Пахвалёны Езус Хрыстус!

Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria», мы, парафіяне касцёла Узвышэння Святога Крыжа з Вілейкі, хочам з вашых старонак выказаць вялікую пашану і ўдзячнасць ксяндзу дзекану Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму.

Ксёндз дзекан Эдмунд працаваў у нашым касцёле з 1990 да 1998 года. Ад усяго сэрца дзякуем святару за тое, што ён першы адчыніў не толькі дзверы нашага касцёла, але і нашыя сэрцы для Бога. Многа памяці пакінуў ён нам у касцёле. Куды ні глянеш — усюды праца ксяндза дзекана Эдмунда.

З Божай дапамогай, дзякуючы мудрасці,вынослівасці, цярпенню, самаадданасці айца Эдмунда, адчыняліся і аднаўляліся касцёлы і капліцы ў вёсках Лебедзева, Палачаны, Холхлава, Вязынь, Альковічы, Ілля, у Радашковічах і Вілейцы, быў збудаваны касцёл у Маладзечне. І ў гэты вельмі цяжкі час Бог пасылаў ксяндзу Эдмунду добрых, шчырых, спагадлівых, добрасумленных людзей, якія дапамагалі яму ажыццявіць задуманае.

Нягледзячы на вялікую занятасць, ксёндз дзекан Эдмунд знаходзіў час для навучання дзяцей, у кожнай парафіі сам рыхтаваў іх да першай Святой Камуніі.

Мы вельмі шчаслівыя, што мелі духоўнага айца Эдмунда, шчырага ў працы, у малітве, які знаходзіў для нас добрае слова, вучыў любіць Пана Бога і Панну Марыю. Многія людзі дзякуючы ксяндзу Эдмунду знайшлі дарогу да Бога, узбагачаліся духоўна, рабіліся лепшымі, дабрэйшымі.

Мы шчыра ўдзячныя Пану Богу, што ў нас працаваў такі цудоўны святар, да якога хацелася ісці і ў радасці, і ў горы,бо ён заўсёды разумеў і падтрымліваў, знаходзіў патрэбнае слова для кожнага чалавека.

Успамінаючы ксяндза дзекана Эдмунда, часта думаем: як, абслугоўваючы 14 парафій, распачаўшы будаўніцтва касцёла ў Маладзечне, ён спраўляўся з пастырскімі абавязкамі? Адкуль былі моц, натхненне, цярплівасць і вытрымка ў наш складаны час? Толькі цяпер разумеем, што гэта — любоў да Пана Бога, да кожнага з нас, парафіянаў.

Сёння сэрца перапаўняе ўдзячнасць не толькі ксяндзу дзекану Эдмунду, але і яго бацькам — Ігнацію і Вераніцы. Гэта іх прыклад жыцця з Богам, штодзённыя малітвы ўмацоўвалі сына ў пакліканні да святарства, дапамагалі ў цяжкія хвіліны жыцця. Няхай добры Бог мае іх у сваёй апецы, адорыць моцным здароўем на доўгія гады.

25 красавіка ў ксяндза дзекана Эдмунда двайны юбілей — 50 гадоў ад нараджэння і 25 гадоў святарства.

Дарагі наш ксёндз дзекан Эдмунд!

Хай добры Бог асвеціць сваёй ласкай Ваш зямны шлях, адорыць моцным здароўем, каб з Вашай дапамогай людзі маглі ратаваць свае душы, вучыліся быць спагаднымі і міласэрнымі. Просім Матачку Найсвяцейшую, каб акрыла Вас плашчом мацярынскай апекі, а Пан Езус Змёртвыхпаўсталы хай благаслаўляе і вядзе бяспечнай дарогай праз усё жыццё.

З памяццю ў штодзённых малітвах
і шчырым ад усяго сэрца віншаваннем
сем’і Макаравых, Казлоўскай, Козак, Іўлевай, Луцэнкі.

 

Мы жывём у адным з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Але не толькі архітэктурнымі помнікамі адметны наш Нясвіж, але і людзьмі.

31 сакавіка 2000 года ў горадзе з’явілася новая грамадская арганізацыя — Нясвіжская раённая асацыяцыя дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі маюць права на месца сярод нас і на клопат пра сябе. Але ж жыццё чалавека найперш складаецца з духоўных патрэбаў.

Неацэнную дапамогу ў духоўным выхаванні гэтых дзяцей, іх станаўленні як асобаў, аказвае наш святар — ксёндз дзекан Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Дабрыня і незвычайная абаяльнасць святара прыцягваюць дзяцей, якія лепш за нас, дарослых, разумеюць, што хваробу можна перамагчы толькі з Божай дапамогай. Дзеці розных канфесій працягнулі адно аднаму рукі для таго, каб вучыцца слухаць, разумець, прымаць і любіць Бога і бліжняга.

З малітвай у сэрцы ўдзячныя парафіяне касцёла Божага Цела, г.Нясвіж.

 

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Пішуць вам парафіяне вішнеўскага касцёла.

Да нашага касцёла атэістычная рука не дацягнулася — добры Бог асцярог яго ад разбурэння. Улетку 2002 года да нас быў прызначаны малады ксёндз Уладзіслаў Шышла, выпускнік Гродзенскай семінарыі. Парафіяне вельмі добра яго прынялі, нібы адчувалі, што гэта будзе сапраўдны гаспадар касцёла. Так яно і сталася.

У першую чаргу ксёндз Уладзіслаў парупіўся замяніць касцельны дах, бо апошні раз ён перакрываўся гадоў 80 таму. Цяжка было, асабліва ў фінансавым плане, бо дапамогі мы ніадкуль не мелі і спонсараў ніякіх не было. Уся работа была выканана сіламі парафіі. Цяпер наш ксёндз мае клопат аб аднаўленні сценаў, як знадворку так і ўнутры.

Аднавіў ксёндз Уладзіслаў катэхізацыю дзяцей. У маі 2002 года дзеці парафіянаў вішнеўскага касцёла ўпершыню спавядаліся і прымалі Першую Святую Камунію. Усё гэта адбылося вельмі ўрачыста.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, кожны тыдзень ксёндз Уладзіслаў наведвае суседнія вёскі, дзе адпраўляе Святую Імшу: у касцёле вёскі Багданава, капліцах у Рымавічах і ў Падбярэззі. І мы, і жыхары суседніх вёсак лічым, што нам вельмі пашанцавала, што добры Бог прыслаў нам добрага ксяндза.

Мы хочам выказаць сваю падзяку ксяндзу Уладзіславу за яго нялёгкую святарскую службу на Божай ніве, якой ён ахвяраваў сваё жыццё.

Парафіяне Э. Доваль, Г. Маркоўская, С. Пупа,
М. Александровіч, М. Гутовіч і іншыя.