Пачатак

Супольнасць

Дысцыпліна самоты не можа выступаць сама па сабе. Яна цесна звязана з дысцыплінай супольнасці. Супольнасць як дысцыпліна ўяўляе сабой намаганне, накіраванае на стварэнне свабоднай і пустой прасторы паміж людзьмі, у якой яны могуць практыкаваць сапраўдную паслухмянасць. Дзякуючы дысцыпліне самоты мы ў стане змагацца з пастаянным імкненнем «прыліпнуць» адно да аднаго са страху і адзіноты, і такім чынам ачышчаем прастору, каб прыслухоўвацца да Божага голасу, які нас вызваляе.

Можа, гэта гучыць дзіўна, калі я гавару пра супольнасць, як пра дысцыпліну, але без дысцыпліны супольнасць губляе сваю моц і становіцца хутчэй бяспечным, утульным і камфортным месцам замест таго, каб быць прасторай, у якой можна атрымаць новае жыццё і дасягнуць яго поўні. Там, дзе ўзнікае супольнасць, дысцыпліна сапраўды неабходная. Гэта актуальна не толькі для шматлікіх старых і новых формаў супольнага жыцця, але і ў падтрымцы сувязяў сяброўства, сужэнства і сям’і. Мы павінны няспынна адкрываць у сабе Божага Духа, каб сярод нас — людзей — умець стварыць прастору для Бога. Калі ў цэнтры нашай самоты мы пазнаем жыватворны Божы Дух і такім чынам будзем у стане прыняць сябе такімі, якія мы ёсць на самай справе, то зможам таксама ўбачыць гэты ж жыватворны Дух, які прамаўляе да нас праз нашых бліжніх. Калі ў жыватворным Божым Духу мы навучымся супольна распазнаваць крыніцу нашага жыцця, то станем больш ахвотна прыслухоўвацца да Ягонага голасу ў самоце.

Сяброўства, сужэнства, сям’я, законнае жыццё і кожная іншая форма супольнасці — гэта самота, якая сустракаецца з самотай, дух, які прамаўляе да духа, і сэрца, якое апелюе да сэрца. Гэта пазнанне з удзячнасцю Божага паклікання да таго, каб разам дзяліць жыццё, а таксама радаснае ахвяраванне гасціннай прасторы, у якой могуць праявіць сябе творчыя сілы Божага Духа. Такім чынам усе формы супольнага жыцця могуць стаць для нас шляхам аб’яўлення сапраўднай прысутнасці Бога між намі.

Супольнасць мае мала агульнага з узаемнаю згодаю. Падабенства адукацыі, псіхалагічнай прыроды ці сацыяльнага статусу можа нас зблізіць, але гэта ні ў якім выпадку не можа быць асноваю супольнасці. Супольнасць абапіраецца на Бога, які кліча ўсіх нас разам, і не павінна грунтавацца на нейкіх чалавечых якасцях, якія прыцягваюць людзей адно да аднаго. Існуе шмат групаў, створаных для таго, каб абараняць уласныя інтарэсы, падтрымліваць свой статус ці вырашаць асабістыя справы, але ніводная з іх не мае рысаў хрысціянскай супольнасці. Замест таго, каб пераадольваць муры страху і ствараць новую прастору для Бога, такія групы замыкаюцца на сапраўдных ці выдуманых «прышэльцах». Таямніца супольнасці заключаецца ў тым, што яна ахоплівае ўсіх людзей, нягледзячы на іх індывідуальныя асаблівасці, і дазваляе жыць разам як братам і сёстрам Хрыстовым, як сынам і дочкам нябеснага Айца.

