«З Хрыстом вы ўсталі з мёртвых, дык шукайце горняга, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога, думайце пра тое, што ўгары, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу» (гл. Клс 3, 1-3).

«Я ўваскрос і цяпер заўсёды буду з Табою…» — гэтыя словы мы чуем на пачатку Пасхальнай літургіі. Гэта словы Хрыста да Айца Нябеснага.

«Я ўваскрос і цяпер заўсёды буду з табою…» — гэта сказаў Хрыстус і кожнаму з нас. «Я цяпер заўсёды буду з табою… Не толькі як поўны велічы Бог з вышыняў неба, але таксама як поўны чалавечнасці Бог з глыбіняў адхлані. Я прайшоў праз адхлань і ўваскрос. Я жыву, і Я заўсёды буду з табою: ва ўсіх тваіх адхланях, у гадзіны тваёй самоты і роспачных сумненняў, у тваёй смерці, што доўжыцца ўсё тваё жыццё, і ў яго апошнюю хвіліну. Я ўваскрос і цяпер заўсёды буду з табою…»

Гэта Пасха, гэта наша збаўленне, гэта наша свята, «гэта дзень, што стварыў Пан» як першы і завяршальны дзень новага стварэння, новага жыцця, у якім сонца, якім ёсць сам Хрыстус, ніколі больш не зойдзе. Гэта праўда, якая ўсё тое, што пацярпела крушэнне, памерла, не здзейснілася, разладзілася, робіць здабыткам усёй вечнасці. «Я ўваскрос і цяпер заўсёды буду з Табою! Твая рука на мне. Як цудоўна, ях хвалебна, як збавенна для мяне гэта ведаць! Аллелюя!»

Ці ж можна сказаць нешта большае ў гэты дзень? Гэтым ужо сказана ўсё самае неабходнае, усё, без чаго мне аніяк не абысціся: існуе любоў, што мацней за смерць! І ўсе мае самыя гарачыя жаданні, і ўвесь мой досвед любові, — такі зародкавы, такі фрагментарны, — гэта не ілюзія, і ён не асуджаны на крушэнне. Гэта пачатак і прадчуванне той любові, якая сапраўды існуе, і ў якой я прымаю ўдзел, — так, сапраўды, прымаю ўдзел, няхай нават гэты ўдзел пакуль што яшчэ толькі такі пакутлівы, слабы і ўбогі…

В. Шэленберг.
З кнігі «Ноч ззяе, як дзень».

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак