Чалавек, які хоча заснаваць сям’ю альбо ўжо яе мае, павінен усведамляць не толькі радасць гэтай, безумоўна ж, цудоўнай падзеі, але і адказнасць, ускладзеную на яго Творцам. Павінен усведамляць, што ягоныя абавязкі не абмяжоўваюцца забеспячэннем фізічных патрэбаў дзяцей, іх інтэлектуальным і культурным выхаваннем. Найперш ён павінен несці адказнасць за маральнае і рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.

Часта даводзіцца чуць скаргі бацькоў на тое, што дзіця не хоча маліцца, не хоча хадзіць у касцёл і г.д. Але ці задаюць сабе тады бацькі пытанне, як яны самі імкнуцца выправіць гэтае становішча не павучаннямі, няхай сабе вельмі прыгожымі ды разумнымі, але... уласным прыкладам? Памятаю, адзін бацька на маё пытанне пра тое, як яму з жонкай удалося выхаваць сваіх дзяцей пабожнымі людзьмі, адказаў так:

— І я, і жонка заўсёды імкнуліся даваць дзецям добры прыклад. Скажам, я ніколі не гаварыў ім: «Ідзіце маліцца», але: «Мы будзем зараз маліцца». Ніколі не сказаў дзецям: «Ідзіце на Святую Імшу», але: «Нам трэба паспяшацца, каб не спазніцца на Святую Імшу, бо гэта было б вельмі нядобра». Ні разу не нагадаў ім: «Вам трэба ісці да споведзі», але: «Заўтра — першая пятніца месяца. Ніхто не забыўся, што мы ўсе заўтра ідзем да споведзі?» Так што мне, — нечакана пажартаваў ён, — вельмі лёгка выхоўваць у дзецях пабожнасць, і я ніколі не чуў ад іх супраціву.

Ці не праўда, шчаслівыя гэта бацькі? І так ім лёгка ўсё даецца... Можна сабе ўявіць, як прыгожа сустракае гэтая сям’я Вялікдзень! Колькі радасці прыносіць гэтае цудоўнае свята ў іх дом! Але ж гэтае свята можа стаць і для кожнай сям’і непаўторным, калі толькі ў ёй будуць успрымаць яго не як штогадовы абрад фарбавання ды пасвянчэння яек, але як галоўную таямніцу нашай веры — таямніцу Мукі, Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста.

Святкаванне Вялікадня мы распачынаем у Вялікі Чацвер. Увечары ўдзельнічаем у Святой Імшы Панскай Вячэры, на ўспамін Апошняй Вячэры Пана Езуса, калі Ён устанавіў Эўхарыстыю і сакрамант святарства. Найпрыгажэйшай нашай падзякай за гэтыя дары будзе наша паяднанне з Хрыстом у святой Камуніі. Гэта — наш адказ на любоў Хрыста, які даў нам на спажытак сваё Цела, каб мы не стаміліся на сваёй дарозе да Айца. Але для таго, каб прыступіць да святой Камуніі ў гэты дзень, трэба раней падысці да канфесіяналу. Якая ж прыгожая чарга да яго, калі ў ёй стаяць бацька, маці, дачка, сын!..

У часе Імшы Вячэры Панскай у некаторых парафіях святар абмывае ногі дванаццаці мужчынам — на ўспамін пра тое, як Пан Езус на Апошняй Вячэры абмыў ногі апосталам. Гэты абрад яшчэ раз нагадвае нам, што калі мы імкнемся наследаваць Хрыста, то мусім імкнуцца і бескарысліва, з любоўю служыць іншым людзям. Не забудзьце патлумачыць гэта сваім дзецям: хто ведае, можа гэтае перажыванне адгукнецца ў будучыні тым, што яны пададуць некалі камусьці кубак вады і кавалак хлеба... А можа, тым чалавекам будзеце вы самі?

Пасля святой Камуніі адбываецца перанос Найсвяцейшага Сакраманту да Алтара Адарацыі, каля якога будзе доўга, а можа і ўсю ноч, трываць адарацыя. Не шкадуйце дзіцячых каленяў, калі вашае дзіця захоча ўкленчыць перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце і даўжэй звычайнага пабыць з Ім. Сказаў жа Ён, каб не перашкаджалі дзецям прыходзіць да Яго, а для таго, каб «не перашкаджаць», трэба і самім навучыцца прыходзіць да Яго. Вялікі Чацвер — найлепшы час для гэтага.

