Неяк трапіла мне ў рукі цікавая кніга «Аповесць пілігрыма» (аўтабіяграфія святога Ігнацыя Лаёлы), у якой распавядаецца пра асабістае навяртанне аўтара, ягоныя думкі, жыццёвы шлях. Характэрна тое, што святы Ігнацы піша ад трэцяй асобы, так, нібы глядзіць на сваё жыццё з перспектывы часу, збоку, а сябе ён называе пілігрымам.

Памятаю, як гадоў восем таму я вельмі чакаў таго моманту, калі змагу зноў назваць сябе пілігрымам. Напачатку, прызнаюся, пілігрымка была для мяне проста добрым часам адпачынку. Канечне ж, была і стома, і малітва, але сумняваюся, ці ставіў я іх тады на першы план. Для мяне, маладога чалавека, больш важнымі, бадай што, былі сяброўскія стасункі, прыгоды, добры спеў, сонца, радасць... Зразумела, што падчас тых пілігрымак я лічыў, што найперш раблю ўсё гэта для Бога. Цяпер жа, з пэўнай адлегласці часу, бачу, што, мабыць, таксама нядрэнна спяваліся б мне тады і свецкія песні ў такім добрым асяроддзі. А каб тую пілігрымку назваць паходам, ці шмат бы змянілася ў маёй душы? Праблема ў тым, што на Беларусі пакуль што мала такіх ініцыятыў сярод каталіцкай моладзі, каб, напрыклад, выйсці ў паход па нашых прыгожых, а часам і гістарычных, мясцінах на некалькі дзён. Неяк мы ўжо прызвычаіліся да таго, што моладзь збіраецца на нешта падобнае найчасцей з гарэлкай. Але няўжо няма большай альбо іншай крыніцы радасці?

Калі пра нешта такое думаю, то даволі выразна бачу розніцу паміж мэтай паходаў «на прыроду» і мэтай пілігрымкі. У паход я іду, каб адпачыць, добра правесці час з сябрамі, павесяліцца. Пілігрымка ж з’яўляецца нечым іншым. Тут прыярытэты аддаюцца Богу. Гэта значыць, што мой спеў, мая стома і радасць належаць Яму. Адно, што варта было б запытаць, ці патрабуе Бог майго спеву, бо Ён жа Усемагутны і не шукае дапамогі ў чалавека? Канечне ж, не патрабуе, асабліва, калі большая палова з нас фальшывіць. Ды, зрэшты, мы ўвогуле, па праўдзе кажучы, нічога Яму не даем такога, чаго б Ён не меў. Справа ў тым, што Бог хоча ад нас толькі аднаго – каб наша сэрца было заўсёды з Ім. А гэта азначае, што калі мы молімся альбо спяваем на Божую хвалу, то аддаем Яму наш час, нашае нейкае намаганне, паказваем тым самым, што Пан Бог займае важнае месца ў нашым жыцці.

Не раз даводзілася мне чуць такія словы: «Не буду спяваць, бо гэтая песня мне не падабаецца». Вельмі хочацца тады запытаць, ці выпадкова той чалавек не памыліўся, бо, можа, хацеў трапіць на канцэрт? Спяваем Богу, таму што Ён годны праслаўлення, і хочам даць Яму тое, што можам, – наш час, цяжар нашай почасту нялёгкай дарогі. Гэта не азначае, што ў пілігрымцы не павінна быць радасці. Зразумела, што там ёсць і будуць вясёлыя хвіліны. Важна іншае – самому добра ўсведамляць, чаму я тут іду, што шукаю, ці сапраўды пілігрымка з’яўляецца маёй дарогай да Бога?

Я зусім не выпадкова ўзгадаў напачатку пра аўтабіяграфію святога Ігнацыя Лаёлы. Менавіта з гэтай кнігі я зразумеў, хто такі сапраўдны пілігрым. Святы Ігнацы быў іспанскім рыцарам, які змагаўся з французамі. У адным з баёў ён атрымаў цяжкое раненне ў нагу і павінен быў нейкі час прабыць у шпіталі. Менавіта тады Бог даў яму сапраўдную ласку навяртання. Ігнацы пастанавіў вырушыць у пілігрымку ў Святую Зямлю. Вельмі ўражвае тое, што найперш у гэтым выпадку прамовіў Пан Бог і, заўважце, не ў вельмі прыемнай сітуацыі. Гэты іспанскі рыцар губляў усё – славу і кар’еру, да якой яшчэ нядаўна так імкнуўся. Цяпер, пасля навяртання, Лаёла вырашае ісці ў Ерузалем. Падрыхтоўка Яго падарожжа мела асабліва пакутны характар, бо ён сам так пастанавіў. Выразна відаць, што сам Бог хацеў праз гэтую пілігрымку прывабіць Ігнацыя да Сябе. Менавіта таму адбылося столькі падзеяў: Лаёла пазбываецца сваёй маёмасці, пачынае жабраваць, штодзённа моліцца ажно па сем гадзінаў, не раз трапляе пад пагрозу смерці. Але цяжкія здарэнні толькі ўмацоўвалі святога ў пакліканні. Ён праз увесь час верыў, што Бог вядзе яго сваімі шляхамі і дае патрэбныя сілы, невыпадковых людзей, цудоўныя сітуацыі, якія ён імкнуўся зразумець з Божай перспектывы. Менавіта такой выглядала ўся пілігрымка. Чалавек, які паходзіў са шляхетнага роду, меў некалі вялікую маёмасць, кар’еру і мэту ў жыцці, раптам па ўласнай волі становіцца жабраком, каб вырушыць у пілігрымку ў Ерузалем, не маючы ніякай надзеі на свае сілы, але толькі на Божы Провід. Чаму? Бо верыў, што гэтага хоча Пан Бог, і ён, грэшны рыцар, настойліва ішоў да Яго. Нягледзячы на вялікае жаданне застацца ў Ерузалеме, Ігнацы мусіў вярнуцца ў Еўропу, дзе пачаў вучыцца, абвяшчаючы Божае Слова людзям з вуліцы і аддаючы апошняе бедным.

Чаму я пра ўсё гэта пішу ў артыкуле пра сучасных пілігрымаў? Проста хачу паказаць, чым для гэтага святога была пілігрымка. Запрашаю чытача таксама паспрабаваць убачыць свой уласны пілігрымскі шлях.

Перш за ўсё, важна памятаць, што ініцыятыва сыходзіць ад Бога. Гэта Ён уносіць змены ў нашае жыццё, каб мы маглі ўбачыць праўду пра сябе, змяняе яго часам праз вялікія цярпенні чалавека. Калі не памыляюся, святы Ігнацы да канца сваіх гадоў мучыўся з параненай нагой. Бог найперш даваў ласку веры, якая станавілася падмуркам ягонага жыцця. Вельмі часта чалавек можа нават не ўсведамляць, што глыбока ў ягонай душы ёсць вера, якая чакае свайго абуджэння. Гэта сапраўдны дар, які паходзіць з ініцыятывы Бога.

На другім месцы стаіць адказ чалавека на Божае запрашэнне, на Яго дар. У Лаёлы гэта была пілігрымка ў Святую Зямлю. Наколькі яна аказалася важнай для яго, мы можам здагадацца хаця б з таго, што на працягу ўсёй сваёй аўтабіяграфіі святы будзе называць сябе «пілігрымам», нават калі падарожжа ў Святую Зямлю ўжо скончыцца.

