля доўгай, цяжкай зімы камунізму і атэізму». Ідучы за гэтаю прыгожаю вобразнасцю, можна сказаць, што за пяць гадоў, што мінулі з таго часу, «знак надзеі» стаў яшчэ больш відочным, а «вясна» ўвабралася ў сілу і дала багаты і шчодры духоўны плён.

Тое, што гэты плён быў належным чынам ацэнены Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, вынікае з тэксту прамовы Папы да беларускіх біскупаў падчас іх аўдыенцыі ў Ватыкане 10 лютага г. г. (Прамова Святога Айца будзе змешчана ў наступным нумары «Ave Maria»).

Больш падрабязна пра візіт аd limina Apostolorum мы спадзяемся даведацца пасля вяртання нашых іерархаў з Рыма. Але гэта ўжо тэма публікацыі таксама для наступнага нумара.

Сумная статыстыка

У 2002 г. у розных частках свету загінула 25 місіянераў. Сярод іх — адзін біскуп, 18 святароў, адзін законнік, дзве законніцы, два семінарысты і адна свецкая асоба. Пра гэта праінфармавала прэс-служба Fides, якая падпарадкоўваецца Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Больш за палову закатаваных (14 чалавек) — выхадцы з Лацінскай Амерыкі, у тым ліку ажно 10 святароў — з Калумбіі, дзе Касцёл у мінулым годзе перажыў сапраўдную «Кальварыю». Астатнія забойствы былі ўчынены ў Афрыцы і ў Азіі.

Варта падкрэсліць, што колькасць ахвяраў за мінулы год была меншая, чым за папярэднія гады. Напрыклад, толькі ў 2001 г. загінулі 33 асобы, у тым ліку 25 святароў. У выніку, як паведамляе агенцтва Fides, за апошняе дваццацігоддзе (1980-2000 гг.) за каталіцкую веру ў свеце загінула 719 чалавек.

«Рымскі трыпціх» Яна Паўла ІІ

Неўзабаве ў кракаўскім выдавецтве св. Станіслава будзе выдадзена паэма Яна Паўла ІІ «Рымскі трыпціх». Гэта першы паэтычны твор, напісаны Святым Айцом у часе яго пантыфікату.

«Трыпціх» змяшчаецца на 14 старонках кампутарнага набору, складаецца з трох паэтычных твораў, кожны з якіх напісаны ў крыху іншай стылістыцы. Паэма мае падзагаловак «Медытацыі Яна Паўла ІІ». Як зазначае вядомы польскі паэт і публіцыст Марэк Скварніцкі, мова і стыль гэтага твора нагадваюць ранейшыя вершы Караля Вайтылы. Па просьбе Папы М. Скварніцкі напісаў пасляслоўе да «Рымскага трыпціха».

Дактрынальная нота

Кангрэгацыя Веравучэння, улічваючы думку Папскай Рады па справах свецкіх, вырашыла неабходным апублікаваць «Дактрынальную ноту, якая датычыць некаторых пытанняў удзелу свецкіх католікаў у палітычным жыцці».

Нота адрасавана біскупам Каталіцкага Касцёла і, асаблівым чынам, католікам-палітыкам і ўсім свецкім, пакліканым да ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці ў дэмакратычных грамадствах.

Вайна нічога не вырашае

Папа Ян Павел ІІ усур’ёз занепакоены сітуацыяй, якая склалася ў адносінах паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Іракам.

Кіраўнік Папскай Рады «Justitia et Pax» арцыбіскуп Рэнато Марціно ў інтэрв’ю італьянскай газеце «Avenire» падкрэсліў, што Святы Айцец лічыць сённяшнюю міжнародную сітуацыю значна больш небяспечнаю за мінулагоднюю. «Адначасова Папа робіць усё, што ў яго сілах, каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі і выбуху адкрытага канфлікту», — сказаў арцыбіскуп Марціно.

Пілігрымкі Святога Айца

Ян Павел ІІ плануе ў 2003 г. чатыры замежныя пілігрымкі: у Іспанію, Харватыю, Боснію і Славакію, а таксама адно апостальскае падарожжа па Італіі, — інфармуе рымская газета «Il Messaggero».

Газета падкрэслівае, што 2003 год будзе пазначаны 25-й гадавінай пантыфікату сённяшняга Папы, якая будзе святкавацца на тры дні пазней, у нядзелю 19 кастрычніка, у сувязі з прызначанай на гэты дзень беатыфікацыяй Маці Тэрэзы з Калькуты.

Цэнтральна-еўрапейскі Дзень католікаў

13 студзеня 2003 г. у сядзібе Камісіі Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці (ComECE) адбылася прэзентацыя праекта Цэнтральна-еўрапейскага Дня католікаў 2003-2004. З праектам пазнаёміў яго ініцыятар, арцыбіскуп Вены, кардынал Хрыстаф Шонбарн, прысутнічалі таксама прадстаўнікі Епіскапатаў Босніі і Герцагавіны, Харватыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Славеніі і Польшчы.

Цэнтральна-еўрапейскі Дзень католікаў распачнецца адначасова ва ўсіх краінах, а менавіта, у першы «уікэнд» пасля Унебаўшэсця Пана, альбо 31 мая і 1 чэрвеня 2003 г. Дакладна праз год, у першы «уікэнд» пасля Унебаўшэсця Пана 2004 г. (23 і 24 мая), католікі васьмі названых краінаў здзейсняць «пілігрымку народаў» у марыйны санктуарый Марыяцэль у Аўстрыі. Усе мерапрыемствы ў рамках Цэнтральна-еўрапейскага Дня католікаў на працягу года будуць праводзіцца пад дэвізам «Хрыстус — надзея Еўропы», у той жа час «пілігрымцы народаў» будуць спадарожнічаць словы з Евангелля паводле св. Яна (2, 5): «Рабіце ўсё, што толькі вам скажа».

Кардынал Шонбарн адзначыў, што гэта будзе «духоўны ўклад» у вяртанне еднасці Еўропе, а таксама сігнал аб тым, што «Каталіцкаму Касцёлу ўласцівая моц стварэння лучнасці народаў». Ён падкрэсліў, што заклік Апостальскага ліста Novo millenio ineunte «Выплыві на глыбіню!» трэба разумець таксама як заклік да аб’яднання Еўропы.

Аўстрыйскі арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што тэрмін сустрэчы католікаў Цэнтральнай Еўропы прыпадае на час «аб’яднання Еўропы наноў», аб’яднання, якое здзейсніцца ў выніку прызначанага на 1 мая 2004 г. уступлення ў Еўрасаюз дзесяці новых краін.

Цэнтральна-еўрапейскі Дзень католікаў запланаваны як працэс, які будзе адбывацца на працягу года. У гэты перыяд будуць праводзіцца сімпозіумы і канферэнцыі, у тым ліку і міжнароднага характару, прысвечаныя такой праблематыцы, як: біяэтыка, мучанікі і сведкі веры, сацыяльнае партнёрства, хрысціянскія каштоўнасці, сведчанне веры і інш. Запланаваныя таксама пілігрымкі да найважнейшых санктуарыяў у краінах «васьмёркі». Тры з іх адбудуцца ў Польшчы: на Ясну Гуру (26 жніўня 2003 г.), у Лагеўнікі (18 красавіка 2004 г.), а таксама ў Гнезна (25 красавіка 2004 г.). У хуткім часе будзе падрыхтаваны і апублікаваны супольны ліст біскупаў васьмі краін — удзельніц Цэнтральна-еўрапейскага Дня католікаў, асноўнай тэмай якога будуць словы, што сталі дэвізам гэтай падзеі: «Хрыстус — надзея Еўропы».