Ніхто ніколі не чуў гэтага плачу, але ў многіх ён адбірае спакой на доўгія гады. У тых, што забілі сваё дзіця яшчэ ва ўлонні, адабраўшы ў яго магчымасць нарадзіцца на гэты свет. У тых, хто маўкліва згадзіўся альбо і падбухторыў маці забіць сваё дзіця. Магчыма, і ў тых, хто, здрадзіўшы Божай запаведзі «не забівай», а адначасна і клятве Гіпакрата, выкарыстаў на гэты раз свае медыцынскія веды і практыку не для выратавання жыцця, але для забойства чалавека. Плач ненароджанага дзіцяці трывожыць сумленне многіх людзей, калі толькі, вядома, яны яшчэ не страцілі яго.

Ужо некалькі гадоў я ў даўгу перад жанчынай, якая прасіла мяне пераказаць чытачам «Ave Maria» сумную і адначасна такую выразна-павучальную гісторыю, што ў свой час здарылася з ёю.

Вось гэтая гісторыя.

На сваім сумленні гэтая жанчына (назавем яе Наталляй) мела некалькі абортаў. Рабіла яна іх, не надта задумваючыся над тым, што робіць, не ўсведамляючы ўсяго цяжару граху, не суадносячы ўчыненае з Божым правам і Божымі запаведзямі — час атэізацыі спрыяў гэтаму. Але аднаго разу Наталля трапіла ў Рыгу і пайшла ў касцёле да споведзі. Цяжкаю была тая споведзь. Балючаю. Споведзь, якая ўпершыню адкрыла перад жанчынаю увесь цяжар учыненых грахоў. Было шмат слёз і горкае-горкае пакаянне. Балючым разцом святар вывеў тады на яе сэрцы:»Сёння Бог табе прабачае. Але памятай: больш – ніводнага аборта!» Як жа не прыгадаць тут бясконца міласэрныя, поўныя любові да слабога грэшніка і адначасна такія патрабавальныя, напоўненыя верай ў выпраўленне чалавека Езусавы словы: «Ідзі і не грашы болей»?

Наталля адышла тады ад канфесіяналу шчаслівая — яна спазнала веліч Божае міласэрнасці! І наказ святара не здаўся ёй тады суровым, цяжкім для выканання. «Бог табе прабачае», — гэта было самым галоўным для жанчыны.

Прайшоў час. Радасць таго дня злёгку прыглухла ў Наталліным сэрцы, яе засланіла шэрая штодзённасць, клопат аб дабрабыце. Сумленне, абуджанае пры канфесіянале, зноў прыснула і яно зноў захацела апраўдаць тое, чаму няма апраўдання. Наталля ў чарговы раз зацяжарыла, і зачатае дзіця ў чарговы раз было ёй непатрэбнае. Яно зноў абцяжарвала ёй жыццё, спакой і такую-сякую стабільнасць. І жанчына... зноў цяжка зграшыла, яна зноў не дазволіла свайму дзіцяці ўбачыць свет, у якім жыла сама. Але Бог, як вядома, не дазваляе з Яго жартаваць і несур’ёзна ўспрымаць Яго наказы. Калі Наталля альбо прызабыла папярэджанне спаведніка не рабіць больш абортаў, альбо прыглушыла ў сабе тое папярэджанне, то Бог не забыўся...

Пасля новага аборту Наталля цяжка захварэла. Дактары не маглі даць рады. Наталля, як паранены звер, кідалася па свеце ў пошуках паратунку – да дактароў, шаптуноў, шукала самых розных дарадцаў. Але ўсё было марна. Наталля на вачах губляла сілы, марнела, а людзі толькі разводзілі рукамі.

І тады жанчына, перамогшы страх і сорам, зноў пайшла прасіць паратунку ў Бога. Пілігрымшчыцай яна прыбыла ў санктуарый Маці Божай у Аглоне (Латвія). І зноў было горкае, балючае пакаянне, споведзь. Хіба што тое пачуццё сваёй вялікай віны перад Богам і ненароджанымі дзецьмі яна магла параўнаць з тым, калі чалавек плача над сваімі грахамі крывавымі слязьмі. А потым была крынічка з цудадзейнай вадой у той жа Аглоне, пры санктуарыі Маці Божай. Наталля абмывалася празрыстай вадою і адчувала, як разам з іскрыстымі кроплямі ад яе кудысьці сплываюць горыч, боль, цяжар...

Гэтае адчуванне не было падманам. Наталля вярнулася з Аглоны... без следу хваробы. Жахлівая немач адступілася ад яе ў той жа дзень! Адступілася і больш ніколі ўжо не вярталася, нават не нагадвала пра сябе.

Бязмежная ты, Божая міласэрнасць!

Такая вось гісторыя здарылася калісьці з цяпер ужо немаладой жанчынай, якая, жадаючы асцерагчы іншых ад цяжкіх грахоў, захацела, каб пра яе даведаліся людзі. Мы размаўлялі з той жанчынай пасля набажэнства ў гонар Маці Божай Фацімскай. Магчыма, малітва натхніла жанчыну распавесці тую гісторыя мне, а праз мяне і іншым людзям.

Цяпер тая жанчына шмат моліцца, дзякуе Пану Богу і Маці Божай за сваё цудоўнае ацаленне і, што не менш важна, за прабачэнне ёй цяжкіх грахоў.

Часта згадваю гэтую гісторыю і я. Асабліва ў Вялікім Посце, калі ў нашай наваполацкай парафіі ўжо па традыцыі адпраўляецца Святая Імша з просьбай прабачэння грахоў за ненароджаных дзяцей. Гэтая інтэнцыя нарадзілася з самога горкага, балючага, грэшнага жыцця. Мала хто не дае ахвяраванняў на тую Імшу. І гэта найлепш сведчыць пра значнасць праблемы, якая такім альбо іншым чынам закранае ўсіх нас: адных непасрэдна, другіх ускосна, трэціх проста балюча раніць.

Заўсёды ў той жа дзень, калі адпраўляецца гэтая Святая Імша, людзі таксама моляцца і Крыжовы шлях нашага Збаўцы Езуса Хрыста, разважаючы над цяжарам людскіх грахоў – забойствам уласных дзяцей. Тэкст Крыжовага шляху я напісала пад уражаннем многіх гісторый, накшталт той, якую сёння тут распавяла. Прапаную гэты тэкст Крыжовага шляху чытачам з надзеяй, што ён дапаможа камусьці задумацца над гэтай праблемай, камусьці зрабіць адпаведныя высновы, а камусьці, можа, і пакаяцца ва ўчыненым. Бо малітва, як вядома, для хрысціяніна – найлепшае лекаванне і душы, і цела.

Ірына ЖАРНАСЕК