Пачатак

15. Ён занадта добры

Хто будзе новым Папам Рымскім? Каторы з італьянскіх кардыналаў заменіць усмешлівага Яна Паўла І? А можа раптам здарыцца штосьці незвычайнае і ўпершыню за больш чым чатырыста гадоў будзе выбраны Папам не італьянец? Усе задавалі сабе падобныя пытанні.

У нядзелю, 15 кастрычніка, за кардыналамі, якія ўвайшлі ў Сіксцінскую Капліцу, зачыніліся дзверы. Яны павінны былі не расчыняцца столькі часу, пакуль не будзе выбраны наступнік святога Пятра. Сярод кардыналаў быў таксама і Караль Вайтыла.

Выбары новага Папы заўсёды адбываюцца ў вялікай таямніцы, і таму дакладна не вядома, што дзеелася гэтыя два дні ў Сіксцінскай Капліцы. Аднак вядома, што ў панядзелак, у 17.15 былі падлічаны галасы чарговага галасавання. Караль Вайтыла атрымаў дастаткова, каб стаць Папам. Да таго месца, дзе сядзеў кардынал з Кракава, падышоў вызначаны біскуп і задаў пытанне: «Ці прымаеш?» «Прымаю», — без вагання адказаў Караль Вайтыла.

Дакладна ў 18 гадзін і 18 хвілін над невялікім комінам над Сіксцінскай Капліцай з’явіўся белы дым, і сабраныя на пляцы людзі зразумелі па гэтым вядомым знаку, што Папа ўжо выбраны. Быў панядзелак, 16 кастрычніка 1978 года. Пачуўшы прозвішча новага Папы, адна з законніц, што добра ведала кардынала Вайтылу, моцна збялела.

– Што такое? – запытаўся ў яе мужчына, што стаяў побач. – Ён нядобры?

– Ды не, – адказала сястра, – ён занадта добры.

16. Леў Касцёла ў абдымках

Я быў вельмі ўсхваляваны, – казаў Артуро Мары, – і не запамятаў усю прамову кардынала Стэфана Вышынскага, гэтага «льва Касцёла», як называлі яго ў Рыме. Але гэтага моманту не забуду да канца свайго жыцця: кардынал Стэфан Вышынскі падышоў да Папы і на знак любові, паслушэнства і пашаны ўкленчыў перад ім. І тады здарылася штосьці небывалае: Ян Павел ІІ таксама ўкленчыў і моцна абняў кардынала. Такое трэба было бачыць на ўласныя вочы, — дадаў фатограф.

Ён зрабіў тады здымак, які лічыць адным з найлепшых сярод сотні тысячаў, што за ўвесь гэты час зрабіў Папу. Гэтая кранальная сцэна мела месца ў часе першай сустрэчы Яна Паўла ІІ з палякамі. На заканчэнне аўдыенцыі ён прачытаў два развітальныя лісты: адзін – да польскага народа, другі – да кракаўскай дыяцэзіі. У першым ён пісаў: «Нялёгка адмовіцца ад вяртання ў Айчыну (...). Але калі такая воля Хрыста – трэба яе прыняць. Таму прымаю. Толькі прашу вас (...) не забываць мяне ў малітвах на Яснай Гары і ва ўсёй Айчыне».

17. Адчыненыя дзверы

Праз шэсць дзён пасля выбараў, 22 кастрычніка, пляц святога Пятра зноў быў да краёў запоўнены. «Што скажа новы Папа?» – думалі людзі. Іхняя цікавасць расла яшчэ і таму, што за гэтыя некалькі дзён пасля выбараў новы Папа паспеў здзівіць многіх. Напрыклад, адразу ў аўторак ён вырашыў наведаць хворага сябра.

— Паедзем у шпіталь, — сказаў ён супрацоўнікам.

Тыя былі ў шоку. «Так проста ўзяць ды паехаць у шпіталь?» – дзівіліся адны. «Папярэднія Папы гэтага не рабілі,» — дадавалі другія. Аднак Ян Павел ІІ не звяртаў увагі, бо ведаў, што некалькі дзён таму ў шпіталь трапіў спаралізаваны ягоны сябар, біскуп Андрэй Дэскур. Ён хацеў адведаць сябра і зрабіў гэта.

...Алтар аздоблены белымі і чырвонымі гладыёлусамі. Праваруч ад Папы сядзела каля 300 біскупаў, а леваруч – 800 прэзідэнтаў, прэм’ераў, міністраў, каралёў і іншых знаных асобаў з усяго свету. Перад алтаром стаяў трыстатысячны натоўп, а ў сваіх дамах, на месцах працы перад тэлевізарамі і радыёпрыёмнікамі чакалі яшчэ мільёны людзей. На пляцы святога Пятра панавала незвычайная ціша: што скажа гэты Папа, якога зусім не чакалі на Пятровым троне?

— Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту! – усхвалявана ўсклікаў ён.

З таго часу мінула амаль дваццаць пяць гадоў, але словы, сказаныя тады Янам Паўлам ІІ, і цяпер гучаць у сэрцах людзей, якія іх пачулі.

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек