«Вы не атрымалі духа няволі,
каб зноў жыць у страху,
але прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім і клічам: Абба, Ойча»
(Рым 8, 15).

Першародны грэх чалавека быў выкліканы жаданнем дараўняцца да Бога ў сферы пазнання. Веды, роўныя Боскім, давалі б пазнанне дабра і зла. Бог стаў бы ўжо непатрэбным, а чалавек – незалежным ад Творцы. Пазнанне дабра і зла давала б чалавеку права на праўду, чалавек стаў бы ў нейкай ступені яе паказчыкам. «... і расплюшчацца вочы вашыя, і вы будзеце, як Бог, ведаць дабро і зло» (Быц 3, 5). Вось хлусня сатаны, якая ў выніку паказала нікчэмнасць чалавека. Чалавек трапіў у няволю сваёй уласнай нікчэмнасці, ён апусціўся так нізка, што не толькі не ўмеў распазнаць дабро, каб адкінуць зло, але нават не ўсведамляў стану свайго зняволення. Самым глыбокім станам зняволення з’яўляецца неўсвядомленасць таго, што знаходзішся ў няволі.

Вызваліцца з няволі зла чалавек сам па сабе быў няздольны. Таму Бог паслаў свайго Сына, каб вырваць чалавека з путаў зла, вярнуць яму свабоду, страчаную па прычыне паслухмянасці сатане. Парогам, які нанова яднае чалавека з Богам, становіцца хрост, які моцаю Духа паглыбляе нас у Хрыста. Чалавек, які знаходзіцца пад кантролем сваёй натуры, скажонай перашародным грахом, праз хрост вызваляецца з няволі граху, вяртаецца да свайго Творцы. Грахоўнае мінулае перакрэсліваецца, і чалавек пачынае новае жыццё, жыццё з Богам. Дух Святы разам з Айцом і Сынам адраджае нас у хросце, робіць нас сынамі і спадкаемцамі Бога-Айца, суспадкаемцамі Хрыста. Хрысціянін – гэта чалавек, вызвалены з путаў граху, з ілжы, што вынікае з імкнення чалавека да аўтаноміі адносна Бога. Наша свабода ад наступства непаслухмянасці першых людзей вынікае з адкупленчай місіі Хрыста, у якую мы ўваходзім праз абмыванне ў водах новага Чырвонага мора, новага Ярдану, г.зн. святога хросту.

Праз хрост Бог асаблівым чынам выбраў і вылучыў нас, замест зямлі Ён дае нам неба і адкрыты ўваход у рай, Ён робіць нас «няшмат меншымі за Анёлаў» (пар. Пс 8, 6), Ён гасіць вадою хросту спрадвечнае полымя пекла. Ён вызваляе нас ад першароднага граху: «Тым, хто прыняў Яго, даў сілу дзецьмі Божымі стацца» (пар. Ян 1, 12). Святы хрост – гэта паўторнае нараджэнне. Пра гэта сам Пан Езус сказаў Нікадэму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не зможа ўвайсці ў Валадарства Божае. Народжанае з цела ёсць цела, а народжанае з Духа ёсць дух. Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца нанова» (Ян 3, 5-7). Калі мы нараджаемся, то маем натуральнае жыццё. Яго дастаткова для зямнога жыцця. Але мы створаныя не для зямлі, а для неба. Каб жыць у небе вечна, трэба ўжо тут, на зямлі, жыць звышнатуральным жыццём. Менавіта гэта звышнатуральнае жыццё дае нам святы хрост. Скасоўваючы першародны грэх, ён дае нам асвячальную ласку. Мы маем тады Божае жыццё ў душы, становімся ўдзельнікамі Боскай натуры. Мы атрымліваем права на неба. Бог становіцца нашым Айцом. Калі падчас хросту Езуса Бог Айцец сказаў: «Гэта – Сын Мой умілаваны, якому спагадаю» (пар. Мц 17, 5), – то і падчас нашага хросту Бог Айцец мог бы таксама сказаць: гэта Маё ўмілаванае дзіця, якому спагадаю.

Усё гэта дае нам хрост: новае нараджэнне, асвячальную ласку, удзел у жыцці Божым. Прыгожа гаворыць пра ўздзеянне хросту Дыдым Александрыйскі: «Чалавек – гэта гліняны посуд, таму трэба яго спачатку абмыць вадою, а потым ўмацаваць і абпаліць у агні, а Бог ёсць агнём, які паглынае. Таму чалавек патрабуе Духа Святога, каб Ён яго аднавіў і прывёў да дасканаласці. Гэты духоўны агонь можа пераплавіць, гэта духоўная вада можа арасіць» (Пра Найсвяцейшую Тройцу. Кніга 2, 12). Хрысціянін, абмыты праз хрост, з’яўляецца асвечаным і апраўданым у імя Пана нашага Езуса Хрыста і Духа Бога нашага (пар. 1 Кар 6, 11).

Хрост – гэта сакрамэнт, які пакідае ў душы непазбыўны знак. Гэта сертыфікат нашага хрысціянства, пасведчанне нашай прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла. Ахрышчаны чалавек можа адысці ад веры, можа стаць «недавяркам», вераадступнікам, атэістам, але знак хросту застаецца непарушным на яго душы цяпер і на вякі. У гісторыі Касцёла вядомая сумная постаць Юліяна Апастаты. Ён быў ахрышчаны і выхаваны ў каталіцкай веры. Парваў з хрысціянствам, а калі стаў імператарам, падпарадкоўваючыся язычніцкім святарам, усё рабіў для таго, каб знішчыць Каталіцкі Касцёл. На яго развалінах павінна было затрыумфаваць язычніцтва. Толькі адна рэч яго мучыла – нябачны знак прынятага калісьці святога хросту. Ён часта рукою паціраў лоб. Лекар, думаючы, што ў яго нешта баліць, пытаўся, навошта ён гэта робіць? «Я хацеў бы сцерці сляды майго хросту», – адказваў Юліян. Дарэмная праца і намаганні. Лекар быў бяссільны, бо не мог дацягнуцца да душы, на якой быў пакінуты знак сакрамэнту святога хросту. Святары-язычнікі параілі яму купацца ў крыві казлянятаў. Купанне не дапамагала. Знак хросту заставаўся некранутым. У часе вайны ён быў смяротна паранены. Паміраючы, Юліян узняў руку з воклічам роспачы: «Ты перамог, Галілянін!».

Другі Ватыканскі Сабор, гаворачы пра хрост, гаворыць пра наша далучэнне да Хрыста ўкрыжаванага і праслаўленага, гаворыць пра пагружэнне ў смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста. Мы разам з Хрыстом пахаваныя для граху, каб маглі перайсці да новага жыцця, распачатага ў змёртвыхпаўстанні Хрыста. Хрост чыніць так, што нашым лёсам з’яўляецца вызваленне ад спадчыны граху, з яго «няволі» да свабоды дзяцей Божых. Праз сакрамэнт хросту мы ўваходзім у лучнасць святых. Ласка Хрыста пранізвае ўсіх, хто належыць да Яго Містычнага Цела. Ва ўсіх дзейнічае той самы Дух Святы. Кожны з нас атрымлівае Яго ласкі не толькі для сябе, але і для іншых; пашырае іх словам, думкамі, учынкамі любові. Ніхто не з’яўляецца самотнаю выспаю. Як Містычнае Цела Хрыста мы складаем своеасаблівую сістэму духоўных сувязяў. Кожны наш добры ўчынак, як і дрэнны, мае грамадскае вымярэнне і ўздзейнічае на іншых: мы альбо ўзбагачаем, альбо абядняем іншых. Праз сакрамэнт святога хросту мы ўдзельнічаем у Валадарскім Святарстве Хрыста. Пра гэта выразна гаворыць

Другі Ватыканскі Сабор. Праз моц святога хросту вернікі «прымаюць удзел у святарскай місіі Хрыста для справавання духоўнага культу, аддаючы Яму саміх сябе як ахвяру». Яны – «пасвечаныя праз адраджэнне і намашчэнне Духам Святым пасвячаюцца у дом духоўны і святое святарства, каб складаць духоўныя ахвяры ўсімі ўчынкамі хрысціяніна» (КК 10).