Адказ чалавека на Божае запрашэнне часта бывае зусім не лёгкім. Цяжка было б нам уявіць сябе ў вопратцы жабрака, які ўжо тыдзень нічога не еў. Навошта такая ахвяра? Думаю, што гэта – вельмі характэрны адказ чалавека, які толькі што навярнуўся і глядзіць не на сваю ахвяру, але на Таго, для каго ён яе робіць. Хочацца дадаць, што незалежна ад уласнай веры і розных шляхоў навяртання ніхто ўсё ж не павінен ісці ў пілігрымку, каб толькі прайсціся. Асабліва гэта тычыцца каталікоў. Веруючы чалавек заўсёды ідзе з нейкім намерам. Часам – гэта просьба, часам – пакута за ўласныя грахі альбо грахі іншых, можа быць, жаданне падзякі альбо праслаўлення Бога за Яго дабрадзействы. Цікава тое, што, нягледзячы на выпрабаванні, чалавек можа адчуваць вялікі супакой у сэрцы, таму што ўвесь цяжар дарогі ён прымае для Бога, каб яшчэ больш пазбавіцца ад таго, што грэшнае і зямное, а наблізіцца да Яго. Адзін мой брат у манаскім пакліканні некалі сказаў мне, што сапраўдную радасць сэрца ён бачыць у згодзе на ўласны крыж. Менавіта нечым такім ёсць і наша пілігрымка.

А цяпер колькі слоў пра наша далейшае жыццё пасля пілігрымкі. Калі я вяртаюся з пілігрымкі і працягваю жыць так, як жыў да яе, без ніякіх зменаў, то, можна сказаць, што пілігрымка нічога мне не дала. Тыя дні, якія мы ідзем у Будслаў, павінны стацца нашым чарговым крокам да Бога. А гэты крок павінен зрабіць магчымымі і наступныя, перадусім, у нашым штодзённым жыцці.

Пасля вяртання са Святой Зямлі Ігнацы Лаёла і надалей працягваў жабраваць, раздаючы апошняе бедным і абвяшчаючы Божае Слова паўсюль, нават сярод пераследу. Ці магчыма гэта было, калі б сам Бог не прыклаў тут сваёй рукі? Гэта Святы Дух узбуджае жаданне такой радыкальнай змены ў жыцці. Вакол Лаёлы збіраліся яго студэнты-паслядоўнікі, якія пачыналі жыць гэтак жа, як і святы Ігнацы. Да сённяшняга дня мы маем плён таго навяртання і пілігрымкі – больш за дваццаць дзве тысячы манахаў ордэна айцоў езуітаў. Менавіта яны з’яўляюцца духоўнымі сынамі святога іспанскага рыцара Ігнацыя Лаёлы. Але для таго, каб Бог зрабіў такія цуды, патрэбны быў той ягоны адказ, якім з‘яўлялася, між іншым, пілігрымка.

Ці наша з вамі пілігрымка павінна стаць гэткай жа незвычайнай гісторыяй? Можа й так, але найчасцей, як ведаем, усё выглядае значна прасцей. І вельмі добра. Гісторыя святога іспанскага пілігрыма ніколі больш не паўторыцца. Кожны з нас павінен знайсці сваё месца, даць свой адказ Богу і ўбачыць Яго дзеянні ў нашай пілігрымцы і ў нашым жыцці.

Святы Ігнацы пасля свайго навяртання хацеў стаць такім жа вялікім святым, як святы Дамінік альбо святы Францішак, але з часам ён зразумеў, што гэта немагчыма, таму што Бог прадвызначыў для яго зусім іншыя планы. Планы гэтыя Ігнацы зразумеў таму, што ў найбольш крытычных сітуацыях заўсёды з даверам звяртаўся да свайго Збаўцы: «Дапамажы мне, Пане, бо не бачу ніякіх лекаў ні ў людзей, ні ў іншых стварэнняў. Калі б я лічыў, што змагу іх знайсці, ніякі цяжар не быў бы для мяне вялікі. Пакажы, Пане, дзе я мог бы знайсці гэтыя лекі! Калі б мне трэба было бегчы за шчанём, каб ад яго атрымаць дапамогу, я зрабіў бы гэта».

Такому даверу да Бога нам трэба ўсім вучыцца. І вельмі добры час для гэтай вучобы – пілігрымка, якую за апошнія гады мы так палюбілі і ад якой можам многае ўзяць, калі толькі самі будзем вартыя гэтых дароў, як і самога звання пілігрыма.

Брат Аляксандр Жарнасек МІС.