Таварыства Езуса было створана ў 1534 годзе іспанскім манахам Ігнацыем Лаёлам, дваранінам з паходжання. Законнікі гэтага ордэна завуцца езуітамі ад лацінскага Jesus. Ордэн быў зацверджаны Папам Паўлам ІІІ 27 верасня 1540 года. Езуіты адыгралі вялікую ролю ў барацьбе з распаўсюджваннем усялякай ерасі, асабліва ў сумнавядомыя часы Рэфармацыі. Яны вядомыя ўсяму свету як стваральнікі найлепшай у той час сістэмы адукацыі.

У 1555 годзе езуіты з’явіліся ў Польшчы, і ў 1564 пад апекаю біскупа Гозія была адкрыта іх першая навучальная ўстанова – калегіум у Браневе (Брунсбергу). У Вялікім Княстве Літоўскім Таварыства Езуса пачало сваю дзейнасць у 1569 годзе. У 1608 г. была створана асобная Літоўская правінцыя ордэна, куды ўвайшла тэрыторыя ўсёй Беларусі (акрамя калегіума ў Брэсце, які належаў Польскай правінцьі), Літвы, Мазовіі, Латвіі. У 1759 г. з Літоўскай правінцыі вылучылася Мазавецкая, у якую ўваходзілі і землі Беларусі. У 1770-я годы ў гэтых дзвюх правінцыях было каля 90 езуіцкіх установаў. Галоўным звяном былі калегіумы, якім падпарадкоўваліся рэзідэнцыі і місіі (многія з іх з цягам часу ператварыліся ў калегіумы). Езуіты надавалі важнае значэнне дабрачыннай дзейнасці, арганізоўвалі прытулкі і шпіталі, славіліся як майстры вядзення дыспутаў і цудоўныя прапаведнікі.

Ордэн падтрымлівалі польскія каралі і князі Вялікага Княства Літоўскага: Жыгімонт ІІІ, Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Міхал Вішнявецкі, Ян ІІІ Сабескі. Апекунамі езуітаў былі магнаты Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, якія ахвяравалі ордэну маёнткі, сродкі на будаўніцтва калегіумаў і рэзідэнцый.

У 1773 годзе Папа Клімент XIV скасаваў ордэн, але ён быў адноўлены Папам Піем VII у 1814 г. На Беларусь езуіты вярнуліся ў 1920-30-я гады, калі стварылі каталіцка-езуіцкую групу ў Альбярціне.

Гісторыя Мазыра і мазырскага Палесся таксама была ўзбагачана дзейнасцю славутага ордэна. У 1723–1773 гадах пры фарным касцёле ў Мазыры дзейнічала езуіцкая місія, якая з 1726 г. трымала школу (з 1773 г. абвешчана свецкім вучылішчам). Фарны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудоўваўся езуітамі пасля пажару ў 1757 г. Ён існаваў яшчэ на пачатку XX стагоддзя. Гэта быў твор архітэктуры класіцызму, які меў у плане форму крыжа. Драўляны будынак завяршаўся магутным васьмігранным барабанам, накрытым сферычным купалам з макаўкай на гранёнай «шыі». Перад святыняю стаяла трох’ярусная драўляная званіца (на жаль, сёння ад яе і не засталося і следу).

У цэнтры вёскі Юравічы, што на паўднёвым усходзе ад Мазыра, на ўзгорку, адкуль адкрываюцца цудоўныя краявіды даліны Прыпяці, захаваўся комплекс будынкаў касцёла і калегіума езуітаў. Ён будаваўся ў 1710–1746 гадах на месцы драўлянага кляштара. Езуіцкі калегіум дзейнічаў з 1778 г., а ў 1820 г. будынкі і касцёл былі перададзены бернардынскаму ордэну.

Касцёл і корпус калегіума аб’яднаныя ў архітэктурны комплекс. Высокі мур агароджы мае ўязную браму. Абапал якой і па вуглах стаяць агароджы-вежы з байніцамі. Касцёл – цудоўны помнік архітэктуры позняга барока – быў пабудаваны ў форме крыжа. Гэта трохнававая базыліка з выцягнутай паўкруглай апсідай і двухвежавьм галоўным фасадам. Разнастайныя вокны і нішы аздоблены складанымі профілямі і лепкай. Абапал алтарнай часткі – двухпавярховыя закрыстыі. Бакавыя сцены расчлянёныя лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Пад касцёлам размешчана крыпта. Увесь комплекс быў абкружаны цудоўным садам.

Юравіцкая святыня будавалася на хвалу Маці Божай, і яе лёс звязаны з цудадзейным абразом Маці Божай Юравіцкай – апякункі мазырскага Палесся. У 1681 г. айцец езуіт Барталамей Вансоўскі, які заслужыў малітвамі перад абразом Багародзіцы сваё цудоўнае выздараўленне ад цяжкай хваробы, ініцыяваў пабудову вялікага мураванага касцёла. Храм быў давершаны ў 1715 годзе. Там і знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай.

Апошнія 50 гадоў суперыёрамі манаскага дому ў Юравічах былі: з 1722 г. – айцец Францішак Камінскі, 1725 г. – Войцэх Янікоўскі, 1728 г. – Гольштын, 1742 г. –Францішак Колерт, 1755 г. – Ян Карпоўскі, 1757 г. – Павел Міцкевіч, 1763 г. – Ігнат Амысінскі, 1765 г. – Андрэй Грондскі, 1770 г. – Юры Бохан, 1772 г. – Язэп Луцкі.

У 1773 г., калі быў скасаваны ордэн, у Юравічах паводле каталогу правінцыі малапольскай Таварыства Езуса, было 8 айцоў, 2 клерыкі магістры, 3 браты. 3 1722 г. дзейнічала школа і «bursa musicorum», пазней існавала гімназія.

Пасля забароны і роспуску ордэна езуітаў у Юравічы былі пакліканыя бернардынцы з мазырскага кляштара, а пазней капуцыны. Менавіта на капуцынскім капітуле, які адбыўся ў Стараканстанцінаве 11 мая 1781 г. пад кіраўніцтвам правінцыяла айца Пацыфіка, было прынята рашэнне адкрыць у Юравічах калегіум і езуіцкі кляштар, ахвяраваны капуцынам Кандзідам Асалінскім, біскупам кіеўскім, бо Юравічы належалі да ягонага біскупства. Ёсць згадка, што капуцыны ў 1783 г. адчынілі там школу і навучалі (да трэцяга класа) аж да паэтыкі (вучняў тады было 30). У 1788 г. капуцыны пакінулі Юравічы па невядомых нам прычынах.

Пасля капуцынаў у Юравічы завіталі дамініканцы (ужо ў 1793 г. там жылі 5 законнікаў), але калі яны з’явіліся і ці доўга былі, невядома. Вядома, што яны выехалі з гэтага канвенту напярэданні новага стагоддзя, бо ў 1800 г. у Юравічах спыніліся бернардынцы, якія заставаліся там да 1832 г., калі кляштар скасавалі.

З візітацыі 1829 г. вядома, што будаўніцтва Юравіцкай святыні фундаваў рэчыцкі харунжы Вінцэнт Стэцкі: 15 маргоў і 218 прутоў зямлі ды яшчэ ад жытомірскай капітулы штогод срэбрам 112 рублёў і 55 капеек.

Пасля забароны ордэна бернардынцаў касцёл у Юравічах 10 гадоў быў зачынены. Набажэнствы аднавіліся ў 1842 г., калі сюды прызначылі пробашча. Апошнім ксяндзом тут быў Гуга Гадзецкі. 26 лістапада 1864 г. царскія ўлады зачынілі касцёл і ў хуткім часе яго будынкі былі перададзены праваслаўнаму прыходу.

На змену царызму, які ў Каталіцкім Касцёле бачыў пагрозу самадзяржаўю, прыйшлі бязбожныя саветы. Храм зачынілі, а будынкі калегіума прыстасоўвалі для розных патрэбаў (тут мясціўся шпіталь і дзіцячы інтэрнат). Унікальныя будынкі кляштара былі часткова разбураныя, расцягнутыя па цагліне. Вада і вецер дапамагалі ваяўнічаму атэізму: святыня вельмі пашкоджана.

У 1993 г. мясцовыя ўлады перадалі ўсе захаваныя будынкі Тураўскай праваслаўнай епархіі і цяпер тут жаночы манастыр.

Нястомныя работнікі нівы Панскай, езуіты, пакінулі значны след у гісторыі мазырскага Палесся. Яны неслі палешукам Слова Божае, наталялі іх душы Хлебам Эўхарыстычным, паказваючы дарогу да неба. Калегіум у Юравічах нагадвае нам сёння пра іх духоўны подзвіг, які браты святога Андрэя Баболі здзяйснялі штодзённа, выслаўляючы Бога, збаўляючы душы палешукоў.

Руслан Гародка. Фота аўтара.