Як нам, пазбаўленым усялякіх забабонаў, адукаваным сучасным людзям паверыць у змёртвыхпаўстанне Хрыста? Як там на самай справе было з пустою грабніцаю? Як нам канкрэтна ўявіць уваскрэсенне? Ці не ёсць гэта толькі нейкі шыфр для таго, каб справа Езуса прадаўжалася?

Гэтыя пытанні задаем сабе не толькі мы. Яны хвалявалі людзей ужо напрыканцы першага стагоддзя. Адказ на іх дае Евангелле святога Яна, дзе расказана гісторыя Тамаша, скептыка. Тамаш, як і мы сёння, не задавольваецца тым, каб толькі верыць у тое, што расказваюць яму іншыя. Нават, калі гэтыя аповеды вельмі пераканаўчыя. Ён хоча перажыць гэта сам. Ён хоча гэтага ўваскрослага Езуса не толькі бачыць, але таксама і абмацаць. Ён хоча бачыць не проста Езуса, але і знакі ад цвікоў на Ягоных руках, і рану на Ягоным баку. Ён хоча бачыць раны Езуса. Чаму менавіта раны? Ці мае гэта сэнс толькі для прызнання ідэнтычнасці Укрыжаванага з Уваскрослым, ці, можа, азначае яшчэ нешта іншае? Для мяне раны Езуса — гэта тое месца, дзе для Тамаша здзейсніўся цуд уваскрэсення.

Езус ідзе насустрач жаданню Тамаша. Ён прапануе Тамашу працягнуць свае пальцы і ўкласці іх у раны на Ягоных руках, прапануе даткнуцца рукою да прабітага боку. Уваскрэсенне — гэта свайго роду ператварэнне, метамарфоза нашых ранаў. Раны на руках — гэта зразумела кожнаму з нас. Бо так часта нехта моцна прыбівае нас нібы цвікамі, прыгнятае нас сваімі забабонамі, пранізвае словамі, б’е, пазбаўляе сілы так, што ўсё ў нас падае з рук… У той момант, калі Тамаш уклаў свае пальцы ў раны на руках Езуса, ён паверыў, што таксама і нашыя раны былі загоены смерцю і змёртвыхпаўстаннем Езуса. У той момант, калі ён сустрэў Змёртвыхпаўсталага і дакрануўся да Ягоных ранаў, адбылося ўваскрашэнне Тамаша — уваскрашэнне як ацаленне яго зраненага жыцця.

Мы ведаем таксама, што такое сардэчная рана. Сэрца чалавека — гэта месцазнаходжанне любові і моцнай тугі па любові. Калі нехта злоўжывае нашай любоўю, калі менавіта там, дзе любім, мы церпім расчараванне, знявагу, сутыкаемся з агрэсіўнасцю, тады нам асабліва балюча. Раны, нанесеныя любячаму сэрцу, самыя балесныя. Тамаш атрымаў дазвол укласці сваю руку ў рану на сэрцы Езуса дзеля таго, каб ён мог паверыць у тое, што ўсе раны, нанесеныя нашай любові, будуць загоеныя.

Езус прапанаваў Тамашу дакрануцца да Ягоных ранаў. Ці зрабіў гэта Тамаш, пра гэта Ян нічога не гаворыць у сваім Евангеллі. Але Тамаш адказвае на прапанову Езуса самым яскравым і поўным любові вызнаннем веры, якое толькі можа скласці хрысціянін Езусу: «Пан мой і Бог мой» (20, 28). Гэтымі словамі апостал падхоплівае вызнанне веры іншага скептыка, Натанаэля, які ў момант свайго паклікання ўсхвалявана ўсклікнуў: «Ты — Сын Божы! Ты — Кароль Ізраэля!» (1, 49). Але Тамаш дадае — «мой». Дзякуючы змёртвыхпаўстанню Езус стаў для Тамаша яго Панам і яго Богам, паміж імі ўзніклі асабістыя адносіны.

Хто прызнае Езуса сваім Панам і сваім Богам, той зразумеў таямніцу Уваскрэсення, той уваскрос да сапраўднага жыцця. У яго расплюшчыліся вочы, і ён убачыў таямніцу жыцця. Найглыбейшая таямніца Уваскрэсення заключаецца ў тым, што цуд веры здзяйсняецца на нашых ранах, што мы становімся здольнымі паверыць у ператваральную і гаючую сілу Божай любові менавіта там, дзе раны прыносяць нам найбольшыя пакуты, ажно да смерці.

Езус выканаў жаданне Тамаша дакрануцца да Уваскрослага, дзякуючы чаму Тамаш усім сваім сэрцам і розумам здолеў паверыць у змёртвыхпаўстанне. У той жа час, аднак, Езус указвае Тамашу, а з ім і нам, іншы шлях веры: «Ты, Тамаш, паверыў, бо бачыў Мяне. Благаславёныя тыя, хто не бачыў і паверыў» (Ян 20, 29).

Часам мы можам бачыць Езуса, дакрануцца да Яго. Але заўсёды здараецца таксама час, калі мы нічога не бачым. Тады нам застаецца голая вера. Верыць для Яна — гэта іншы спосаб бачыць. У веры мы бачым сапраўднае, бо бачым тое, што па-за рэчамі, спазнаём таямніцу ўсяго Быцця. Вера для Яна — гэта пашырэнне свядомасці, яе аднаўленне. Мы бачым свет вачыма Езуса, бачым ва ўсім хвалу Божую, у ранах — збаўленне, у смерці — жыццё, у магіле — змёртвыхпаўстанне, за зачыненымі дзвярыма — таямніцу свабоды.

Змёртвыхпаўстанне Езуса для Яна — гэта апафеоз любові. Пра гэта ён расказаў у гісторыі адной любові — гісторыі пра сустрэчу Марыі Магдалены з Уваскрослым. Змёртвыхпаўстанне — гэта таксама апафеоз веры. А ў веры гаворка ідзе не пра праўдзівасць, але пра больш глыбокі спосаб бачання, пра адноўленае ўспрыманне, пра ўдзел у Боскім жыцці. Хто жыве вераю, той жыве засяроджанасцю на сваім «я», дзякуючы сувязі з Богам становіцца новым, ператвораным чалавекам. Хто верыць, той сапраўды ўваскрос. Ён ужо цяпер перайшоў са смерці да жыцця (пар. Ян 5, 24). Бачыць толькі знешняе — у гэтым для Яна заключаецца несапраўднае жыццё, урэшце — гэта смерць. Вера, як бачанне па-за рэчамі, як пазнанне хвалы Божай менавіта ва ўкрыжаваным і пакутуючым Чалавеку-Езусе, — гэта і ёсць уваскрашэнне са смерці да жыцця.

Наш досвед уваскрашэння дваякі: перажыць на сваіх ранах цуд перамянення, непасрэдна ў штодзённасці зноў і зноў сустракаць Уваскрослага ў людзях, якія нас падбадзёрваюць, у вопыце перажывання душэўных разломаў і аднаўленняў. І ўваскрашэнне адбываецца таксама ў веры, калі мы за ўсімі ранамі бачым тое, што ў нас непарушнае, калі за павярхоўным фасадам нашай штодзённай руціны бачым Божы стрыжань, бачым Хрыста ў сабе — Хрыста, які ў нас змёртвыхпаўстае і які праводзіць нас праз браму нашай фізічнай, цялеснай смерці да вечнага жыцця, да вечнай хвалы Бога.

Анзэльм Грюн
«Christ in der Gegenwart», Nr. 14, 2002

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак