«Ружанец прапануе характэрны метад медытацыі над таямніцамі Хрыста, спрыяльны па сваёй прыродзе для іх засваення. Гэта метад, заснаваны на паўтарэнні. (...) Калі глядзець павярхоўна на гэтае паўтарэнне, то можна было б адносіцца да Ружанца як да бясплоднага і сумнага занятку. Аднак зусім іншыя высновы на тэму вяночка можна зрабіць, калі ўспрыняць яго як праяву нястомнай любові».
Rosarium Virginis Mariae

Малітва нараджаецца з любові і вядзе да яшчэ большай любові. Калі хтосьці кажа, што не мае часу на малітву, што звычайна адкладвае яе на апошнюю хвіліну дня, а пасля, стомлены, увогуле пра яе забывае, той павінен задаць сабе пытанне: ці люблю я ўвогуле Пана Бога? Няма чаго змушаць сябе да чарговых вялікіх пастановаў, няма чаго здзяйсняць чарговыя «рэвалюцыі» ў раскладзе дня, каб упіхнуць у яго яшчэ пятнаццаць хвілін для Бога. Для такога тыпу клопатаў з малітваю неабходна іншая «рэвалюцыя» — ва ўласным сэрцы.

Малітва нараджаецца з любові...

Гэта можа быць маленькая, слабая, першапачатковая любоў, але нават тады ёй спадарожнічае туга-жаданне: «Хачу Цябе бачыць, хачу Цябе чуць, хачу з Табою быць...». Чалавек, улюбёны ў Бога, прагне быць з Ім пастаянна. І хіба ж Ружанец не ёсць цудоўным спосабам менавіта такога пастаяннага, упісанага ў штодзённасць дыялогу з Богам? Дзякуючы разважанню над асобнымі таямніцамі мы заўсёды маем перад вачыма Таго, каго любім. Праз паўтор словаў Малітвы Панскай і Анёльскага Прывітання нам здаецца, што мы пастаянна прамаўляем — праз Марыю і з Ёю — нашае вызнанне веры і любові да самога Бога.

Малітва вядзе да яшчэ большай любові... «Каб зразумець Ружанец, — піша Святы Айцец, — трэба ўвайсці ў псіхалагічную дынаміку, уласцівую любові». Але разам з тым, ці ж не ёсць так, што, каб зразумець любоў, трэба падпарадкавацца дынаміцы, уласцівай Ружанцу? Паколькі Ружанец — гэта малітва, заснаваная на падтрыманні і паглыбленні дыялогу любові з Богам, то яе плёнам заўсёды будзе ўзрастанне гэтай любові. Хтосьці можа запытаць: ці не занадта гэта простая і лёгкая схема? «Нас не павінна здзіўляць, што сувязь з Хрыстом можа ўстанаўлівацца таксама пры дапамозе нейкага канкрэтнага метаду. Бог падае сябе чалавеку згодна з яго натураю і яе жыццёвымі рытмамі. Такім чынам, хоць хрысціянская духовасць ведае больш узвышаныя формы містычнага маўчання (...) — звычайна яна ангажуе ўсю асобу». А таму няма чаго баяцца простасці гэтай малітвы, яе няўскладненых словаў, рытму, пакорлівага жэсту перасоўвання паміж пальцамі пацерынкаў ружанцовага вяночка. Менавіта так выяўляе сябе чалавек: праз думкі, словы і жэсты, праз актыўнасць цела і духу.

Характэрны для Ружанца паўтор датычыць перадусім малітвы Вітай, Марыя. Якім жа чынам гэты марыйны рэфрэн вядзе да больш глыбокай сувязі з Богам? Трэба памятаць, што своеасаблівым цэнтрам, воссю кожнага Анёльскага Прывітання з’яўляецца слова «Езус»: дакладна таксама, як цэнтрам жыцця Марыі заўсёды ёсць Яе Сын. Таму прымем параду Святога Айца: «Звяном паміж першаю і другою часткаю [Вітай, Марыя] ёсць імя Езус. Часам пры хуткім тэмпе малітвы, гэты цэнтр застаецца па-за ўвагаю, а разам з ім зварот да таямніцы Хрыста, якая кантэмплюецца. Але гэта менавіта акцэнт, які робіцца на імені Езус і на Яго таямніцы, вызначае важнае і плённае адгаворванне Ружанца. Яшчэ Павел VI нагадаў (...) пра звычай, практыкаваны ў пэўных рэгіёнах, каб падкрэсліваць імя Хрыста, дадаючы да яго рэфрэн (так званыя «дадаткі»), звернуты да разважанай таямніцы. Гэты звычай варты пахвалы».

Сапраўдная любоў не стамляецца. Яна можа пастаянна паўтараць як заклінанне: «люблю цябе», «як добра, што ты ёсць»... Кожны дзень па-новаму, гэтаксама, але не тое самае.

Сапраўдная любоў патрабуе жэстаў. (...) Сапраўдная любоў вымагае простых словаў. Не будзем саромецца паўтараць іх у Ружанцы.

Будзем жа маліцца!

Кс. Войцех Бартковіч
«Rуżaniec» № 3 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько