Настрой быў сапсаваны. Хутка Новы год – ужо некалькі магазінаў абышла, а прыстойнага шампанскага няма. І яшчэ гэты мокры снег, як быццам спецыяльна ляпае па твары...

З такімі думкамі я зайшла ў «Яшму» (ювелірны магазін) – не прыдбала яшчэ падарунка для матулі. Гандлёвая зала прыемна ўразіла цішынёй, утульнасцю і прыглушаным святлом. Ярка свяціліся толькі вітрыны, каля якіх стаялі нешматлікія пакупнікі.

Я таксама пачала ўглядацца ў прыгожыя вітрыны і раптам побач з сабою пачула цяжкае, гучнае дыханне і – пах... Вострая сумесь лекаў і гніенне чалавечага цела! Я асцярожна скасіла вочы ўлева. Побач са мною, схіліўшыся да бліскучага прылаўка, стаяў вельмі худы, з бледна-жоўтай скурай малады яшчэ мужчына. Ён пільна ўглядаўся ў вітрыну з разнастайнымі пярсцёнкамі. «Падарунак для маці, сястры, а можа, для каханай? А можа, і апошні?» – мільганула ў маіх думках. Мне стала сорамна за мае нікчэмныя крыўды. Ідучы ўжо па вуліцы, я, як ніколі шчыра, прагаворвала за гэтага хворага чалавека адзіную малітву, якую ведала, – «Ойча наш» – на польскай мове. Яшчэ ў дзяцінстве я навучылася яе ад маёй старэнькай хроснай маці.

Гэты чужы боль перахліснуўся з асабістым болем. Цяжка хварэла на рак мая родная цётка, якую я бязмерна любіла, якой я ганарылася, на якую я старалася быць падобнай. Яна ў жыцці шмат чаго дабілася – мела добрую пасаду ў сталіцы, заўсёды вельмі добра выглядала. У яе было шмат сяброў, знаёмых, заўсёды ў поўным парадку і поўнай чашай быў дом. І вось – хвароба. Кожны раз, прыязджаючы да яе ў Інстытут анкалогіі, я бачыла, як гасне на вачах, нягледзячы на клопат самых лепшых дактароў, самыя лепшыя лекі, мая некалі дужая цётачка, казка майго дзяцінства. У мяне было адчуванне, што адначасова з ёй паміраю і я. Разам з тым паступова я мацнела ў думцы, што на свеце ёсць нешта, дужэйшае за маю цудоўную медыцыну, пасаду, уплывовае знаёмства. Два разы, едучы з Бараўлянаў у сваё Маладзечна, я заходзіла ў Чырвоны касцёл – у мяне было вялікае жаданне паразмаўляць са святаром. Але заўсёды так атрымлівалася, што час ужо быў даволі позні, каля дзевяці гадзінаў вечара, і святара ў касцёле ўжо не было.

Адначасова я пачула, што ў наш маладзечанскі касцёл прыехаў працаваць новы святар. Сам паляк, але добра ведае беларускую мову, і таму ў касцёле з’явілася Імша па-беларуску. Такім чынам я прыйшла ў касцёл – касцёл святога Юзафа. Там адбылося знаёмства з ксяндзом пробашчам, айцом Гжэгажам Гуральскім. І адбылася размова, якая мне была вельмі патрэбнай. Калі я выйшла з касцёла, было такое адчуванне, што з душы зваліўся вялікі камень.

Праз пяць дзён, 23 лютага, мая цётка памерла. З таго часу прайшло пяць гадоў. Больш дакладна, 18 лютага споўнілася роўна пяць гадоў, як я пераступіла парог касцёла.

5 гадоў – так шмат і так мала. Шмат, таму што за гэты час Бог увайшоў у наша жыццё. Галоўным святам для маёй сям’і стала Божае Нараджэнне, а не Новы год! Мы ўсхвалявана перажываем час Адвэнту, удзельнічаем у Раратняй Імшы, да якой наша дачка ідзе ў касцёл з запаленай свечачкай у спецыяльным «доміку». Наша Аліна кожную раніцу падчас Адвэнту атрымлівае невялічкі падарунак – як яна радуецца яму і як з вечара чакае раніцы! Удзельнічаем у рэкалекцыях – перажываем Вігілійную ноч. Муж яшчэ за месяц вызваляе гэты дзень ад дзяжурства (ён урач). У доме чыста прыбіраецца, рыхтуецца куцця і самае галоўнае – на 12 гадзін ночы мы ідзем на набажэнства ў касцёл!

Мая сям’я вельмі ўдзячная а. Гжэгажу Гуральскаму – цудоўнаму і надзвычай абаяльнаму святару, які дапамог нам у нашым хрысціянскім станаўленні. Мы ўзялі шлюб (сакрамант сужэнства) – гэта быў сапраўды свядомы і спелы крок. Потым я атрымала ласку Духа Святога – сакрамант бежмавання.

Дзякуючы міласэрнаму Богу праз а. Гжэгажа мы з мужам мелі магчымасць паехаць у Познань на адукацыйны цыкл у Інстытут сям’і. Толькі там мы канчаткова зразумелі, што такое сапраўдная сям’я, і нарэшце здолелі вырашыць тыя асабістыя праблемы, якія ёсць амаль у кожнай сям’і. Гэта паездка таксама дала мне магчымасць працаваць з сем’ямі ў парафіях касцёла св. Юзафа і касцёла маёй малой радзімы – горада Астраўца.

5 гадоў – так мала, таму што чым больш ідзеш шляхам хрысціянскай веры, тым больш разумееш: як шмат яшчэ неспазнанага! Некалі даўно мая хросная маці, якую памятаю заўсёды з ружанчыкам і малітоўнікам у руках, заўважыла ў адказ на мае скептычныя адносіны да веры: «Прыйдзе час, і ты знойдзеш сваю дарогу да Бога».

Сапраўды – у кожнага свая дарога да Храма. І дзякуй за гэта Пану Богу!

Алена Запрудская, урач,
г. Маладзечна