Мабыць, ніколі не забудуся пра тое адчуванне, што напоўніла душу напрыканцы першага дня першай у маёй жыцці пілігрымкі. Было гэта, калі не памыляюся, гадоў дзевяць таму.

Ясны сонечны дзень хіліўся да вечара, і мы, полацкія пілігрымы, змучаныя 40-кіламетровым шляхам першага дня пілігрымкі ў Будслаў, ледзьве перастаўлялі ногі. Леваруч ад шашы наперадзе мы ўжо бачылі вежы празароцкага касцёла, але яны набліжаліся да нас так павольна і кожны крок быў такім высілкам ды перамогай над сваёй слабасцю, што ўжо проста слаба верылася, што некалі мы ўсё ж да іх дойдзем. Словам, той, хто хадзіў у пілігрымку і каму здаралася праходзіць за дзень сорак з лішнім кіламетраў, мяне зразумее.

Тады і паўстаў на нашай дарозе Крыж. І вось гэтага адчування я ўжо ніколі не забуду. Ён высіўся на прыдарожным насыпе ў промнях вечаровага сонца, як магутны велікан, які ўжо адным сваім выглядам надае сілы слабому, – просты драўляны крыж. Чамусьці думаю, што ўсе мы ў тую хвіліну адчулі тое ж самае: ён для нас – непаўторны, ні з чым, ні з якой каштоўнасцю непараўнаная святыня. Мы кленчылі тады каля ягонага падножжа проста ў прыдарожным пыле, і кожнае слова малітвы, а потым хвіліна пранізлівае цішыні былі звернутыя да Крыжа. Якая ж магутная сіла дыхнула тады на нас ад ягонае простае велічы на фоне неба!

Назаўтра зноў была дарога і шмат крыжоў пры ёй, бо наш далейшы шлях ужо пралягаў па тэрыторыі, так бы мовіць, практыкуючага хрысціянства. На кароткія хвіліны мы спыняліся пры кожным, аддаючы пашану. Часта каля Крыжа нас сустракалі тутэйшыя жыхары, неслі нам пітво ды печыва. Мы падмацоўваліся, гутарылі, разам маліліся, а Крыж маўкліва ўзвышаўся над намі – сведка нашай агульнай зямной пілігрымкі.

Даўняя гэта традыцыя ў нашым народзе – ставіць пры дарогах крыжы як знак нашай хрысціянскай еднасці з Хрыстом, вернасці Яму. Драўляныя, металічныя, каменныя... Іх найчасцей можна сустрэць у нашых вёсках, на скрыжаваннях дарог, часам – на бязлюдным месцы, дзе ад колішняй вёскі засталіся адно старыя падмуркі. А часам сустрэнеш каменны крыж, які бачыў на сваім вяку так шмат і перажыў столькі ліхалеццяў, што захопіць раптам дух, калі ты асцярожна дакранешся рукою да яго, маўклівага, трывушчага, таямнічага. І памаўчыш пры ім, нават ужо і не могучы ўявіць ні таго, хто невядома калі высякаў яго з каменя, ні тых, што бралі яго ў сведкі пры сваіх малітвах-размовах з Найвышэйшым.

Крыж пры дарозе – знак таго, што людзі, якія тут жывуць альбо жылі калісьці, належаць Хрысту. Яму і нікому больш.

Неяк давялося пачуць ад аднаго шафёра, што прыдарожны крыж часам успрымаецца як дарожны знак. Ну і што, калі нават і так? А можа і найлепшае менавіта такое ўспрыманне? Крыж – дарожны знак, што паказвае чалавеку дарогу ў жыцці... Так, гэта сапраўды знак – найлепшы і найдаражэйшы. Ён прамаўляе да чалавечай душы і нагадвае, што паспешлівы падарожнік належыць Богу гэтак жа, як і ўсе, хто ідзе ці едзе тут. «Памятай пра вечнае», — кажа нам прыдарожны Крыж.

Не ў кожнага ёсць час часта бываць у святыні. Не кожнага вядуць у яе ногі ды сэрца, а крыж пры дарозе здольны нагадаць нам, калі мы маем кароткую памяць, што на свеце ёсць не толькі зямныя, але і вечныя вартасці. Для кагосьці сустрэча з крыжам пры дарозе – усяго толькі імгненне, што адразу ж бясследна знікне, для кагосьці яна даўжэй затрымаецца ў душы, а для некага, можа, прамовіць на ўсю моц Божае прысутнасці.

Рэдка хто з падарожных не прыпыніцца каля крыжа ў Варганах, вёсцы, што раскінулася пры шашы Полацк – Вільня, непадалёк ад Глыбокага. Паставіў яго жыхар вёскі Аляксандр Аляксандравіч Калбасіч. Гэты крыж адначасна – і памяць пра пакуты Аляксандра Аляксандравіча ў фашысцкім палоне, і падзяка Богу за тое, што выслухаў Ён ягоныя малітвы ў тым палоне, дазволіў вярнуцца на радзіму і выканаць дадзенае тады Богу абяцанне: «Калі вярнуся дахаты жывы – пастаўлю каменны крыж падзякі Богу». Побач з крыжам – абраз Маці Божай, умураваны ў каменную глыбу, фігура Хрыста на камяні-валуне. Тут ужо ўзнік цэлы прыгожы комплекс, пры якім проста немагчыма не затрымацца. І часта тут прыпыніцца праезжая машына, падыдуць людзі, памоляцца, падзівяцца, углядаючыся на нязвыклыя помнікі хрысціянства, падзякуюць у думках майстру, а таксама тым жанчынам, якія штогод садзяць на гэтым месцы прыгожыя кветкі, даглядаюць іх, не зважаючы на сваю спрацаванасць ды летнюю стому.

Кветкі пры крыжах. Яны радуюць вока прахожага ды сведчаць пра нераўнадушнасць тых, хто тут жыве. Бо проста паставіць крыж – мала. Важна заўсёды памятаць пра яго. Прыгожыя кусты зеляніны, камень-валун, яркія кветкі здольныя зрабіць гэтае месца найпрыгажэйшым у ваколіцы. Так яно і павінна быць. Нездарма ж у нашых дамах крыжы ды абразы вешаюць на покуце. Цяжка ўявіць, каб дбайная гаспадыня занядбала покуць. Тое ж самае і з прыдарожным крыжам. Ён, калі можна так сказаць, покуць, галоўнае месца вёскі альбо пасёлка. Дык хіба ж гэтае месца можа быць занядбаным, пазначаным шэрасцю струхлелага гародчыка, праз штыкеціны якога выглядае пустазелле?

Гады два, як пры той жа шашы Полацк – Вільня, толькі ўжо ў бок Полацка ад Глыбокага, на скрыжаванні гэтай шашы і дарогі, што вядзе ў Падсвілле, з’явіўся высокі крыж. Населенага пункту паблізу няма, даглядаць за гэтым месцам нібыта няма каму, але яно ніколі не выглядае занядбаным. Проста ксёндз Часлаў Курэчка, які ў той час быў пробашчам у Падсвіллі і ўстанавіў крыж, усё добра прадумаў. Каля крыжа пасадзілі зялёныя туі, устанавілі некалькі прыгожых валуноў ды яшчэ і ўказальнік прымацавалі, які апавяшчае прахожых пра тое, што праз 8 км адсюль ёсць парафія Найсвяцейшага Сэрца пана Езуса, г.зн. у Падсвіллі. Вось вам і дарожны знак. Прыпыніся, чалавек, падумай хвіліну, аддай Богу пашану, а потым, калі маеш усё ж не хвілінку, але трохі больш часу, то можаш зазірнуць і туды, дзе ў невялічкай капліцы прабывае Езус у Найсвяцейшым Сакраманце і дзе побач з капліцай цяпер будуецца для Яго касцёл.

Майскімі ды чэрвеньскімі вечарамі многія крыжы ў нашых вёсках збіраюць спрацаваных жанчын на маёвае ды чэрвеньскае набажэнства. Так, найчасцей тут можна ўбачыць жанчын. Мужчыны ж ці то саромеюцца адкрыта вызнаваць сваю веру, ці то лянуюцца... Можа таму і звычаі прывітання прыдарожнага крыжа ў народзе падзяліліся. Жанчына каля крыжа перажагнаецца, прывітае яго словамі «хвала і паклон Табе, Хрыстэ!..», а мужчына найчасцей проста прыўзніме шапку на галаве (хоць ты знарок ніколі з ёю не расставайся, каб было чым прывітаць Хрыста). Вечарамі каля нашых крыжоў будуць спявацца літаніі, цудоўныя каталіцкія песні, будуць гучаць супольныя малітвы. А калі стомленыя жаночыя галасы асвяжаць яшчэ і звонкія дзіцячыя, набажэнствы гэтыя будуць асабліва прыгожыя.

Падумалася: чаму б нашым дзецям ды моладзі не ўзяць прыдарожныя крыжы ў сваю апеку? Працы тут не так ужо і шмат, а прыгажосць можна зрабіць выключную. У каго для гэтага не стае сваёй фантазіі ды ўмення, няхай з’ездзіць у Мосар ды Удзела, што на Глыбоччыне. Шыкоўны паркавы ансамбль пры касцёле ў Мосары, вядома, патрабуе шмат працы, догляду і абавязкова любові. Далёка не кожны здольны на ўсё гэта так, як ксёндз Юзаф Булька. Але варта звярнуць увагу на прыдарожныя крыжы ды каплічкі ў мосарскай ды ўдзелаўскай парафіях. Вялікая пашана да святых знакаў, густ, з якім улічаны і мясцовы краявід, і прыдарожны ландшафт, – усё гэта вы тут убачыце і адчуеце. Так што вопыт ёсць дзе пераймаць – было б жаданне.

Рознакаляровыя стужкі, што промнямі злучаюць пярэчкі крыжа з агароджаю – гэта ўжо больш, мабыць, польская традыцыя. Таму і прыжылася яна пераважна на Гродзеншчыне, расквечваючы гэтую зямлю радасцю хрысціянства. Усё гэта – і стужкі, і кветкі, і маўклівыя камяні ў атачэнні туяў альбо не менш прыгожага тутэйшага ядлоўцу, — праява людской пашаны да Крыжа, у якім наша і збаўленне, і сумленне, і навука любові.

...Дык прыпыніся ж, падарожны, схілі галаву прад Крыжам Хрыста, суціш на хвіліну сваю зямную паспешлівую хаду – дакраніся да вечнага. І ты адчуеш, як паболее ў табе сілы на далейшы твой шлях.

Хвала і паклон Табе, Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Ірына Жарнасек.