Хрост садзейнічае далучэнню ахрышчанага да супольнасці Касцёла, да супольнасці свабодных дзяцей Божых. Вера, якая нараджаецца з хросту, спрыяе выхаду з ізаляцыі ўласнага «я» і ўваходу ў лучнасць з Езусам, а таксама з тымі, хто належыць да Касцёла. Месцам нашай веры становіцца Касцёл. Наша вера з’яўляецца часткаю веры Касцёла, па-за якім яна не мела б шанцу на развіццё. Вельмі часта людзі, якія знаходзяцца побач з тымі, хто прымае хрост, падобныя да сляпых, якія глядзяць, але не бачаць і не разумеюць. Яны не ўсведамляюць, што адбываецца незвычайная падзея і для нас неўяўляльная, іх больш цікавіць, як паводзіць сябе дзіця: ці плача, ці ляжыць спакойна. Калі б яны мелі веру, то спазналі б азарэнне, бо зразумелі б, якая вялікая падзея адбываецца ў той момант, калі на галаву таго, хто прымае хрост, сцякае вада і прамаўляюцца словы: «Я хрышчу цябе ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога». Толькі жывая вера дазваляе прабіцца праз вельмі простыя сакрамэнтальныя знакі да гэтай неспасцігальнай рэчаіснасці, якая здзяйсняецца ў гэты час. Недахоп веры можа прывесці да ўспрымання магічнага дзеяння сакрамэнту хросту альбо да ўспрымання яго як чыста знешняга касцёльнага дзеяння.

Сакрамэнт хросту мае вялікае значэнне для ўсёй парафіі. Найбліжэйшая супольнасць вернікаў павінна спадарожнічаць таму, хто прымае гэты першы сакрамэнт Касцёла, сваёю малітваю. Таму што праз гэты сакрамэнт Бог адорвае незвычайнымі ласкамі не толькі новаахрышчанага, але таксама і супольнасць, якая прымае яго, – яна атрымлівае новага, асвечанага члена супольнасці. Такім чынам важна, каб мы ўсе прымалі гэты вялікі дар Бога ў духу глыбокай веры і ўдзячнасці.

Дзякуючы таму, што Касцёл паўсюдна ўказвае сутнасць, а тым самым і патрэбу святога хросту, гэты сакрамэнт прымаецца вернікамі з вялікаю самаадданасцю і добрасумленнасцю. Каб пацвердзіць гэта, я магу звярнуцца да часу панавання атэістычна-камуністычнага рэжыму ў краінах былога Савецкага Саюза. Нягледзячы на вялікую прапаганду бязбожнасці і адначасова жорсткі пераслед за рэлігійную практыку, людзі ўсяляк імкнуліся ахрысціць сваіх дзяцей. Пераадольваючы цяжкасці з транспартам, асабліва ж падвяргаючы сябе небяспецы рэпрэсій з боку атэістычнай улады, каб ахрысціць сваіх дзяцей, бацькі везлі іх да ксяндза не раз за сотні, а нават і за тысячы кіламетраў. Часта хрост адбываўся ў вялікай канспірацыі. На вельмі аддаленых ад святара тэрыторыях была ўведзена практыка хросту з «вады» спецыяльна падрыхтаванымі свецкімі асобамі. Усё гэта пацвярджае значэнне і патрэбу хросту як сакрамэнту, які вызваляе з няволі граху і дае права на свабоду «дзяцей Божых».

Усведамляючы ўздзеянне і вынікі хросту, мы можам акрэсліць жыццё хрысціяніна як жыццё ў свабодзе. Гэта свабода – адкрыццё на абсалютную праўду, на спрадвечную любоў, на неабмежаванасць чалавечага жыцця ў непасрэднай блізкасці з Богам. Гэта свабода зусім не азначае, што ў жыцці чалавека на зямлі няма сілаў, якія не будуць падаўляць нашае быццё. (...) Аднак жа хрысціянін верыць, што праз гэтую «няволю» вядзе шлях да сапраўднай свабоды, якую мы не здабываем сілаю, але якая нам дадзена Богам, бо ў гэтых усіх «няволях» нашага быцця Бог ахвяруе нам самога сябе. «У сведкі перад вамі заклікаю сёння неба і зямлю: жыццё і смерць прапанаваў Я табе, благаславенне і праклён. Выберы жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае, любіў Пана, Бога твайго, слухаўся голасу Ягонага, тулячыся да Яго» (Дрг 30, 19-20).

А святы Павел навучае нас: «Вы не атрымалі духа няволі, каб зноў жыць у страху, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім і клічам: Абба, Ойча» (Рым 8, 15).

Такім чынам, мы праз хрост пакліканыя да свабоды. Аднак свабоду мы павінны добра разумець і адпаведна яе выкарыстоўваць. Святы Павел дзейсна перасцерагае: «Усё мне можна, ды не ўсё на карысць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною» (1 Кар 6, 12).

Самая грозная спакуса сучаснасці – гэта вяртанне да першай віны чалавека ў раі, г.зн. да прагі незалежнага жыцця, якое цалкам адмаўляе які-небудзь аўтарытэт, у тым ліку і аўтарытэт Бога. Сучасны чалавек сам хоча вырашаць, што добрае і што дрэннае, усталёўваць свае ісціны, як і свае маральныя нормы і крытэрыі. Зноў праявілася ў людзей «гістарычная страта памяці», якая дазволіла ім забыць пра тое, што такая незалежнасць вядзе да ўпадку і зняволення. Безумоўна, сёння спакушэнне чалавека адбываецца інакш, але вынікі практычна такія самыя. Страшна тое, што сёння адбываецца ўсё ў імя свабоды, прагрэсу і дэмакратыі.

Сёння, больш за 2000 гадоў ад прыйсця на зямлю Божага Сына, чалавецтва надалей патрабуе збаўлення, ачышчэння, свабоды, якія вынікаюць з абмывання вадою святога хросту. Перад абліччам цяперашняга свету, мы, якія ў сакрамэнце хросту атрымалі Духа ўсынаўлення, павінны цяпер яшчэ больш падкрэсліваць сваю прыналежнасць да Бога. Будучы вольнымі ад уплываў гэтага свету, дзякуючы навучанню Духа, якое ў нас дзейнічае ў выніку ласкі святога хросту, мы павінны праяўляць сілу чынення дабра і сілу праяўлення любові.

Святы Айцец у гаміліі, абвешчанай 29 студзеня 1979 г. у Мексіцы, сказаў: «Усе вернікі праз моц сакрамэнту хросту і бежмавання абавязаны публічна вызнаваць веру, якую атрымалі ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла. Яны павінны яе пашыраць і абараняць як сапраўдныя сведкі Хрыста, бо пакліканыя да евангелізацыі – грунтоўнага абавязку ўсіх членаў люду Божага». Аднак мы павінны памятаць, што эфектыўнасць нашай дзейнасці будзе сыходзіць з глыбокага ўнутранага жыцця, з жыцця малітвы і цалкавітай адданасці Хрысту.

Уваходзячы ў трэцяе тысячагоддзе і памятаючы пра мінулае стагоддзе, поўнае неспакою ва ўсіх сферах чалавечага жыцця, просім Езуса Хрыста аб вяртанні людзей да Божага сыноўства, да свабоды дзяцей Божых.

Кардынал Казімір Свёнтэк