Ружанец лічыцца проста адною з формаў малітвы. Адным яна адпавядае больш, другім – менш. Ёсць тыя, хто моліцца на ружанцы сістэматычна, і тыя, хто кажа сабе: «гэта не для мяне». Аднак, здаецца, што так казаць нельга. Кожны веруючы чалавек павінен быць чалавекам Ружанца; у іншым выпадку ён рызыкуе стаць няверуючым. Што гэта значыць?

Першавобразам чалавека Ружанца з’яўляецца Марыя. Зразумела, што Яна ніколі не трымала ў руках ружанца. Але гэтаксама як ружанцовыя пацерынкі, праходзілі перад Яе вачыма вялікія і малыя хвіліны Яе жыцця. Як быццам Яна далікатна брала ў рукі падзею за падзеяй, каб разгадаць, зразумець іх сэнс. «Разважала, што б гэта было за прывітанне такое?..» – хіба ж гэтыя словы, запісаныя ў Евангеллі паводле св. Лукі (1, 29), не з’яўляюцца аповедам самой Марыі? Яна не ведала, што магло значыць гэтае прывітанне, а таму думала над ім, задавала сабе гэтае пытанне. Не ведала, чаму час радзіць прыйшоў акурат тады, калі Яна была з Юзафам у дарозе; не ведала, адкуль аб народзінах Сына даведаліся простыя пастушкі з ваколіцы і вучоныя мудрацы з далёкіх краёў; Яна не ведала, як разумець няпростыя словы Сімяона...

Так цяжка чалавеку зразумець уласнае жыццё! Трэба яго прачытваць увесь час нанова, трэба пытаць думкі ў Бога: пытаць, чаму так, а не інакш складваецца маё жыццё; чаму радасныя падзеі пераплятаюцца з балеснымі, навошта ўсё гэта?.. Чалавек Ружанца – гэта той, хто думае, пытае і слухае. Можа, для некаторых гэта гучыць дзіўна, але ў ружанцовай малітве слуханне – важнейшае, чым маўленне. Рытмічнае адгаворванне простых малітваў – гэта стварэнне атмасферы, у якой можна ўважліва выслухаць Пана Бога, асабліва тады, калі Ён прыходзіць да нас у Божым слове: «Успрынятае такім чынам, яно ўваходзіць у ружанцовую медаталогію паўтарэння, не выклікаючы стомленасці, якую выклікаў бы звыклы паўтор ужо добра засвоенай інфармацыі. Таму што сэнс не ў тым, каб выклікаць у памяці інфармацыю, а ў тым, каб дазволіць Богу «гаварыць».

Ключом да зразумення майго жыцця з’яўляецца жыццё Пана Езуса. Прыгожа тлумачыў гэта Ян Павел ІІ у энцыкліцы Redemptoris hominis напачатку свайго пантыфікату: «Чалавек, які хоча зразумець сябе да канца (не паводле якіхсьці толькі часовых, частковых, часам павярхоўных, а нават уяўных крытэрыяў і маштабаў сваёй уласнай істоты), павінен з усім сваім неспакоем, няўпэўненасцю, а таксама з усёю слабасцю і грэшнасцю, са сваім жыццём і смерцю наблізіцца да Хрыста. Павінен у нейкай ступені ў Яго ўвайсці з сабою самім».

Хіба ж Ружанец не ёсць менавіта гэтым «уваходжаннем у Хрыста з сабою самім»? З багажом сваіх таямніцаў – радасных і балесных, хвалебных і штодзённых – я іду да Настаўніка, каб Ён растлумачыў мне, кім я ёсць, дзеля чаго жыву, дзеля чаго люблю і цярплю...

«Праходзіць з Марыяй праз сцэны Ружанца – гэта як быццам быць у «школе» Марыі, каб чытаць Хрыста, каб пранікаць у Яго таямніцы, каб зразумець Яго пасланне».

Чалавек Ружанца – гэта проста другое імя хрысціяніна. Нельга называць сябе веруючым, калі не верыш у тое, што, як казаў св. Павел, тваё жыццё ўкрытае з Хрыстом у Богу (пар. Клс 3, 3). Нельга быць вучнем Хрыста без намагання штодзённа завязваць вузельчыкі на ўласным ружанцовым шнурку, без спробы завязваць вузельчыкі паміж ніццю ўласнага жыцця і жыццём Езуса.

А таму – за працу!
Будзем жа маліцца!

Кс. Войцех Бартковіч
«Rуżaniec» № 2 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько