Я нядаўна набыла медалік Беззаганнай Панны Марыі. Мне сказалі, што ён цудадзейны. Хацелася б падрабязней даведацца пра гісторыю яго з’яўлення і, вядома ж, пра цудадзейнасць.
Надзея Траццяк, г. Смаргонь.

Пра гісторыю медаліка Беззаганнай Панны Марыі наш часопіс расказваў у першым нумары 2003 года. У гэтым матэрыяле мы больш апавядалі пра цудадзейнасць медаліка. Але вернемся крыху і да гісторыі. А пачалася яна ў 1830 годзе ў Парыжы праз аб’яўленне Маці Божай сціплай дзяўчыне Кацярыне Ляборэ, якая цяпер з’яўляецца святой каталіцкага Касцёла. Багародзіца заўсёды выбірае для сваіх пасланняў свету бязвінныя, пакорлівыя душы. І свой медалік Яна даверыла менавіта такой душы. Кацярына Ляборэ ў 8 гадоў засталася без маці. З усёй шчырасцю свайго чыстага сэрца яна папрасіла Найсвяцейшую Панну замяніць ёй Маці. Марыя прыняла дзіця ў апеку.

Прайшло некалькі гадоў і Кацярына адчула, што Езус кліча яе да манаскага жыцця. Але бацька быў супраць. Ён адаслаў яе ў Парыж, дзе яго брат з жонкаю мелі ва ўласнасці тракцір. Бацька спадзяваўся, што свецкае жыццё адаб’е ў дачкі ахвоту ісці ў кляштар. Аднак Кацярына захавала чысціню і вернасць Езусу Хрысту. Пасля шматлікіх выпрабаванняў яна нарэшце трапіла на паслушніцтва ў ордэн сясцёр міласэрнасці кляштара святога Вінцэнта дэ Поля.

27 лістапада 1830 г., калі Кацярына малілася ў капліцы, ёй з’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя. Тое, што дзяўчына тады ўбачыла, цяпер адлюстроўвае медалік Беззаганнай Марыі Панны. «Няхай па гэтым узоры, што ты бачыш, адальюць медальён. На людзей, якія будуць насіць яго з даверам, сыдзе вялікая ласка», – папрасіла тады Кацярыну Багародзіца.

Калі Кацярына расказала пра ўсё ўбачанае свайму духоўніку а. Аладэлю, ён паставіўся да яе слоў вельмі стрымана. І толькі праз два гады ён пагаварыў з біскупам Парыжа пра аб’яўленні Маці Божай. Нарэшце медалік быў адліты, і адразу пачаўся яго трыумф, бо сведчанняў і паведамленняў пра аздараўленні, як фізічныя, так і духоўныя, было неверагодна шмат.

Трыумфальнае шэсце медальёна яшчэ не скончылася. Марыя, Маці Міласэрнасці, і сёння крочыць праз увесь свет. І Яе ласка асабліва вялікая для тых, хто з даверам носіць знак Яе Беззаганнага Пачацця – цудадзейны медалік.

Святы а. Максімільян Кольбэ, адзін з найвялікшых апосталаў Марыі, рабіў неверагодныя цуды праз гэты медалік. Хворыя ацаляліся, грэшнікі, якія з даверам яго прымалі, выпраўляліся. Часта адбываліся цуды навяртання да Бога няверуючых хворых людзей. Калі святар альбо медсястра клалі медалік пад падушку такому чалавеку, здаралася, што перад смерцю ён запрашаў да сябе святара, каб прымірыцца з Богам.

Ахвярнасць Максімільяна Кольбэ ў пашырэнні валадарства Беззаганнай па цэлым свеце была сапраўды бязмежнай. Аж да смерці. Ён загінуў у Асвенціме, ахвяруючы сваё жыццё за бліжняга.

Другі апостал Найсвяцейшай Панны, а. Антоніо Рыбейра Пінта, 27 гадоў быў святаром у адным з пасёлкаў Бразіліі, дзе панавала п’янства з усімі яго грэшнымі наступствамі. З бязмежным даверам шукаў а. Антоніо дапамогі ў Найсвяцейшай, і Яна яму дапамагала. На вуліцы ён падаваў п’яным людзям шклянку вады, якую перш благаслаўляў і клаў туды медалік. Ён раіў рабіць гэта ўсім, хто адчуваў цягу да алкаголю. Поспех быў неверагодны. Праз тры гады грэх п’янства там быў ліквідаваны.

Айцец Антоніо дапамагаў людзям ва ўсіх патрэбах, але найважнейшым для яго было ацаленне і збавенне душаў. Дзе б ён ні з’яўляўся, за ім заўсёды ішоў натоўп. Ён заклікаў усіх да дзіцячага даверу Марыі, да малітвы і пакаяння. З вялікім шанаваннем уручаў медальён тым, хто хацеў яго мець. Потым з тым, хто атрымаў медалікі, маліўся тры разы «Вітай, Марыя» і абавязкова «О Марыя, без граху першароднага пачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Так аж да самай смерці служыў Маці Божай як верны апостал. І заўсёды ў яго працы спаўнялася абяцанне Найсвяцейшай Панны адарыць ласкамі тых, хто з даверам будзе насіць гэты медалік.

Безыменны апостал Марыі

Я не ведаю ні імя, ні прозвішча гэтага чалавека – ён не афішаваў сябе. Назаву яго Безыменным апосталам Марыі. Запомніўся інтэлігентны прыветлівы твар мужчыны, якому было каля 60. Вельмі пранікнёна, з глыбіні сэрца, ён сведчыў пра Беззаганную, пра той цуд, што Яна ўчыніла праз свой медалік. І як жа гэта было дарэчы! Тады (4 гады таму) у вёсцы Лаздуны Іўеўскага раёна сабраліся на свае першыя духоўныя рэкалекцыі ўдзельнікі груп ананімных алкаголікаў з Беларусі. Многія з гэтых людзей упершыню пераступілі парог касцёла і таму ўсё, што тут адбывалася пад кіраўніцтвам ксяндза Мар’юша Ільяшэвіча, было для іх, па словах адной з удзельніц, «як дакрананне да неба».

З рук Безыменнага апостала Марыі ўсе атрымалі ў падарунак цудадзейныя медалікі Беззаганнай Панны і адразу ж адзелі на шыі, бо яны былі ўжо са стужкамі. А падчас аповеду гэтага чалавека плакалі нават некаторыя мужчыны.

Гісторыя тая здарылася падчас Вялікай Айчыннай вайны з жыхарамі адной з беларускіх вёсак. За сувязь з партызанамі фашысты сагналі людзей, ад малога да старога, на поле за вёску і прымусілі выкапаць глыбокі роў. Нелюдзі ўжо наставілі свае аўтаматы, але адзін з гэтых няшчасных сялянаў меў на шыі медалік Беззаганнай Панны Марыі, і здарылася нечаканае. Ён пацалаваў медалік і з усяго сэрца звярнуўся да Багародзіцы з просьбай аб паратунку у гэтай, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі. І амаль што адразу ў яго галаве пачалі пракручвацца словы, вельмі спакойныя і ласкавыя. Яму было сказана, каб ён выйшаў з натоўпу і ўкленчыў перад нямецкім афіцэрам, які камандаваў расстрэлам. Мужчына так і зрабіў. Далей ён паўтараў тое, што ішло знутры: «Мы схіляем галовы перад вялікай нямецкай нацыяй, якая дала свету знакамітых пісьменнікаў, вучоных, геніяў і святых...» (пералічваліся імёны, якіх малаадукаваны селянін ніколі раней не чуў). У канцы ўжо скрозь слёзы ён дадаў: «Дык чаму ж гэты вялікі цывілізаваны народ цяпер знішчае сабе падобных. Паглядзіце на гэтых дзяцей. У вас дома засталіся такія ж дзеці. Гляньце на гэтых старэнькіх матуль. Вас дома чакаюць такія ж маці...». Мужчына, схіліўшы галаву да зямлі, застыў у маўклівым чаканні. Неверагодна, але ад гэтых слоў паказаліся слёзы на вачах афіцэра. Ён скамандаваў асуджаным на смерць людзям бегчы ў лес, а сваім салдатам наказаў, каб пастралялі ў паветра, засыпалі роў і аб тым, што здарылася, маўчалі. У канцы дадаў: «Гэтых людзей ратаваў Сам Бог, а страляць у Бога я не асмеліўся».

Вось яна, ісціна, з якой не паспрачаешся: калі Езус Хрыстус праз сваю Найсвяцейшую Маці хоча адарыць людзей сваімі ласкамі, ніхто не можа супрацівіцца Яму.

Тым простым селянінам, праз якога Маці Божая выратавала ўсіх вяскоўцаў, быў бацька нашага Безыменнага апостала Марыі, таго, хто даваў гэтае сведчанне. Праз усё жыццё ён пранёс асаблівую любоў, пяшчоту і пашану да Маці Божай і яе цудадзейнага медаліка. Перадаў гэтыя пачуцці, як найкаштоўнейшую спадчыну, і сваім дзецям. І вось ужо шмат гадоў яго сын купляе медалікі Беззаганнай Панны Марыі, чапляе на іх стужачкі і дорыць усім, каму патрэбныя апека і дапамога Найсвяцейшай Маці.

Уратаванае жыццё

Да кіёска аднаго з мінскіх касцёлаў падышла жанчына і, працягваючы на далоні медалік Беззаганнай Панны Марыі, запыталася, ці ёсць ён у продажы. Калі пачула станоўчы адказ, з палёгкай уздыхнуўшы, сказала: «Я абышла ўсе праваслаўныя храмы, і нідзе такога медаліка не было, а потым мне сказалі, што яго трэба шукаць у касцёле. Дзякуй Богу, што знайшла». Яна набыла цэлую жменю медальёнаў, патлумачыўшы, што хоча падараваць іх усім сваім родным і блізкім, бо праз гэты медалік яна засталася жыць.

Было гэта некалькі гадоў таму ў прыгарадзе Мінска Масюкоўшчыне. Адзінаццацігадовы сын гэтай жанчыны гуляў з сябрамі на вуліцы. Да яго падышоў ці то святар, ці то законнік і падараваў медальён Беззаганнай Панны Марыі. Сын прынёс яго дадому і паказаў маці. Тая збіралася ехаць па тавар у Расію (зарабляла на жыццё гандлем) і ўзяла з сабою святую рэч. Ад веры яна была далёкая, але медалік ёй вельмі спадабаўся.

Калі вярталася назад, аўтамабіль, у якім ехала, трапіў у сур’ёзную аварыю. З усіх пасажыраў яна адна засталася жывою. Адразу ж прыйшло вельмі выразнае разуменне таго, што жыццё ёй выратавала Багародзіца праз свой цудадзейны медалік. «Бог і раней клікаў мяне да веры праз пэўныя знакі, – гаварыла жанчына, – але я адмахвалася, маўляў, няма часу, навокал столькі спраў. І вось у адзін момант ужо магло нічога не спатрэбіцца...».

Жанчына шчыра цалавала медалік і дзякавала Міласэрнаму Богу і Беззаганнай Панне Марыі за ўратаванае жыццё.

Галіна Горская.