Я хацеў бы апісаць адну канкрэтную форму дысцыпліны супольнасці. Гэта — практыка супольнага слухання. У нашым гаманлівым свеце мы звычайна праводзім час у размовах паміж сабою. Мы адчуваем сябе лепш, калі дзелімся перажываннямі, абмяркоўваем праблемы, якія нас цікавяць, ці калі спрачаемся на тэму актуальных справаў. Праз вельмі актыўны вусны абмен асабістымі поглядамі мы спрабуем адкрывацца адно перад адным. Аднак, здараецца, мы заўважаем, што словы дзейнічаюць хутчэй як муры, чым як вароты, і часам спрыяюць захаванню дыстанцыі, а не збліжэнню. Часта — нават насуперак нашым жаданням — мы раптам усведамляем, што паміж намі і іншымі людзьмі існуе суперніцтва. Мы імкнемся некаму даказаць, што на нас варта звярнуць увагу, і мы маем штосьці, што чыніць нас такімі асаблівымі. Дысцыпліна супольнасці дапамагае нам маўчаць разам. Такое выпрацаванае маўчанне не з’яўляецца маўчаннем няёмкім, бо гэта цішыня, падчас якой мы ўсе разам канцэнтруем увагу на Пану, які паклікаў усіх нас. Такім чынам мы пачынаем пазнаваць адно аднаго не як людзі, што сутаргава трымаюцца нейкіх ярлыкоў, якія самі на сябе прычапілі, але як тыя, каго любіць адзін Бог — любоўю вельмі інтымнай і непаўторнай.

Як і ў выпадку дысцыпліны самоты, увайсці ў такое супольнае маўчанне могуць дапамагчы нам словы Святога Пісання. Вера, як кажа святы Павел, нараджаецца са слухання. Мы павінны слухаць словы, з якімі звяртаемся адно да аднаго. Калі мы збіраемся разам як прадстаўнікі розных геаграфічных, псіхалагічных ці рэлігійных плыняў, слуханне таго ж самага слова з вуснаў розных людзей можа стварыць агульную для ўсіх адкрытасць і ўспрымальнасць на раны. Гэта дазваляе нам ясна адчуць: у гэтым слове мы ўсе разам знаходзімся ў бяспецы. Такім чынам мы можам адкрыць сябе як сапраўдную супольнасць, можам зразумець, што азначае быць пакліканымі разам, і ўбачыць, што той самы Пан, якога мы адкрылі ў нашай самоце, прамаўляе таксама ў самоце нашых бліжніх, незалежна ад таго, на якой мове яны размаўляюць, якое носяць прозвішча ці які маюць характар. З супольнага слухання Божага Слова можа вырасці сапраўднае творчае маўчанне. Яно напоўнена клапатлівай прысутнасцю Бога. Такім чынам супольнае слуханне слова можа вызваліць нас ад спаборніцтва і суперніцтва, адначасова дазваляе нам распазнаць у сабе сапраўдных сыноў і дачок аднаго любячага Бога, а таксама братоў і сясцёр нашага Пана Езуса Хрыста, а праз гэта — дапамагае спазнаць адно аднаго.

Гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў дысцыпліны супольнасці. Супольнае святкаванне, супольная праца, супольная забава — усё гэта тое, што дапамагае практыкаваць супольнасць. Аднак незалежна ад таго, якая канкрэтная форма ці спосаб для гэтага абіраюцца, дысцыпліна самоты заўсёды пераносіць нас па-за межы расы, полу, нацыянальнасці, характару ці ўзросту і адкрывае, кім мы з’яўляемся перад Богам і адно для аднаго.

Дысцыпліна супольнасці чыніць нас асобамі, г. зн. людзьмі (персонамі), якія гучаць (лацінскае слова personare азначае «гучаць») праўдай, прыгажосцю і любоўю, гучаць для іншых больш поўна і плённа, чым мы самі маглі б з гэтага скарыстаць. У сапраўднай супольнасці мы з’яўляемся як бы вокнамі, якія пастаянна адчыняюцца адно перад адным, раскрываючы ўсё новыя краявіды таямніцы Божай прысутнасці ў нашым жыцці. Таму дысцыпліна самоты — гэта сапраўдная дысцыпліна малітвы. Яна чыніць нас чуйнымі на прысутнасць сярод нас Духа, які кліча: «Abba, Ойча», і такім чынам узносіць малітву з самай глыбіні нашага супольнага жыцця. Таму супольнасць — гэта адначасова і паслухмянасць, якую мы разам практыкуем. Недастаткова толькі запытацца: «Куды Бог вядзе мяне як індывідуальную асобу, якая спрабуе выканаць Ягоную волю?». Больш важным і значным з’яўляецца пытанне: «Куды Бог вядзе нас як людзей?». Гэтае пытанне патрабуе, каб мы звярнулі больш пільную ўвагу на Божае кіраўніцтва ў нашым супольным жыцці і разам пашукалі творчага адказу. І вось мы падышлі да таго, як малітва і дзеянне могуць складаць адзінае цэлае. Што б мы, як супольнасць, ні рабілі, актам сапраўднай паслухмянасці гэта можа назвацца толькі ў выпадку, калі з’яўляецца адказам на тое, як мы прыслухоўваемся да Божага голасу сярод нас.

Нельга забывацца, што супольнасць (як і самота) — гэта перадусім якасць сэрца. І хоць мы ніколі не даведаемся, чым сапраўды з’яўляецца супольнасць, калі не апынемся разам ў адным месцы, усё ж супольнасць не абавязкова азначае фізічнае знаходжанне разам. Аднолькава добра мы можам жыць у супольнасці, калі фізічна знаходзімся адны. Дзякуючы цеснай сувязі любові, якая яднае нас з іншымі, мы можам свабодна дзейнічаць, шчыра выказваць свае думкі і пакорліва цярпець, нягледзячы на тое, што нас дзеляць час і прастора. Супольнасць любові распасціраецца не толькі па-за межы грамадстваў і кантынентаў, але таксама па-за межы дзесяцігоддзяў і стагоддзяў. Не толькі свядомасць тых, хто знаходзіцца далёка, але таксама памяць пра тых, хто некалі жыў, можа ўводзіць нас у супольнасць, якая аздараўляе, падтрымлівае і вядзе. Прастора для Бога ў супольнасці пераадольвае ўсе абмежаванні месца і часу.

Дысцыпліна супольнасці вызваляе нас дзеля таго, каб мы маглі пайсці туды, куды вядзе нас Дух. Нават туды, куды нам ісці не вельмі хочацца. Гэта і ёсць сапраўднае перажыванне спаслання Духа. Калі Дух зышоў на спалоханых вучняў, што сабраліся разам, яны былі вызваленыя і змаглі выйсці са свайго зачыненага пакоя ў свет. Пакуль яны заставаліся разам са страху, яны не ўтваралі супольнасці. Аднак, атрымаўшы Духа, яны ператварыліся ў групу свабодных людзей, якія маглі ствараць еднасць нават тады, калі знаходзіліся так далёка адно ад аднаго, як Рым ад Ерузалема. Такім чынам, калі нас аб’ядноўвае ў супольнасць Дух Святы, а не страх, ніякая дыстанацыя — у часе ці ў прасторы — не зможа нас падзяліць.

Заканчэнне

Дзякуючы дысцыпліне самоты мы адкрываем у нашых душах прастору для Бога. Дзякуючы дысцыпліне супольнасці мы адкрываем месца для Бога ў нашым супольным жыцці. Абедзве дысцыпліны датычаць аднаго і таго ж, бо прастора ў нашых душах і вакол нас — гэта тая самая прастора.

Менавіта ў гэтай Божай прасторы моліцца ў нас Дух Божы. Малітва з’яўляецца перадусім актыўнай прысутнасцю Духа Святога ў нашым асабістым жыцці і ў нашым жыцці ў супольнасці. Дзякуючы дысцыпліне самоты і дысцыпліне супольнасці мы спрабуем пераадольваць — паступова, лагодна, аднак, настойліва, — усе перашкоды, якія не дазваляюць нам пачуць голас Бога ў нашай душы. Бог не звяртаецца да нас зрэдку, але прамаўляе ўвесь час. Днём і ноччу, падчас працы і забавы, у радасці і смутку Дух Божы актыўна прысутнічае ў нашай душы. Наша задача — дазволіць, каб гэтая прысутнасць стала для нас рэальнасцю ва ўсіх нашых учынках, словах ці думках. Самота і супольнасць з’яўляюцца дысцыплінамі, дзякуючы якім мы здабываем вольную прастору, у якой можам прыслухоўвацца да прысутнасці Божага Духа і без страху, велікадушна Яму адказваць. Калі мы пачулі голас Бога ў самоце, то пачуем яго і ў нашым супольным жыцці. Пачуўшы яго ў нашых братах і сёстрах, мы пачуем яго і тады, калі застанемся з Панам сам-насам. У самоце ці ў супольнасці, адны ці з іншымі людзьмі — мы пакліканы да паслухмянага жыцця, г.зн. да жыцця няспыннай малітвы. «Няспыннай» — не з-за шматлікіх малітваў, якія мы павінны адгаворваць, але з-за пастаяннай чуйнасці на няспынную малітву Божага Духа ў нашай душы і вакол нас.

Генры Ноўвэн
Пераклад з польскай мовы Таццяны Мухляды.