А назаўтра, у Вялікую Пятніцу, на алтары ў касцёле няма крыжа, свечак... Здавён ў Касцёле ў гэты дзень не адпраўляецца Святая Імша, а ў гадзіны, якія нагадваюць нам пра Муку і смерць Пана, мы збіраемся ў святыні, каб ушанаваць гэтыя выключныя падзеі ў гісторыі чалавецтва. Абрад складаецца з трох частак: літургіі Слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі. У літургіі Слова мы разважаем над Божым Словам, каб ажывіць нашу веру і любоў. У часе адарацыі Крыжа кленчым і з пашанай цалуем Яго з глыбокай падзякай у сэрцы за тое, што Ён прынёс свету збаўленне. У святой Камуніі спажываем Цела Пана, якое Ён выдаў на пакуты за нашыя грахі. Літургія Вялікай Пятніцы завяршаецца пераносам Найсвяцейшага Сакраманту да Панскай Грабніцы. Грабніца напоўнена праўдзівай прысутнасцю Хрыста, таму мы молімся тут да Пана Езуса і праслаўляем Яго, бо Ён «праз Крыж і Змёртвыхпаўстанне прынёс спакой цэламу свету». У многіх парафіях адарацыя пры Панскай грабніцы трывае цэлую ноч. Не пашкадуем жа часу для гэтай адарацыі, а калі дзеці заахвоцяцца разам з бацькамі быць на ёй, прымем гэта з удзячнасцю, бо па-сапраўднаму перажыць Вялікдзень можа толькі той, чыя душа не спала ні ў Вялікі Чацвер, ні ў Вялікую Пятніцу.

Вялікая Субота — радасны пярэдадзень Вялікадня. І калі дзеці разамі з бацькамі прыкладуць фантазіі для фарбавання яек, для «пісанак», якія потым упрыгожаць святочны стол, — гэта нашмат павялічыць радасць свята ў вашым доме.

Не перажывайце за дзяцей, што «не выспяцца», калі разам з вамі пойдуць на Пасхальную Вігілію да касцёла, разам з вамі перажывуць тыя непаўторныя хвіліны пасвячэння агню, ад якога запаліцца пасхал і прыгадае усім нам Уваскрослага Хрыста. З чым можна параўнаць тую радасць, што напоўніць нашыя сэрцы, калі мы на словы святара «Святло Хрыста!» дружна й радасна падзякуем за гэтае Святло Пану Богу? Хіба можна прамяняць такое шчаслівае адчуванне далучанасці да ўсяго святога Касцёла ў гэтую ноч на спакойны сон у цёплым ложку?

Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да Яго... Будзьце ўсе разам у непаўторную ноч Вялікадня непаўторна шчаслівыя хрысціянствам! Няхай праменяцца радасцю вашыя твары ў хвіліны, калі пасля Вялікага Посту мы ўсе разам зноў заспяваем «Хвала на вышынях Богу». Мы будзем праслаўляць Яго малітвай, спевам, на Яго ўшанаванне будуць біць званы ва ўсіх касцёлах свету, а гукі арганаў зліюцца са стукам нашых сэрцаў. Мы, вядома, павінны быць разам у касцёле, каб усёй сям’ёй аднавіць вялікае абяцанне, якое ў хвіліны нашага хросту зрабілі ў свой час нашы бацькі. Мы разам адрачэмся ад граху і ўрачыста вызнаем веру ў Бога.

А непаўторныя хвіліны рэзурэкцыі нараніцы?.. Хіба не адчуем мы зноў сваю шчаслівую далучанасць да агромністай сям’і паўсюднага Каталіцкага Касцёла тады, калі на ўрачыстыя словы святара «Хрыстус змёртвыхпаўстаў!» не менш урачыста таксама сцвердзім: «Сапраўды змёртвыхпаўстаў!». А потым, праз удзел у рэзуракцыйнай працэсіі, спяваючы прыгожыя велікодныя песні, мы вызнаем разам з нашымі дзецьмі веру ў перамогу Хрыста над смерцю і шатанам, а таксама падзякуем Яму за тое, што Ён адчыніў для нас Валадарства нябёсаў.

Толькі пасля таго, калі мы ўсёй сям’ёй належным чынам перажывем усё гэта, толькі тады наша радасць за велікодным сталом будзе поўнай і не падобнай да звычайных, няхай сабе і радасных, гасцінаў. А таму і хвіліны, калі будзем дзяліцца велікодным яйкам, жадаць адзін аднаму радасці, надзеі, любові, калі будзем усе разам спяваць «Алелюя!», стануць таксама для нас непаўторнымі, напоўненымі Божай прысутнасцю ў нас, у нашым доме.

Велікодныя святы нясуць у сабе вельмі багаты змест. Кожны з нас — і дарослыя, і дзеці — могуць праз удзел у гэтых вялікіх таямніцах даць Хрысту магчымасць умацаваць нашу веру, напоўніць сэрцы любоўю і надзеяй. Мы ў гэтыя дні можам зрабіць так, каб радасць нашага жыцця брала свой выток з удзячнасці і праслаўлення Бога. Годна перажыты Вялікдзень здольны зрабіць нас па-сапраўднаму шчаслівымі. Дык ці ж можна не выкарыстаць гэтага прыгожага шанцу?

Няхай Хрыстус Змёртвыхпаўсталы напаўняе нашыя сэрцы, сэрцы нашых блізкіх, нашыя сем’і сваім спакоем і няхай нас благаслаўляе!

Сястра Марыя-Магдалена