Шчаслівым можа назваць сябе толькі той чалавек, якому ў жыцці заўсёды шанцуе. Доўгі час гэта было традыцыйнай свядомасцю грамадства, але сёння менталітэт большай часткі беларусаў пакрысе змяняецца.

На пачатку 90-х гадоў на фоне агульнага духоўнага адраджэння нашы суайчыннікі пазнаёміліся з хрысціянскай экуменічнай супольнасцю Тэзэ, заснаванай у 1940 годзе манахам, братам Ражэ ў бургундскім пасёлку Тэзэ. Члены гэтай супольнасці лічаць, што можна быць шчаслівымі нават у самыя змрочныя дні. Асноўная мэта, з якой браты-манахі штогод збіраюць на пяцідзённыя сустрэчы дзесяткі тысяч маладых людзей у адным з буйных гарадоў Еўропы, — гэта служэнне справе супакою на зямлі. З часу апошняй такой сустрэчы прайшло ўжо некалькі месяцаў, але і цяпер, мабыць, не позна паразважаць над яе сэнсам.

У Парыж мы прыехалі на чале з ксяндзом Уладзімірам і сястрой Марынай з Мінска. Адразу падзяліліся на малыя групы, у адпаведнасці з якімі нас накіравалі ў парафіі, дзе ўсіх пілігрымаў ласкава прымалі да сябе мясцовыя вернікі. Наша група трапіла ў цэнтр горада ў парафію Сан-Поль, дзе потым кожны дзень у нас адбываліся Святыя Імшы, ранішнія малітвы, сустрэчы ў міжнародных, малых групах. У нашай парафіі былі французы, італьянцы, англічане, немцы, палякі, але так атрымлівалася, што агульную мову мы знаходзілі толькі з палякамі. Зрэшты, недахоп ведання замежнай мовы не перашкаджаў адчуць міжнароднасць гэтай падзеі. Апрача ранішніх малітваў у парафіях, у абед і ўвечары ў нас былі агульныя малітвы ў парыжскім Портэ дэ Версаль, якія перакладаліся на мовы большасці людзей, прысутных на сустрэчы. На жаль, беларускай мовы там не было. Яна гучала толькі ў тых парафіях, дзе былі беларусы, і тое не заўсёды. Як бы там ні было, але ад’езд на некаторы час за мяжу дапамагае адчуць сябе патрыётам. Гэтую сустрэчу можна параўнаць з вялікімі маладзёжнымі рэкалекцыямі, на якіх мы не толькі маліліся, але і весяліліся, спявалі, танчылі, ігралі на гітарах і бубнах. І ўсё рабілася з юнацкім запалам.

Прыехалі ў Парыж і людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Напрыклад, мы пазнаёміліся з вернікамі з польскага горада Шчэцін, якія сказалі, што ў іх ёсць 8 чалавек на інвалідных калясках. Чаго яны чакалі ад Тэзэ і ад Парыжу ўвогуле? Напэўна, шмат хто з іх хацеў змяніць звыклую абстаноўку, наталіцца той жыццядайнай энергіяй, што пануе ў асяроддзі тых, хто моліцца, знайсці сабе новых сяброў. У духоўным плане сустрэча дала ўсім удзельнікам тое, што кожны з іх хацеў атрымаць. Хтосьці аддаў перавагу індывідуальнай малітве, а камусьці, наадварот, больш падабалася маліцца разам. Мне, напрыклад, шмат далі прамовы брата Ражэ на тэму «Як перайсці ад сумненняў і ваганняў да даверу». Гэтаму заснавальніку супольнасці Тэзэ ўжо за 80 гадоў, што таксама ўражвае і выклікае асаблівую павагу. Ні для каго не сакрэт, што многім падабаюцца каноны з Тэзэ, але кранае тое, што моладзь спявае на некалі агульнаеўрапейскай мове, традыцыйнай мове Касцёла — на лаціне. У гэтым са мной пагадзіліся і сябры Мітрапалітальнай камісіі па перакладзе літургічных і рэлігійных тэкстаў на беларускую мову. Так, закрыстыянін касцёла св. Роха на Залатой Горцы Мікола Гракаў сказаў: «Упершыню я пачуў пра Тэзэ 5 гадоў таму і тое, што чытаў і слухаў, нарадзіла ў душы жаданне калі-небудзь з гэтым сутыкнуцца і пабачыць на ўласныя вочы. Раней мне ўжо даводзілася бываць у Еўропе. Магу сказаць, што літургічнае жыццё дастаткова беднае паўсюль, а ў супольнасці Тэзэ яно выглядае зусім па-іншаму. Тут гэтае жыццё ўзбагачаюць шматгалосыя спевы, што, безумоўна, вельмі прываблівае. Для нас, беларусаў, актуальныя ўсе аспекты, звязаныя з экуменізмам, бо мы жывём у шматканфесійнай краіне. Брат Ражэ, які паходзіць з пратэстанцкага асяроддзя, сам з’яўляецца сведкам даверу, чаго ў нас на Беларусі часта не хапае — нейкая насцярожанасць заўсёды прысутнічае. Вельмі добра, калі моладзь шукае кантактаў, імкнецца да дыялогу». Кляштар Тэзэ знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад руінаў славутага Клюінскага абацтва. Яго дзейнасць — свайго роду пераемнасць традыцый. Падобна да таго, як

у Сярэднявеччы Клюінскае абацтва дало новы ўздым манаскаму жыццю ўсяго заходняга хрысціянства, так у ХХ ст. недалёка ад яго ўтварылася супольнасць, якая выступае за прымірэнне ўсіх хрысціянаў.

