Замест уступу

На паўночнай ускраіне Гродна будуецца касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля, цэнтр айцоў рэдэмптарыстаў. Будова распачыналася ў чыстым полі, але за 10 гадоў з паўночнага боку вырас горад. Вёскі Дзевятоўка, Малышчына, Падкрыжакі, Лапенкі ўліліся ў горад. У парафіі дзейнічае драўляная капліца. Алтар з гранітнай глыбы напамінае тую Скалу ў Італіі, дзе быў заснаваны закон рэдэмптарыстаў.

У дзевятоўскай капліцы працякае столь, гуляе вецер, але калі пачынаецца Св. Імша, тут становіцца цёпла і ўтульна. «Люблю цябе слухаць, бо забываеш пра сябе, калі абвяшчаеш Хрыста Укрыжаванага», - казаў прафесар права св. Альфонсу дэ Лігуоры, заснавальніку закона рэдэмптарыстаў.

Душпастырствам і будоўляй у мікрараёне Дзевятоўка займаюцца два святары - пробашч Вальдэмар Слота (ён змяніў у 1995 годзе а. Яна Зубеля, які пачынаў будову), і а. Станіслаў Станеўскі. Ксёндз Станіслаў Станеўскі нарадзіўся ў в. Малышчына. У 1998 годзе ён закончыў духоўную семінарыю і вярнуўся на радзіму.

На пачатку гэтага навучальнага года а. Станіслаў з парафіяльнай моладдзю ездзіў у санктуарый у Будслаў. Мне пашчасціла паехаць з імі.

Малітоўная спеўная пілігрымка - малітва нябёсаў, любові, вялікай прыгожай супольнасці.

Шчырая споведзь, глыбока перажытая Эўхарыстыя і зноў малітва...

Калісьці св. Альфонс дэ Лігуоры ехаў у Рым да Святога Айца, каб атрымаць булу, а калі Святога Айца ў Рыме не застаў, выкарыстаў момант і паехаў у Назарэт, дзе рос, працаваў, слухаў сваіх бацькоў Хрыстус. Святы Альфонс дэ Лігуоры ўсю дарогу маліўся, маліўся ўсе 24 гадзіны ў суткі: спаў на каленях.

У жыцці св. Альфонса здараліся цуды. Вясной 1779 года не было дажджоў. 16 мая святар паблагаславіў людзей і сказаў:

- Верце! Прыміце сёння Святую Камунію, у гэту нядзелю пойдзе дождж.

За 2 гадзіны да малітвы «Анёл Панскі» неба зацягнулася хмарамі і пайшоў дождж. Праз 10 тыдняў выбухнуў Везувій, вогненная лава плыла ў бок кляштара ў Пагані. Св. Альфонс глянуў у акно. «О, Езу!» - зрабіў вялікі знак Крыжа, і агонь вярнуўся ўглыб кратэра.

У 1775 годзе, склаўшы з сябе абавязкі біскупа ў дыяцэзіі, св. Альфонс вярнуўся ў Начэра ў кляштар, спыніўся ў семінарыі ў Нолі. Там падышоў да яго сляпы і папрасіў благаславення. Сляпы стаў бачыць!

Цудам можна лічыць і той факт, што пакуль а. Станіслаў Станеўскі вучыўся ў семінарыі, каля яго роднага дома пачаў будавацца касцёл айцоў рэдэмптарыстаў. Ён пра тое не ведаў, калі ўступаў у гэты закон.

У 1993 годзе ксёндз Ян Зубель звярнуўся да гарадскіх уладаў з неабходнымі паперамі. Пляц для касцёла выдзелілі на левабярэжжы Нёмана каля Румлёўскага мосту, але па невядомай прычыне ўлады перамянілі месца і дазволілі будаваць менавіта тут, у гэтым мікрараёне.

Партрэт святога Альфонса дэ Лігуоры

Брат Таноя ведаў святога 40 гадоў і так апісаў яго: «Св. Альфонс быў сярэдняга росту, вялікая галава, шырокі лоб, яснаблакітныя жывыя вочы, арліны нос, тонкія ўсмешлівыя вусны. Чорныя валасы ён падстрыгаў сам, бародку вышчыпваў нажнічкамі, не галіўся. Насіў акуляры, здымаў іх у час казанняў і калі размаўляў з жанчынамі (каб іх не бачыць). Меў моцны, выразны голас...

Святы Альфонс насіў валасяніцу, бічаваў сябе да крыві, еў мала і пераважна гародніну, у страву сыпаў горкі палын ці цэнтуру, у абутак клаў каменьчыкі для пакуты; спаў на тонкім сянніку. Яго сутана была ўся ў латах.

«Сакрамант споведзі збаўляе найбольш душаў, дае найменей падставаў для пыхі», - лічыў св. Альфонс. Усю кару за людскія грахі ён браў на сябе, да грэшнікаў быў цярплівым, меў адно жаданне - вырваць іх з улады злога духа і аддаць Хрысту ў абдымкі. Заўсёды памятаў, што самы цяжкі людскі грэх адкупіў Езус Хрыстус на Крыжы.

Хто моліцца - той і збаўляецца, толькі праз малітву прыходзіць збаўленне.

Альфонс Марыя дэ Лігуоры - «найвялікшы святы сярод неапалітанцаў, найсвяцейшы неапалітанец сярод святых».

Ён нарадзіўся 27 верасня 1696 года ў Марыанэлі ў сям'і донны Ганны (дзявочае Кавальеро) і дона Джузэппэ дэ Лігуоры, марскога капітана галеры. Абодва роды былі славутыя ў Неапалітанскім каралеўстве. У сям'і Лігуоры падрасталі 4 хлопцы і 4 дзяўчынкі. Спадчыну не дзялілі, пакідалі старэйшаму. Астатнія мусілі ісці ў кляштар. Старэйшым быў Альфонс. Але маёнтак атрымаў наймалодшы брат Эколя.

У 16 гадоў Альфонс стаў адвакатам кананічнага і цывільнага права, меў добрую практыку. Быў мастаком, паэтам і музыкам. Пісаў выразнай мовай як вучань св. Тамаша з Аквіну. У 1723 годзе прайграў справу - былі перакупленыя суддзі. Тры дні не выходзіў з дому. Скінуў свецкія шаты, парык і шпагу. Паступіў у духоўную семінарыю і 21 снежня 1726 года стаў святаром. Бацька ў адчаі не даў грошай на сутану.

Па прыкладзе святога Францішка дэ Гераніма (1642-1716), які наведваў галернікаў і навяртаў нават туркаў, святар Альфонс Лігуоры пайшоў у бедныя кварталы Неапаля, у вёскі, у запушчаныя прытулкі да бедных людзей, якія не мелі часу хадзіць у касцёлы. Ён прыдумаў «начныя капліцы» - імі маглі быць усялякія зацішныя месцы, дзе збіраліся людзі, якім ён адкрываў Божую праўду, нёс Добрую Навіну. Апостальская місія магла доўжыцца па паўгода. Аднойчы пасля рэкалекцый у закінутым кляштары, пры якім быў шпіталь, прытулак для немаўлят, пакутніц-дзяўчат і для самотных маці, Альфонс захварэў - у лёгкіх утварылася гнойная рана. Дзе пешкі, а дзе на муле ён пайшоў у ля Скала. Там, у капліцы Марыі дэ Монці, маліўся і абвяшчаў Добрую Навіну пастушкам у гарах. Там знаходзіўся вельмі бедны дзявочы кляштар. Сястра Марыя Цэлеста бачыла Божае святло. Езус ёй аб'явіў, што гэты святар Альфонс створыць новую супольнасць. Пасля Марыя Цэлеста напісала асноўныя рэгулы закона рэдэмптарыстаў. Іх дзевяць: узаемная любоў, беднасць, чысціня, паслушэнства, лагоднасць, утаймаванне плоці, кантэмпляцыя, малітва, адрачэнне ад сябе дзеля любові да Крыжа. Гэтыя ўмовы сталі асноваю статута...

Святы Альфонс у касцёле ў Фогія ўбачыў на абразе Маці Божай жывы твар дзяўчынкі 13-14 гадоў. Мастак з яго словаў намаляваў вобраз Мадонны.

Восенню 1732 года, у час стварэння супольнасці Найсвяцейшага Адкупіцеля, усе ўдзельнікі святой Эўхарыстыі перажывалі аб'яўленне Крыжа з яснеючым на ім Укрыжаваным Хрыстом.

Быў час, калі сябры пакінулі ля Скала, заснавальніка закона і вярнуліся ў Неапаль.

У капліцы і пакінутым доміку заставаўся адзін брат, які з ранку да вечара маліўся, званіў у звон, рабіў усё так, нібы кляштар нармальна дзейнічаў. Праз нейкі час сябры вярнуліся назад. Святы Альфонс дэ Лігуоры пашырыў месца дзейнасці сваёй супольнасці. У 1736 годзе былі ўжо тры невялікія цэнтры - ля Скала, Вілля, Корані, якія мелі па два святары і па адным брату ў кожным. Паступова будаваліся новыя цэнтры. Альфонс спадзяваўся толькі на Божую падтрымку, як бы ўвесь час выпрабоўваючы Бога, і Бог яго не падводзіў.

У 1762 годзе Святы Айцец Клеменс XIII менаваў ксяндза Альфонса Лігуоры біскупам дыяцэзіі Санта Агата дэі Гоці і выклікаў у Рым на кананічны экзамен. Св. Альфонс напісаў ліст, у якім скардзіўся, што яму 66 гадоў, што ён дрэнна бачыць і чуе, што яму баляць ногі, што ён баіцца прастуды і што даў ужо клятву рэдэмптарыста. Але Святы Айцец быў няўмольны. «Бог выганяе мяне з кляштара за мае грахі», - з горыччу зазначыў Альфонс.

Цяжка хворы, не могучы хадзіць, ён кіраваў дыяцэзіяй на працягу 13 гадоў. Гэта быў святы і бедны біскуп!

Аднаго разу да біскупа Лігуоры прыйшоў малады ксёндз у парыку і туфлях з сярэбранымі спражкамі. «Мой сыне, - звярнуўся да яго біскуп, - гэтыя спражкі і парык не падыходзяць святару. Калі так апранаецца ксёндз, то чаго тады панавешваюць на сябе свецкія людзі!»

Сам св. Альфонс эканоміў грошы літаральна на ўсім: на ежы, адзенні, кнігах, не шкадуючы дзяліцца імі з самымі абяздоленымі. Праз 13 гадоў ён вярнуўся ў кляштар св. Міхала ў Пагані ў маленькі пакойчык і прывёз з сабою свой сяннік. Гэта было ў 1775 годзе. 25 лістапада 1785 года ён адслужыў апошнюю Св. Імшу.

Памёр св. Альфонс дэ Лігуоры 1 жніўня 1787 года на 91-ым годзе жыцця. Быў беатыфікаваны ў 1816 годзе, кананізаваны 26 мая 1839 года, аб'яўлены доктарам Касцёла 23 сакавіка 1871 года, апекуном спаведнікоў і маралістаў 26 красавіка 1950 года. За жыццё св. Альфонс правёў 500 рэкалекцый. Тэалагічныя працы Альфонса дэ Лігуоры вытрымалі 20 тысяч выданняў на 70 мовах свету. Гэта нашмат больш, чым творы Шэкспіра.

* * *

Справу св. Альфонса дэ Лігуоры працягвае заснаваны ім закон рэдэмптарыстаў. Пра яго дзейнасць я крыху паразмаўляла з а. Станіславам Станеўскім.

-Вы, а. Станіслаў, першы рэдэмптарыст з беларускім грамадзянствам, ці можна на Ваша імя зарэгістраваць закон?

- Для рэгістрацыі закона патрэбна 15 братоў. Рэдэмптарысты працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі: у Гродне, Парэччы, Новай Рудзе, Эйсмантах, Роплі, Волпе.

- А дзе яшчэ ў свеце ёсць рэдэмпдарысты?

- Пры жыцці Альфонса Марыі Лігуоры ў Італіі былі дзве правінцыі - Неапальская і Рымская.

У 1784 годзе Клеменс Марыя Гофбауэр і Тадэуш Нюбль заклалі закон у Вене. У Польшчу прынёс ідэю нашай супольнасці св. Гэрбард Маэль. У Польшчы адна Варшаўская правінцыя налічвае каля 360 братоў. Місійная супольнасць рэдэмптарыстаў ёсць у Амерыцы, Аргентыне, Перу, у Афрыцы, у Расіі, на Украіне, у Казахстане, у Азіі - ад Багдада да Токіо.

- Як Вы сталі святаром і рэдэмптарыстам, а. Станіслаў?

- Першая кніга, якую я знайшоў на гарышчы ў бабці і прачытаў, называлася «Аб наследаванні Хрыста» святога Альфонса. Пераплеценая мною, займае цяпер пачэснае месца на паліцы ў родным доме.

Перад школай размаўляў толькі па-польску.

Пайшоў вучыцца ў СШ № 2 г. Гродна, скончыў сельгасінстытут, працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам на кафедры ветэрынарыі. Зрэдку прыходзілі думкі: як добра было б стаць святаром, але я іх праганяў: «Езу, хіба такія, як я, вартыя Табе служыць?!..»

Прыехалі ў Гродна з першай місіяй рэдэмптарысты Андрэй Шчупал і Ян Квецень. Калі скончыліся рэкалекцыі для моладзі ў фары, я пайшоў за імі ў бернардынскі касцёл. Пасля рэкалекцый размаўлялі. Айцец Андрэй прапанаваў мне: «Паедзь і паглядзі, пагасцюй ты дзень у семінарыі…» Я так і зрабіў. Вярнуўся, каб аформіць замежны пашпарт і атрымаць у біскупа дазвол на вучобу. Паступіў у семінарыю ў 1990 годзе. Вучоба заняла 7 гадоў. Пасля навіцыяту семінарысты наведваюць ля Скала - месца, дзе наш святы Альфонс Марыя Лігуоры ў 1732 годзе заснаваў з братамі і сёстрамі супольнасць на ўзор Езуса Хрыста і Апосталаў - закон рэдэмптарыстаў. Туды і цяпер можна дабрацца толькі пешкі і на осліку.

Моладзевая суполка айца Станіслава нагадвае пчаліны рой, які выходзіць з вулля. У святара не канчаюцца вясёлыя аповеды з семінарыйнага жыцця, ён весяліць дзяўчат і хлопцаў у перапынках паміж малітвамі, хоць перапынкі тыя і вельмі кароткія.

Са мной а. Станіслаў размаўляў сур'ёзна і стрымана. А за дзвярыма плябані ўжо чуліся галасы яго падапечных: айцец Станіслаў з-за мяне спазняўся на ўрок Закону Божага, але я ўсё ж насмелілася задаць яшчэ пару пытанняў.

- Вы аддаеце моладзі ўвесь час, усе духовыя сілы, ці ёсць у гэтым сэнс? Сённяшняя ж моладзь часта такая абыякавая, пасіўная?

- Я люблю працаваць з моладдзю. Люблю менавіта таму, што іх, абыякавых, сонных, можна абудзіць да Божага святла, і яны самі нясуць гэтае святло іншым. Люблю з імі спяваць. Песняй славіць Бога наш музычны гурт - гэта мой гонар. Мару пра добры парафіяльны хор і шукаю хормайстра. Пілігрымкі яднаюць найлепш. У нас ёсць парафіяльны дом, мы хочам вывозіць туды на канікулах хворых дзяцей і працаваць з імі, але гарадскія ўлады супраць, бо Касцёл па-ранейшаму аддзелены ад дзяржавы.

Так, мы нядаўна выбралі раду моладзевай суполкі, якая складаецца са старшыні і кіраўнікоў груп - эўхарыстычнай, харытатыўнай, культурніцкай.

Мы шмат часу праводзім разам.

- Чым Вы яшчэ любіце займацца?

- Ніякага хобі. Хачу як мага больш часу праводзіць з самымі пакрыўджанымі: з хворымі, самотнымі, каб несці ім Добрую Навіну па прыкладзе нашага святога заснавальніка закону.

«Святыя - гэта Евангелле, выказанае жыццём», - сказаў св. Альфонс Марыя Лігуоры.

Айцец Станіслаў схадзіў у сваю маленькую келлю і прынёс мне тоўстую кніжку Тэодуле Рэй-Мэрмэт «Святы веку Асветніцтва Альфонс дэ Лігуоры (1696-1787)». Сказаў, што можна, не спяшаючыся, чытаць...

Данута Бічэль