Рыхтуючы вернікаў Каталіцкага Касцёла да Юбілею 2000 года, Святы Айцец Ян Павел ІІ пісаў у юбілейнай буле Incarnationis Mysterium: «Заўсёды выразным, а сёння асабліва пераканаўчым сведчаннем праўды хрысціянскай любові з’яўляецца памяць пра мучанікаў. Няхай ніколі не будзе забытае сведчанне іх веры».

Сапраўдным прыкладам такой удзячнай памяці стала жалобная ўрачыстасць, якая адбылася 10 сакавіка г.г. у новым лідскім касцёле Беззаганнага Зачацця Панны Марыі на Слабодцы. Урачыстасць была прысвечана 60-й гадавіне мучаніцкай смерці дзевяці святароў з Ліды і яе ваколіцаў.

10 сакавіка 1943 г., у Папяльцовую сераду, іх расстралялі нямецкія акупанты ў прыгарадным лесе, над загадзя падрыхтаванаю ямаю. Яны загінулі так, як і многія іншыя каталіцкія святары ў Беразвеччы і Калдычаве, у Івянцы і Пяршаях, як сёстры-назарэтанкі з Наваградка... Загінулі, бо былі святарамі: Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі (Ліда — Слабодка), Стэфан Снягоцкі (Ліда — Фара), Аляксандр Аўгустыновіч (Няцеча), Стэфан Дабравольскі (Беліца), Альфонс Бароўскі (Ляцк), Францішак Цыбульскі (Трабы), Юры Ажароўскі (Ліпнішкі), Вінцэнт Стшаснеўскі (Юрацішкі).

Наймалодшаму з іх, Стэфану Снягоцкаму, было няпоўных 29. Ён толькі год паслужыў святаром, выконваючы абавязкі вікарыя ў лідскім фарным касцёле.

Найстарэйшаму — Францішку Цыбульскаму, пробашчу з Трабаў, — было 58...

У Вялікую пятніцу таго ж 1943 года, ноччу, жыхары вёскі Дайнава адкапалі целы закатаваных святароў і, рызыкуючы ўласным жыццём, перавезлі іх у вёску і там пахавалі. Да часу.

У 1960-я гады, дзякуючы намаганням пробашча з Белагруды кс. Казіміра Шаняўскага і пані Генавэфы Казакевіч, была праведзена эксгумацыя астанкаў; тады ж адбылося іх перазахаванне на могілках слабодскай парафіі...

10 сакавіка 2003 г. новы прыгожы касцёл на Слабодцы ў Лідзе быў перапоўнены. У гэты дзень сюды сышліся і з’ехаліся святары, законныя сёстры і вернікі не толькі з Лідскага дэканату, але і з многіх іншых парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Арганізаваў жалобную ўрачыстасць лідскі дзекан ксёндз-пралат Вінцэнт Лісоўскі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел біскупы Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч і Антоні Дзям’янка, радуньскі дзекан ксёндз-пралат Казімір Шаняўскі, непасрэдныя сведкі тае даўняй трагедыі, парафіяне слабодскай парафіі Буткевіч і Астравух...

Разважаючы над таямніцаю Крыжа, цярпення і смерці, біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў: «Калі мы глянем на Крыж з вераю, то ўбачым у ім знак любові. Гэта бязмежная любоў, бо «няма большай за тую, калі хтосьці жыццё сваё аддае за прыяцеляў сваіх». У часе гэтай Святой Імшы (...) мы ўспамінаем тых братоў у святарстве, якія 60 гадоў таму асаблівым чынам прынялі ўдзел у таямніцы Крыжа. (...) Іх мучаніцтва мы разумеем у духу веры, як выраз любові; любові пастырскай, любові вернай, ажно да праліцця крыві і аддання жыцця. Такая любоў вядзе да змёртвыхпаўстання; да змёртвыхпаўстання веры ў сэрцах людзей, дзеля якіх гэтыя святары працавалі і за якіх аддалі сваё жыццё. Такая любоў вядзе да змёртвыхпаўстання Касцёла, якому яны былі верныя да апошняй хвіліны свайго зямнога жыцця».

Гэтая помная ўрачыстасць закончылася на слабодскіх парафіяльных могілках жалобнымі нешпарамі над магілаю святароў-мучанікаў.

«Няхай ніколі не будзе забытае сведчанне іх веры», а іх мучаніцкая кроў «няхай стане новым пасевам веры ў людскіх сэрцах».

Крыстына Лялько
Фота Мікалая Новікава