Між тым, праводзячы канферэнцыі ў розных месцах, браты-манахі клапоцяцца і пра тое, каб іх госці азнаёміліся з горадам, найперш — з помнікамі архітэктуры. Эфейлева вежа, Нотр-Дам, Сакрэ-Кёр — гэта тое, што найбольш запомнілася. Пасля малітоўнага начнога чування ў Нотр-Даме да Міколы Гракава падышоў рэспектабельнага выгляду парыжанін і запытаў, дзе шлях да шчасця. Мікола адказаў, што дакладна гэтага ніхто не ведае, бо кожны мусіць знайсці гэты свой шлях сам. Ноччу ў цэнтры Парыжа пачуць такое пытанне — гэта ўражвае.

Мы шукаем свой шлях да шчасця разам з Хрыстом, і відаць таму базыліка, якая носіць імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Сакрэ-Кёр) выклікала ў нас найбольшае захапленне. Яна знаходзіцца на бульвары Манмартр, адкуль бачны ці не ўвесь Парыж. Сакрэ-Кёр — святыня з белага мармуру, пабудаваная ў рамана-візантыйскім стылі. Унутранае ўбранне базылікі надае ёй асаблівую моц уздзейнічаць на пачуцці людзей. У часе нашага наведвання тут панавала цішыня. Ненадоўга акунуўшыся ў гэтую сакральную атмасферу, мы мусілі ісці на рэгіянальную сустрэчу з братам Донахам, адказным за Беларусь. Апрача ўсяго іншага, на гэтай сустрэчы гаварылася, што моладзь пасля Тэзэ хутка забываецца пра атрыманы там духоўны вопыт і мала яго практыкуе ў сваіх парафіях. Ці сапраўды гэта так? У тым, што каноны з Тэзэ мы спяваем часта, сумнявацца не даводзіцца, а вось збірацца на малітву тройчы ў дзень, як раяць браты-манахі гэтай супольнасці, не выпадае. Пэўна мелася на ўвазе сустракацца ў парафіях, як удзельнікі пешых пілігрымак. Увогуле, духоўны вопыт Тэзэ карысны яшчэ і тым, што ён не патрабуе вялікіх высілкаў па яго захаванні. Галоўнае тут – медытацыя і ўласныя перажыванні. Напрыклад, студэнтка V курса факультэта журналістыкі БДУ Вікторыя Млечка прыгадала, што на сустрэчы яна адчувала сябе «батарэйкай», якая ўжо амаль садзіцца, але тая духоўнасць, што выпраменьвалася тады, калі разам спявалі, калі брат Ражэ прамаўляў, была зарадам для гэтай «батарэйкі» і яна дзялілася ім з іншымі, каб усе «механізмы» працавалі. Можа і добра, што такія сустрэчы праводзяцца раз на год, бо якраз на гэты час хапае запалу, бадзёрасці, жадання штосьці рабіць, няхай невялікія справы, але карысныя для кагосьці канкрэтнага, хоць бы для сябе, бо пачынаеш крышачку па-іншаму глядзець на свет, і жыццё здаецца лягчэйшым.

Навучэнка мінскага тэхнікума бізнеса і права Яна Усціна гаворыць, што калі збіралася ў Парыж, яе знаёмыя, якія ўжо былі на Тэзэ, папярэджвалі, што трэба будзе выбіраць: альбо маліцца альбо глядзець горад. Можа, яны мелі рацыю, але і ад тых малітваў, і ад гораду Яна шмат атрымала. Увечары аднаго дня здарылася тое, чаго яна сама ад сябе не чакала. На адарацыі Крыжа адбылося сапраўднае яе пакаянне — са слязьмі, наплывам эмоцый. Такое рэдка бывае, бо з часам эмоцыі адыходзяць на другі план, і ўсё ўспрымаецца розумам, а толькі розумам успрыняць асаблівую святасць значна цяжэй. Паездка ў Парыж дала Яне больш упэўненасці ў веры. Дзяўчына ўбачыла вялікую духоўнасць, з якой там праходзяць літургіі, знайшла сабе новых братоў і сясцёр у Хрысце сярод французаў-католікаў. Як і для мяне, моцным уражаннем для Яны было знаёмства з манаскай кангрэгацыяй «Ерузалем», з яе святасцю і адкрытасцю. Было прыемна, што на парафію Сан-Жэрвэ, дзе святары гэтай кангрэгацыі цэлебравалі Імшу, апрача моладзі і старэйшых людзей, прыйшло шмат вернікаў сярэдняга ўзросту.

Пяць дзён у Парыжы прайшлі вельмі насычана і, як усё добрае, хутка скончыліся. Шчыра падзякаваўшы гаспадарам за гасціннасць, мы мусілі развітацца з горадам. На зваротнай дарозе спыніліся ў Рэймсе, дзе знаходзіцца прыгожая старажытная святыня, і ў Кёльне, які знакаміты самым высокім у Еўропе саборам. Наша меркаванне было аднадушным: такія паездкі патрэбныя і карысныя. Наступная міжнародная сустрэча моладзі адбудзецца ў Афінах. Калі будзе магчымасць, сустрэнемся на Тэзэ зноў.

Алена Татаровіч