Дарога да святыні. У кожнага чалавека яна свая. У адных простая і прамая, у іншых доўгая і пакутная. Але заўсёды гэта пошук, праца і нават барацьба.

Для некаторых нашых суайчыннікаў першай сцяжынкай да храма стала экскурсія па святых мясцінах Беларусі, а менавіта – у Жыровіцкі манастыр, дзе знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай Жыровіцкай, і ў касцёл святога Андрэя ў Слоніме. Людзі ў захапленні ад паездкі, ад усяго ўбачанага і пачутага. Яны вельмі ўдзячныя ксяндзу пробашчу слонімскага касцёла айцу Вітальду Жыльветра. Вось вытрымкі з дасланых у рэдакцыю лістоў.

«З нашага барысаўскага завода агрэгатаў у Жыровіцы і Слонім ездзіла 42 чалавекі, з якіх 15 дзяцей ад 4 да 12 гадоў. Амаль на ўсіх удзельнікаў гэтай паездкі наведванне касцёла св. Андрэя зрабіла незабыўнае ўражанне. Каля касцёла нас ветліва сустрэў ксёндз Вітальд. Вельмі проста і даступна ён распавёў пра асноўныя праўды нашай веры, закрануў балючыя праблемы сённяшняга жыцця, надаючы асаблівую ўвагу сям’і і ролі бацькоў у выхаванні дзяцей. Дарослыя і дзеці з вялікай цікавасцю лавілі кожнае слова святара. Па вяртанні дадому дзеці з захапленнем расказвалі сваім родным і знаёмым пра тое, што ім больш за ўсё запомнілася. Амаль усе яны прынялі блізка да сэрца тое, што нядзеля – гэта дзень Пана Бога і што ў гэты дзень трэба ісці ў касцёл ці ў царкву, а не працаваць на дачы ці дома, як гэта робяць многія людзі.

Упэўнена, што пасля гэтай паездкі многія з маіх сяброў задумаюцца над сваім жыццём і скіруюць яго ў бок веры. Вялікая ўдзячнасць ад усіх нас ксяндзу Вітальду і нізкі яму паклон».

Ганарата Ляхновіч

«...Айцец Вітальд сваім павучальным аповедам пра анёлаў вельмі зацікавіў нашых дзяцей. Заўсёды вельмі жвавыя і непасрэдныя, тут яны ўсе ціхутка слухалі, шырока раскрыўшы свае вачаняты. У канцы святар вельмі зразумела адказаў на ўсе нашыя пытанні і благаславіў у далейшы шлях. У жыровіцкім манастыры мы прыхінуліся да цудоўнага абраза Маці Божай, абмыліся ў святой крыніцы і з перапоўненымі радасцю сэрцамі, вярнуліся дадому».

Наталля Сідарава з дачкой Аленай (7 гадоў)

«...Наша спатканне з айцом Вітальдам і размова з ім застануцца ў памяці на ўсё жыццё. Здавалася, ксёндз гаварыў «прописные истины», але гэта была такая натхнёная навука, да таго ж, на нашай роднай беларускай мове, што ўсе прыйшлі ў захапленне. Для некаторых людзей з нашай групы гэта наогул была першая ў жыцці размова з каталіцкім святаром. І як жа важна, што ім аказаўся такі добры, проста святы чалавек.

Па дарозе дадому і дзеці, і дарослыя абмяркоўвалі пачутае, чыталі духоўную літаратуру, якую атрымалі ад ксяндза ў падарунак, і ад усяго сэрца дзякавалі айцу Вітальду».

Алена Шынкевіч з дачкой Насцяй (11 гадоў)

«...Мы выйшлі з касцёла радасныя і па-сапраўднаму шчаслівыя. Хацелася жыць і рабіць дабро. Пачуццё таго шчасця, што перажыла душа ў касцёле, ні з чым не параўнальнае. Сэрца яго патрабуе зноў і зноў. Марым зноў пабываць там і спаткацца з айцом Вітальдам, чалавекам, які аддае сваё жыццё на служэнне Богу і людзям».

Валянціна, Вераніка (24 гады)

«Вось нарэшце і з мінскага прадпрыемства «Керамін» у Жыровіцы і Слонім накіраваўся аўтобус з турыстамі. Так, менавіта з турыстамі, а не пілігрымамі, бо людзі ехалі на экскурсію. У групе было толькі некалькі католікаў, астатнія – праваслаўныя, якія амаль не практыкуюць сваёй веры. Паездка пераўзышла ўсе нашыя чаканні. Дакрананне вуснамі і сэрцам да цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай, безумоўна ж, асвяціла нашыя бедныя душы. А калі мы прыехалі ў слонімскі касцёл св. Андрэя, то да нас прамовіў сам Пан Бог праз вусны ксяндза Вітальда. Мы ўбачылі перад сабою сапраўды любячага айца, якому не абыякавая кожная чалавечая душа. Праз яго мудрую навуку кожны з нас знайшоў адказ на свае пытанні. У канцы ўсе разам памаліліся. Той, хто не ведаў малітваў, паўтараў за святаром. Потым праз накладанне рук святар благаславіў кожнага з нас.

Усіх вельмі здзівіла тое, што ксёндз не прадаваў, а дарыў нам духоўную літаратуру і абразкі Маці Божай Жыровіцкай. А калі мы прапанавалі грошы, ён сказаў, што ахвяру можна пакласці ў скарбонку. Гэты факт вельмі значны ў вачах тых, хто пачынае рабіць першыя крокі ў веры.

Няхай добры Бог адорыць айца Вітальда ўсімі патрэбнымі ласкамі».

Галіна Дубіцкая з сынам Максімам (9 гадоў)

Для некаторых экскурсантаў першы крок да святыні зроблены. Дзякуй Богу, што ён стаў такім плённым і незабыўным. Вельмі добра, што сэрцы прагнуць таго пачуцця, якое перажылі ў святыні. Толькі не трэба заглушаць гэтыя пачуцці. Трэба ісці далей у пошуках гэтага Святла, бо менавіта ў ім сэнс і шчасце нашага жыцця. А міласэрны Бог чакае сваіх дзяцей у кожным касцёле, у кожнай царкве, ва ўсіх гарадах і вёсках. Спяшаймася ж насустрач нашаму добраму Айцу, і няхай тая першая сцяжынка да храма вывядзе ўсіх на шырокую трывалую дарогу шчырай веры, нязгаснай надзеі і сапраўднай любові.

Падрыхтавала Галіна Калевіч