Разам з Марыяй, Маці Балеснай, мы пройдзем, о Езу, гэты шлях Крыжовы, які прайшоў Ты, каб здабыць для нас адкупленне на Кальварыі. Пакорна просім Цябе: учыні, каб разважанне над галоўнымі таямніцамі Тваіх пакутаў напоўніла нашыя сэрцы жалем за грахі і ўдзячнасцю за тваю любоў да нас.

Кс.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!
К.: Зжалься над намі, Божа!
Усе: Зжалься над намі!
(перад кожнай стацыяй)

Стацыя I
Езус асуджаны на смерць

Пілат, баючыся страціць сваё становішча, асудзіў невінаватага на смерць. Асудзіў саму Праўду...Спакуса нашага часу: адрачыся ад Хрыста дзеля «жыццёвай перспектывы», дзеля таго, каб аблегчыць сабе жыццё...

Езу міласэрны! Дай нам сілы не здраджваць Табе і Тваёй навуцы любові да Бога і бліжняга. Не дазволь, каб мы, імкнучыся аблегчыць сабе жыццё, асуджалі на смерць людзей, якіх Ты паклікаў да жыцця. Нягледзячы на тое, жыве гэты чалавек на свеце, альбо ягонае сэрца яшчэ толькі пачало біцца ва ўлонні маці. Дапамажы нам заўсёды памятаць, што чалавек - стварэнне Божае і замах на ягонае жыццё - цяжкі грэх.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, за нас заступіся!

Стацыя II
Езус прымае крыж

Крыж нельга абмінуць. Бунт альбо прыняцце? Толькі прыняцце слушнае...

Калі новае жыццё з'яўляецца на свет - гэта заўсёды новы клопат для бацькоў. Езу цярплівы! Дапамажы, каб мы заўсёды з ахвотай і радасцю прымалі гэты клопат, цярпелі ўсе цяжкасці і нягоды дзеля сваіх дзяцей. Каб з любоўю неслі свой крыж у імя дзяцей, памятаючы пра Тваю бязмежную любоў да іншых на Тваім Крыжовым шляху.
Ойча наш...

Стацыя III
Езус першы раз падае

Упадак - чалавечая справа; застацца ва ўпадку - нікчэмная...

Езу, мы так шмат спатыкаемся на сваім жыццёвым шляху! Мы так лёгка заўважаем падзенене бліжняга і часта пасміхаемся з таго падзення... Езу наймілейшы! Дапамажы нам любіць і падтрымліваць сваіх бліжніх у кожным іхнім падзенні. А калі тое падзенне звязана з зачаццем новага жыцця, дапамажы нам заўсёды памятаць, што чалавек створаны на Тваё, о Пане, падабенства.
Ойча наш...

Стацыя IV
Езус сустракае Маці Балесную

Верная Маці...Цябе можна сустрэць на ўсіх сцежках пакуты...

Маці Балесная! Дапамажы нам так, як Ты, заўсёды згаджацца з Божай воляй. Ты была паслухмянаю гэтай волі, калі з любоўю дала жыццё свайму Сыну, Ты згадзілася з гэтай воляй, калі Твой Сын ахвяраваў сваё жыццё за грэшны свет, за кожнага з нас. Няхай жа кожная маці наследуе Тваю бязмежную любоў і пакору. Няхай кожная маці з любоўю нараджае на свет сваё дзіця і з пакорай ахвяроўвае яго Богу. Так, як гэта зрабіла Ты.
Ойча наш...

Стацыя V
Дапамога Сымона Кірынэйца

Шчаслівы, хто дапаможа несці крыж Хрысту...

Езу, нам часта здаецца, што менавіта наш крыж самы цяжкі. Мы так часта забываем, што Бог не ўскладае на плечы чалавека непасільнага цяжару. Дапамажы нам навучыцца не корпацца толькі ў сваіх бедах і болях, але бачыць і чужы боль. Учыні так, каб мы заўсёды былі гатовыя прыйсці на дапамогу тым, хто гадуе дзяцей альбо чакае нараджэння дзіцяці.
Ойча наш...

Стацыя VI
Паслуга Веранікі

Бог шчодра ўзнагароджвае сапраўдную і шчырую любоў...

Езу, нам часта так цяжка адважна выказаць сваю любоў да таго, з каго людзі пасміхаюцца, каго асуджаюць. Калі б мы не марудзілі з праявай сваёй любові, то, можа, асцераглі б кагосьці ад граху і збераглі тым самым чыёсьці жыццё. Дапамажы нам, Езу, адважна любіць кожнага чалавека: і таго, хто дае жыццё іншаму, і таго, хто павінен з'явіцца на свет.
Ойча наш...

Стацыя VII
Езус другі раз падае

Цяжар крыжа бывае вялікі. Часам ён здаецца непасільным...

А мы часта падаем нават не ад цяжару крыжа, але таму, што хочам скінуць яго з плячэй, аблегчыць свой шлях. Мы часта парушаем Божыя запаведзі, шукаем лёгкага жыцця і імкнемся вызваліцца ад сваіх абавязкаў, часам - ад сваіх жа дзяцей, асуджаючы іх на пакутлівую смерць. Езу! Дапамажы нам не падаць ажно так нізка. Дапамажы нам заўсёды памятаць, што вызваліцца ад клопату аб сваім дзіцяці - гэта парваць сувязь з Табой, Крыніцай дабра, любові і справядлівасці.
Ойча наш...

Стацыя VIII
Плач ерузалемскіх жанчын

Менш трэба аплакваць паразы справядлівых, больш - пераможны і радасны грэх...

На жанчыне ляжыць адказнасць за будучыню дзяцей, але гэтак часта матчыны грахі цяжкім каменем прывальваюць дзяцей да зямлі! Езу, Твая любоў прызначана для кожнага чалавека, але часта яе,Тваю любоў, адбіраюць у тых, каму не дазваляюць нарадзіцца на свет. Дай жа тым, хто ўчыніў гэткае зло, ласку шчырага пакаяння, а іх, нявінных і бязгрэшных дзетак, чыё жыццё знішчылі грэшныя людзі, ахіні сваёй любоўю ў вечнасці.
Ойча наш...

Стацыя IX
Езус трэці раз падае

Езус Хрыстус вучыць людзей пакоры...

Нам так хочацца быць дужымі, моцнымі, смелымі! Мы часта хаваем свае слабасці нават ад саміх сябе. Любым коштам мы імкнемся апраўдаць нашы найгоршыя ўчынкі і тым самым супакоіць сваё сумленне. Езу, калі надыдзе спакуса злога ўчынку, дазволь мне прыгадаць, колькі маіх даўніх грахоў прынеслі Табе боль. Спыні мяне тады, Езу, калі я захачу ўчыніць смяротны грэх - забіць сваё бездапаможнае, ні ў чым непавіннае дзіця, альбо намовіць да гэткага граху кагосьці са сваіх бліжніх.
Ойча наш...

Стацыя X
З Езуса шаты здзіраюць

Бог церпіць за бессаромнасць...

Натуральная сарамлівасць - ахова жаночай годнасці. Калі ж сорам адступае - надыходзіць упадак...

Менавіта бессаромнасць часта штурхае нас на цяжкія грахі, і мы апускаемся ўсё ніжэй і ніжэй у балота граху. Езу, дапамажы нам не губляць наш сорам. Няхай ён служыць для абароны жыцця людзей і будзе прыкладам для іншых. Дапамажы нам заўсёды шанаваць годнасць кожнага чалавека.
Ойча наш...

Стацыя XI
Укрыжаванне

Нарадзіўся ў стайні... Памірае на крыжы... Вось вырак любові...

Укрыжаваная любоў... Колькі яе на свеце! Як часам жорстка мы абыходзімся з тымі, каго раней любілі. Якія ж скупыя мы бываем на сапраўдную любоў! Як часта людзі ўкрыжоўваюць тых, хто быў зачаты ў любові, і каго мы знішчаем узамен на «спакойнае» жыццё, выгады, дабрабыт! Людзі раскрыжоўваюць тысячы і тысячы пладоў сваёй любові, не дазволіўшы ім пабачыць наш свет. Хто памятае тады, што чалавенк не мае права распараджацца жыццём іншага? Езу, дазволь мне заўсёды памятаць, што толькі Ты даеш жыццё людзям і толькі Ты маеш права забраць яго.
Ойча наш...

Стацыя XII
Езус памірае на крыжы

З крыжа плыве Кроў і вада... Наша жыццё... Вялікае пераўтварэнне!..

Смерць Езуса прынесла чалавецтву збаўленне. Але хто ведае, што нясе свету смерць кожнага бязвінна забітага дзіцяці?! Хто ведае, ці не забіваем мы найлепшых? Гэта ведае толькі Пан Бог. Магчыма, што некалі, ужо ў вечнасці даведаемся гэта і мы... Езу! Міласэрнасці!..
Ойча наш...

Стацыя XIII
Езуса здымаюць з крыжа

Маці верная, маліся за ўсіх нас - жывых і памерлых...

Маці балесная! Ты схілілася над целам свайго Сына, каб аплакаць Яго смерць. А колькі мацярок, аддаючы сваіх дзяцей на смерць, нават не плача па іх! Многія нават не раскайваюцца ва ўчыненым, не просяць у Бога літасці. Ты любіш усіх сваіх дзяцей. Маліся ж за нявінна забітых, знішчаных, выкінутых на сметнікі. Маліся і за тых, хто здольны гэткае ўчыніць.
Ойча наш...

Стацыя ХIV
Езуса кладуць у грабніцу

Гроб Хрыста - задатак жыцця. Хто звязаў з ім свой лёс - не памрэ ніколі...

Добры Езу! Дзякуй Табе за дар уваскрашэння. Дазволь нам духоўна ўваскрасаць пасля нашых падзенняў. Дапамагай нам пасля кожнага ўпадку прыходзіць да Цябе з пакаяннем і толькі ў Табе шукаць супакаення. Дапамажы нам рабіцца лепшымі і цаніць як найвялікшы дар жыццё кожнага чалавека. Дапамажы нам любіць тых, каго Ты нам даручаеш. Будзь літасцівы да нас, Пане, у хвіліну справядлівага гневу Твайго.
Ойча наш...

Молімся.

Усемагутны, вечны Божа, па тваёй волі наш Збаўца Езус Хрыстус прыняў людское цела і прыняў смерць на крыжы. Ласкава ўчыні, каб мы вучыліся ў Яго цярплівасці і заслужылі ўдзел у змёртвыхпаўстанні. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.