Божа Магутны!
Усё з Твае ласкі.
Мы дачакаліся
Светлае Пасхі.
Ежы святочнай
З чубам талеркі,
Дзеці на вуліцы
скачуць у «бэрка»:

«Бэрак-бэрак, дай цукерак!
У цябе поўны куфэрак.
Бэрак-бэрак, дай каўбаскі!
Я не еў да самай Пасхі».

Светлай нядзелькай
з самага рання
свет захліснула
хваляй кахання.
Будзіць матуля –
час разгавецца!
Песня святая
з неба ліецца:

«Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!»

Божа мой ясны!
З Тваёй мілосці
заўтра наедуць
родныя ў госці.
Новыя кошычкі,
новыя сачкі –
пойдуць па хатах
маленькія жачкі:

«А дай нам, бабка, усім па яечку.
Да зялён явар, кудравы!
Усім па яечку ды па чырваненькім.
Да зялён явар, кудравы!»

Людміла Кебіч