У Варшаве адбылася першая сесія беатыфікацыйнага працэсу слугі Божай с. Марыі Малгажаты (Людвікі Банась).

Слуга Божая с. Марыя Малгажата (Людвіка Банась) нарадзілася 10 красавіка 1896 года ў Клечы Дольнай каля Вадавіцаў.

15 сакавіка 1917 г. уступіла ў Супольнасць Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. Выконвала звычайныя паслугі ў розных законных дамах: у Вадавіцах, Стрыі, Кракаве, Гродне, Варшаве.

У 1934 годзе была накіравана ў Наваградак. У часе вайны, у 1939–1943 гадах, працавала ў мясцовым шпіталі. Як адзіная сярод дванаццаці сясцёр назарэтанак пазбегла арышту і расстрэлу гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. Сястра Марыя Малгажата адшукала ў лесе месца забойства сясцёр, прысутнічала пры іх эксгумацыі і перазахаванні пры наваградскай фары.

Сваё ацаленне зразумела як знак волі Божай , як знак таго, што яна павінна застацца ў Наваградку, каб апекавацца наваградскім фарным касцёлам і дапамагаць мясцовым вернікам, падтрымліваць у іх сэрцах дух каталіцкай веры.

Наваградцы называлі с. Малгажату «ахоўніцаю табэрнакулюма». Яна збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, а калі не было святара, кіравала набажэнствамі. Сястра Малгажата арганізоўвала духоўную і матэрыяльную дапамогу для святароў і свецкіх, сасланых у Сібір. Жыла ў цяжкіх умовах у закрыстыі фарнага касцёла, нястомна малілася і працавала.

Слуга Божая с. Марыя Малгажата памерла 26 красавіка 1966 года ў Наваградку. Пахавана на мясцовых могілках.

Малітва аб беатыфікацыі Слугі Божай сястры Марыі Малгажаты
ад Сэрца Пана Езуса, канаючага ў Садзе Аліўным (Людвікі Банась)

Міласэрны Божа, Твой Сын Езус Хрыстус з пакораю і любоўю прыняў Тваю волю, а Яго смерць стала для Касцёла крыніцаю новага жыцця.

Учыні ласкава, каб Твая слуга, сястра Малгажата, назарэтанка з Наваградка, якая па прыкладзе Езуса прыняла пераслед і цяжкасці лёсу як заклік да асаблівай службы Касцёлу, была залічаная да шэрагу благаславёных.

Няхай сведчанне яе жывой веры, мужнасці і любові да бліжняга дапамагае нам верна трываць пры Хрысце і Ягоным Касцёле. Праз яе заступніцтва ўдзялі нам ласку ..........., аб якой просім Цябе праз Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.