Пачатак

18. Марыя несла кулю

Пан Баролі быў шчаслівы. Папа Рымскі гэтак блізка праязджаў падчас аўдыенцыі 13 мая 1981 г. ад іх, што яму нават удалося падаць Святому Айцу сваю дачку. Маленькая Сара моцна й радасна здзівілася, калі Папа ўзняў яе над сабой. Потым ён прытуліў дзіця і праз момант аддаў яго бацьку. І літаральна праз секунду пасля гэтага раздаліся стрэлы — Папа асунуўся на зямлю. Узнялася мітусня. На пляцы святога Пятра гучалі перапалоханыя людскія крыкі. Машына Святога Айца хутка, як толькі гэта было магчыма, панеслася ў клініку Джэмэллі.

— Маці Божая! – з вялікім болем паўтараў Папа. У шпіталі ён страціў прытомнасць. Аперацыя працягвалася больш за пяць гадзін. Дактары пазней сцвердзілі, што куля ўдарылася аб указальны палец Святога Айца і мінімальна змяніла кірунак. Яна прайшла за 4 міліметры ад артэрыі (калі гэтая артэрыя пашкоджаная, паранены не мае шанцаў на выратаванне), зачапіла яшчэ некалькі важных органаў і выйшла з цела, не пашкодзіўшы ніводнага нерва. Дзякуючы гэтаму Святы Айцец не быў спаралізаваны. Кулю пазней знайшлі ў машыне, а праз нейкі час яе змясцілі ў кароне фігуры Маці Божай у Фаціме. Святы Айцец перадаў яе ў Фаціму разам з акрываўленым пасам, якім у дзень замаху была падперазана ягоная сутана.

19. Цуды пры замаху

Алі Агца, які зрабіў замах, не мог зразумець, чаму яму не ўдалося забіць Святога Айца. Ён быў вельмі падрыхтаваны снайпер, меў надзейны дзевяцістрэлавы пісталет, а яму ўдалося стрэліць з яго толькі два разы. Рыхтуючыся страляць, Агца стаяў за спінаю законніцы. Калі Папа пад’ехаў, Агца выйшаў наперад і стаў перад сястрою. Усхваляваная сястра не заўважыла ў ягоных руках пісталет, а калі пачула два стрэлы, пачала крычаць: «Гэта ён, гэта ён!». Злачынца, уцякаючы, паспрабаваў стрэліць яшчэ і па паліцэйскім, але няўдала – не выскачыла гільза. З тае прычыны ён не змог трэці раз стрэліць у Святога Айца. Бельгійскі вытворца зброі, якой карыстаўся Алі Агца, сказаў, што такое здараецца раз на мільён стрэлаў.

Дзіўныя здарэнні адбыліся падчас замаху на Святога Айца. Першая куля, хоць была вельмі небяспечная, не забіла Папу. Другая прабіла яму плячо, трапіла ў руку маладой жанчыны з Ямайкі і затрымалася ў грудной клетцы амерыканкі Анны Одрэ. Пані Анна нарадзілася ў Вадавіцах дакладна ў той самы год і дзень, што і Караль Вайтыла. Адразу пасля выхаду са шпіталю Святы Айцец спаткаўся з ёю.

20. Сустрэча з маці злачынцы

Маці злачынцы Агцы вельмі хацела сустрэцца з Папам, які 13 мая 1981 года мог стаць ахвяраю яе сына. Гэтая сустрэча адбылася амаль праз шэсць гадоў пасля замаху, у лютым 1987 года. Як толькі маці пераступіла парог папскіх апартаментаў, адразу пакланілася да самай зямлі. Ішла да Папы, трымаючы руку на сэрцы, а па яе твары цяклі слёзы. Падышла да яго, зноў моўчкі нізка пакланілася і пацалавала яму руку. Яе жэсты і словы казалі пра вялікі боль, які перажывала гэтая немаладая кабета.

— Шкада, што перакладчык вельмі коратка перадаў тое, што яна, плачучы, доўга казала Святому Айцу, — успамінае папскі фатограф.

Святы Айцец абдымаў заплаканую кабету, гладзіў яе па галаве і ціха, але пераканана паўтараў ёй, што ён прабачыў яе сыну і моліцца за яго. Бачна было, што гэтай жанчыне былі так патрэбныя гэтыя словы аб прабачэнні, нібы ад іх залежала ўсё яе жыццё. Прысутныя назаўсёды запамяталі словы Святога Айца аб прабачэнні і малітве за чалавека, які хацеў яго забіць.

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек