Па-рознаму прыходзяць людзі да Бога, па-рознаму вяртаюцца да Яго. Аднаму чалавеку на ўсё жыццё стае прычэпленай у маленстве бацькамі і асяроддзем прагі Яго святла, шлях другога, здараецца, куды больш няпросты, пакручасты.

Жыхару Віцебска Андрэю Рагіню, каб перажыць другое навяртанне, спатрэбілася каля пяцідзесяці гадоў.

Нарадзіўся ён у вёсцы Пешчакі на Глыбоччыне (цяпер Пастаўскі раён). У дзяцінстве хадзіў на набажэнствы ў лучайскі касцёл. Далей жа ўсё было, як і ў многіх людзей, якіх савецкая ўлада доўгі час гвалтоўна адрывала ад веры продкаў: школа з яе ваяўнічым атэізмам ды так званымі «хімічнымі» вечарамі замест калядавання, вучылішча механізацыі з выкананнем абавязковай праграмы антырэлігійных мерапрыемстваў.

Папрацаваўшы два гады па набыцці спецыяльнасці ў саўгасе, юнак падаўся на вучобу ў мараходнае вучылішча і адразу па яго заканчэнні трапіў у войска. Служыў у Сібіры. Дэмабілізаваўшыся, прыехаў у Віцебск, бліжэй да бацькоўскага дома. Уладкаваўся на працу ў міліцэйскую службу аховы, якой і аддаў да выхаду на адпачынак 27 гадоў жыцця. Пра веру, як і многія ў той бязбожніцкі час, нават не згадваў.

Пачаткам другога навяртання для Андрэя Цэліянавіча стаў 2000 год, калі пачалі прыходзіць няшчасці. Спачатку — прабадная язва і аперацыя па яе выдаленні, крыху пазней — тры, адзін за адным, інфаркты. Адчуваў сябе вельмі кепска, не гэтак, можа, фізічна, як маральна. Здавалася — усё ужо, надзеі на паратунак няма, свет зрабіўся чорны і нямілы.

Паратунак прыйшоў — ад Бога. Як раз у той час побач з домам, дзе жывуць Рагіні, пачалося будаўніцтва капліцы Езуса Міласэрнага. Неяк сёстры новай парафіі Нікола і Дамарыс, вяртаючыся дадому, заўважылі ў двары самотнага чалавека і запрасілі яго на Святую Імшу. Тую сустрэчу Андрэй Рагіня і лічыць пачаткам свайго фізічнага, а галоўнае — духоўнага ўваскрашэння. «Каб не сёстры ды тадышні пробашч парафіі Дарыюш Кубіца, — кажа, — наўрад ці выжыў бы наогул». Пасля споведзі і Святой Камуніі, удзеленай праз 50 гадоў перапынку, Андрэй адразу ж адчуў сябе значна лепш, стаў больш бадзёрым і жыццярадасным. І неўзабаве так трывала стаў на ногі, што і сам напачатку не паверыў цудадзейнаму ацаленню. А цяпер ужо і працуе напоўніцу, нібыта нанова вярнулася фізічнае здароўе.

Нярэдка так бывае ў жыцці: пакуль пакутуем — памятаем пра Бога, а варта крыху акрыяць, як і на ласкі Яго забываемся, і шлях да святыні ўласнымі ж рукамі гатовыя зацярушыць друзам занядбання. Андрэй Рагіня — не з такіх. Сёння ён — адзін з самых актыўных вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага. У капліцу на Імшу ходзіць штодня, дапамагае прыбіраць святыню, дзяжурыць тут уначы. Жонка Андрэя Цэліянавіча, Валянціна, — праваслаўная, але таксама не цураецца каталіцкіх набажэнстваў. Ходзіць у капліцу і сын Рагіняў — Андрэй.

Як і многія сем’і, што ўзнавілі сваю веру не так даўно, сям’я Рагіняў стараецца па магчымасці ўдасканальваць і пашыраць свае рэлігійныя веды. Чытаюць літаратуру, перыядычныя каталіцкія выданні, з якіх асабліва любяць часопіс «Ave Maria». Запаветная іх мара — схадзіць у пілігрымку.

На пытанне, ці цяжка было яму ўзнаўляць у душы бацькоўскую веру, Андрэй Рагіня адказаў: «Не, вера ж заўсёды ўва мне жыла». Думаю, ягоны адказ быў шчыры: сапраўднае зерне заўсёды праб’ецца да сонца. А ўжо які парастак з яго атрымаецца — кволы ці, наадварот, трывалы, залежыць ад чалавека. Парастак нашага героя — безумоўна, трывалы. Наколькі — пакажа час.

Францішак Дубраўскі.
Фота з сямейнага альбома Рагіняў.