На першых старонках катэхізісу ёсць такое пытанне: «Колькі існуе Багоў?» Тут жа адказ: «Ёсць адзіны Бог, але ў трох асобах – Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы». Сапраўдны хрысціянін вызнае гэтую праўду веры, а жагнаючыся, яўна сведчыць пра яе. «У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн», – прамаўляем мы, робячы на сабе знак крыжа. Гэтым самым сцвярджаем, што верым у Бога Айца і Сына, і Духа Святога. Слова «амэн» азначае – няхай мне станецца так, як я веру. Перажагнаўшыся і прамовіўшы гэтыя поўныя таямнічай моцы святыя словы, чалавек прызнае над сабою Вышэйшую Істоту Бога ў Тройцы Адзінага і апеку Пана.

Знак крыжа пачынаем рабіць з ілба, даводзячы руку да грудзей (ніжэй ямкі), потым – з левага пляча на правае (гэта азначае, каб закончыць жыццё па Праву Божаму). Як вядома, Сын Божы Езус Хрыстус уступіў на неба і сядзіць па правай руцэ Бога Айца. Так нам гаворыць Святое Пісанне, і гэта мы вызнаем у малітве «Веру ў Бога», якая паходзіць ад першых апосталаў. Калі чалавек, які мае прапарцыянальнае цела, пабожна жагнаецца, крыж будзе правільным (не кароткім і не перавернутым). Важна яшчэ і тое, як трымаць далонь. Калі жагнаемся, яна павінна быць адкрытай, усе пальцы разам. Гэта таксама мае сваё значэнне – стаю з адкрытаю душою перад Богам і людзьмі. Вельмі важна рабіць знак крыжа паволі, з любоўю і пашанай. Гэтым мы цешым Пана Бога, здабываючы вялікую ласку. І наадварот, засмучаем Усявышняга, калі робім гэта абыякава, спехам, аўтаматычна. На жаль, у нашых касцёлах шмат тых, хто жагнаецца так, як кажуць у народзе: «быццам мухі перад носам ганяе».

Малітва. Распачынаючы яе, трэба адкінуць усе штодзённыя клопаты і думкі. Уявіць, што стаіш перад Богам у Тройцы Адзіным, які цябе бачыць і слухае. Настроіць сэрца на тое, каб выхваляць і ўслаўляць Бога, дзякаваць Яму і размаўляць з Ім. Малітва – гэта размова з Панам. Важна таксама мець інтэнцыю – намер маліцца. Памятайма і пра рукі. Яны павінны быць прыгатаваныя да малітвы (складзеныя далоні трымаем перад грудзьмі).

Калі вернік усё гэта зробіць, пачынаючы з пабожнага знака крыжа на сабе, адразу адчуе рэальную прысутнасць Бога, яго моц і веліч. І такая малітва, вядома ж, будзе вельмі мілай Богу.

Ксёндз Пётр Паўлоўскі